Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта будзе пампавацца на Захад у абыход Расеі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У Азэрбайджане адбылася сёньня ўрачыстая цырымонія адкрыцьця трубаправоду Баку-Тбілісі-Джэйхан, праз які Касьпійская нафта будзе пампавацца на Захад у абыход Расеі. Кошт будоўлі склаў 4 мільярды даляры.

У часе цырымоніі, што адбылася на нафтавым тэрмінале Сангакал недалёка ад Баку прэзыдэнты Азэрбайджану, Турэччыны, Грузіі і Казахстану ў адзін голас казалі пра надзвычайную важнасьць нафтаправоду, агульная працягласьць якога складае 1760 кілямэтраў.

Будаўніцтва трубаправоду, які злучыць Баку з турэцкім портам Джэйхан праз грузінскую сталіцу Тбілісі, пачалося ў 2001 годзе і каштавала каля чатырох мільярдаў даляраў – гэтыя грошы выдаткаваў канцэрн “British Petroleum” пры падтрымцы ЗША. У наступным годзе будзе да нафтаправоду будзе далучаны і газаправод.

Айцамі гэтага праекту лічацца былыя прэзыдэнты Азэрбайджану і Грузіі – Гейдар Аліеў і Эдуард Шэварднадзэ.

Цяперашні прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што будаўніцтва трубаправоду мае вялікае значэньне для ягонай краіны, якая дагэтуль была амаль цалкам залежная ад расейскіх энэрганосьбітаў.

(Саакашвілі: ) “Гэта вельмі важны праект для Грузіі. Калі будзе падключаная і газавая труба, пытаньне энэргетычнай незалежнасьці Грузіі будзе ўрэшце вырашанае. Грузія ўжо ня будзе залежаць выключна ад аднаго пастаўшчыка. Гэта самая лепшая гарантыя нашай энэргетычнай бясьпекі”.

У сераду турэцкі прэзыдэнт Ахмэт Сэзэр заявіў аб сваёй упэўненасьці ў тым, што новы трубаправод прынясе стабільнасьць і эканамічную карысьць краінам Паўднёвага Каўказу.

(Сэзэр: ) “Новы трубаправод гэта найбольш істотны элемэнт энэргетычнага калідора Усход-Захад. Яго можна назваць шоўкавым шляхам ХХІ стагодзьдзя. Ён адыграе рашучую ролю ў стабілізацыі і эканамічным разьвіцьці ўсяго рэгіёну”

Першая нафта праз трубаправод Баку-Тбілісі-Джэйхан дасягне Турэччыны ў верасьні, а на поўную моц – мільён барэляў нафты ў дзень – нафтаправод пачне працаваць толькі ў 2009-м годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG