Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША прагаласаваў за клянаваньне клетак чалавечых эмбрыёнаў


Кастусь Бандарук, Прага Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за павялічэньне дзяржаўных датацыяў на дасьледаваньні ў галіне камлёвых клетак з чалавечых эмбрыёнаў. Законапраект павінен яшчэ ўхваліць Сэнат, аднак прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што ён накладзе вэта на законапраект.

Насуперак цьверджаньню некаторых навукоўцаў аб тым, што тэрапэўтычнае клянаваньне дазволіць пасьпяхова лячыць шэраг дагэтуль невылечных хваробаў, Буш лічыць, што дасьледаваньні над чалавечымі эмбрыёнамі нясуць пагрозу чалавечаму жыцьцю.

Падставай для гэтага супрацьстаяньня стала найноўшае дасягненьне паўдзённакарэйскіх вучоных...

Карэйскія вучоныя з Нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Сэўле на чале з Ву Сук Гвангам і Шын Ёнг Мунам скарысталі такі самы мэтад, дзякуючы якому нарадзілася першая ў сьвеце склянаваная авечка Долі. Яны ўзялі генэтычны матэрыял ад 11 хворых, сярод іх шасьцігадовая дзяўчынка хворая на дыябэт і двухгадовы хлопчык з рэдкай анамаліяй імуннай сыстэмы.

Матэрыял ад хворых прышчапілі ў яйцаклеткі 18 маладых жанчын-дабраахвотніц ва ўзросьце ад 20 да 30 гадоў. Са 185 клетак вучоныя вывялі ажно 11 лініяў камлёвых клетак. Для параўнаньня, год таму карэйскім вучоным удалося вывесьці ўсяго адну камлёвую клетку з больш як 200 яйцаклетак. Гэта значыць, што ўдалося павялічыць эфэктыўнасьць клянаваньня ў больш як дзесятак разоў. Што важна, гэтыя клеткі дакладна адпавядаюць пацыенту, паколькі гэта ягоны ўласны генэтычны матэрыял, і арганізм ў ніякім разе іх не адкіне.

“Гэта неверагодны прагрэс”, – лічыць Пол Бэрг з Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі і гарачы прыхільнік тэрапэўтычянага клянаваньня.

У чым практычны сэнс экспэрымэнту карэйскіх вучоных? Спэцыялісты лічаць, што гэта адно з галоўных спадзяваньняў сучаснай мэдыцыны.

З дапамогай камлёвых клетак атрыманых з чалавечых эмбрыёнаў можна будзе лячыць сэрца пасьля інфаркту, прымусіць хворую падстраўнікавую залозу ізноў вырабляць інсулін, лячыць мозг людзей хворых на хваробы Паркінсана і Альцгаймера, або паставіць на ногі паралізаваных у выніку нейкага няшчаснага здарэньня.

Камлёвыя клеткі, узятыя з эмбрыёну, тэарэтычна здольныя ўсё гэта рабіць.

Справа ў тым, каб навучыцца імі кіраваць гэткім чынам, каб тыя ператвараліся ў тканкі патрэбных органаў. На цяперашнім этапе ведаў прышчапіць іх пацыенту небясьпечна, бо яны маглі б ператварыцца, напрыклад, у ракавыя клеткі. Таму, пакуль пра лячэньне ня можа быць і гаворкі, а клеткавыя лініі ляжаць ў лябараторыі і чакаюць на свой дзень.

Дасягненьне карэйскіх вучоных паказвае, што сама ідэя тэрапэўтычнага клянаваньняч – рэальная. Справай зацікавіўся сам Ян Вільмут, стваральнік склянаванай авечкі Долі. Ён зьезьдзіў ў Сэул, каб дакладна азнаёміцца з тэхнікай карэйскіх вучоных.

Дасьледаваньням карэйцаў пільна прыглядаюцца амэрыканцы, якія ў адпаведнасьці з рашэньнем прэзыдэнта Буша з 2001 году, ня могуць працаваць над камлёвымі клеткамі за фэдэральныя грошы.

Затое карэйскі ўрад выдаткоўвае на гэтыя дасьледаваньні два мільярды даляраў ў год.

З другога боку, ідэя тэрапэўтычнага клянаваньня не падабаецца ня толькі прэзыдэнту Бушу, але і многім амэрыканскім спэцыялістам. “Экспэрымэнт карэйцаў – маральна падазроны. Ён аблягчыць стварэньне клянаваных дзяцей” – перасьцярог старшыня Камісіі ў справах этыкі пры прэзыдэнце ЗША Леон Кас.

Аднак усё болей амэрыканскіх палітыкаў пачынаюць разумець, што ў выніку цяперашняга заканадаўства, навукоўцы зь іншых краін апярэдзяць амэрыканскіх калегаў, а патэнты на лячэньне новым мэтадам, і адпаведна вялізныя прыбыткі, будуць атрымліваць тыя ж карэйцы. У выніку, як мяркуюць адмыслоўцы, адміністрацыя ЗША пойдзе на саступкі, вылучыць сродкі на тэрапэўтычнае клянаваньне, але не пагодзіцца на клянаваньне рэпрадкутыўнае.
XS
SM
MD
LG