Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваля пратэстаў у Інданэзіі – супраць конкурсу прыгажосьці "Міс Сусьвет"


Юры Дракахруст, Прага У наступны аўторак у сталіцы Тайлянду Бангкоку пачнецца штогадовы конкурс прыгажосьці “Міс Сусьвет – 2005”. У ім возьмуць удзел дзяўчыны з больш чым 80 краінаў, у першыню за апошнія 9 гадоў у конкурсе будзе удзельнічаць прадстаўніца Інданэзіі. Яе удзел у спаборніцтве выклікаў хвалю пратэстаў у яе краіне з боку ісламскіх арганізацыяў.

Артыцы Сары Дэві 25 гадоў, яна выпускніца унівэрсытэту ў Джакарце, летась яна перамагла ў спаборніцтве “Міс Інданэзія”. Аднак у конкурсе “Місс Сусьвет” ёй давядзецца змагацца ня толькі з канкурэнцыяй з боку прыгажуняў зь іншых краінаў сьвету.

(Дэві: ) "Ёсьць адна рэч, якая мяне крыху хвалюе – гэта канкурэнцыя, хаця ў мяне шмат сяброў, якія мяне падтрымліваюць і дасылаюць мне SMS-кі. І існуе іншая праблема: у Джакарце працягваюцца спрэчкі. Абмяркоўваецца, што гаворыць Каран пра гэта. Газэты працягваюць абмяркоўваць “праблему купальніка” ў сувязі з удзелам “Міс Інданэзія” у конкурсе “Міс Сусьвет”.

Паводле умоваў конкурсу, дзяўчыны павінны выходзіць на подыюм у адкрытых купальніках. Прадстаўніца моладзевага жаночага крыла найбуйнейшай ісламскай арганізацыі Інданэзіі заявіла, што прыйшла ў жах, даведаўшыся, ў якім выглядзе яе суайчыніцы давядзецца выступаць у Бангкоку. Іншыя рэлігійныя дзеячы наагул патрабуюць, каб Інданэзія адмовілася ад удзелу ў міжнародных конкурсах прыгажосьці, называючы іх “парнаграфіяй”. Гаворыць інданэзійская журналістка Тэрціяні Сіман’юнтак.

(Сіманьюнтак: ) "Большасьць крытыкаў – прадстаўнікі мусульманскіх арганізацыяў. Яны супраць удзелу нашай краіны ў спаборніцтве “Міс Сусьвет”, бо на іх думку гэта зьневажае культуру, жанчыну гэтак жа, як і зьневажае іслам. Прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў пікетавалі офіс кампаніі, якая аплачвае паездку Артыцы Сары Дэві ў Бангкок. Яны асуджаюць урад за тое, што ён дазволіў інданэзійцы ехаць на конкурс ў Тайлянд".

Інданэзія ў гэтым сэнсе ня ёсьць выключэньнем. Тры гады таму пляны правесьці конкурс “Міс Сусьвет” у Нігерыі выклікалі забурэньні, якія прывялі да чалавечых ахвяраў. Спаборніцтва давялося перавесьці ў Лёндан. А два гады таму аўганцы, якая ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе прыгажосьці, суд вынес сьмяротны вырак у выпадку яе вяртаньня на радзіму.

Апошні раз грамадзянка Інданэзіі брала удзел у такім конкурсе ў 1996 годзе. Тады гэта таксама выклікала хвалю абурэньня ў краіне і прэзыдэнт Сухарта тады забараніў удзел інданэзіек у такіх спаборніцтвах. Але цяперашні урад адмяніў гэтую забарону.

Чаму удзел мусульманак у конкурсах прыгажосьці выклікае такую моцную рэакцыю? Гаворыць Фарыд Эль Шайял, выкладчык цэнтру ісламскіх дасьледваньняў у Лёндане.

(Шайял: ) "Гэтыя конкурсы маюць на мэце дэманстрацыю жаночай прыгажосьці. На большасьці зь іх, калі не на ўсіх, патрабуецца, каб дзяўчыны выступалі ў купальніках ці зь мінімумам адзеньня. Аднак Каран гаворыць, што належнае адзеньне – гэта тое, што адрозьнівае чалавека ад іншых істотаў. Калі людзі вырашаюць публічна адкінуць гэта, яны цалкам адкідаюць іслам".

Аднак нягледзячы на крытыку, Арціка Сары Дэві ня мае намеру адмовіцца ад спаборніцтва. Апроч таго, яна гаворыць:

(Дэві: ) "У конкурсе ў Бангкоку будуць яшчэ дзьве удзельніцы-мусульманкі, адна зь Нямеччыны і адна з Турэччыны. Яны будуць выступаць у бікіні, а я – не. Я надзену закрыты купальнік".

Паводле Арцікі Сары Дэві пераможа яна ці не, але ў любым выпадку яе удзел у конкурсе стане добрай рэклямай Інданэзіі, прыцягне да краіны турыстаў.
XS
SM
MD
LG