Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод ахвяраў гандлю людзьмі ў Аўстрыі беларускі – у першай тройцы


Алена Струвэ, Менск Разам з румынкамі і баўгаркамі маладыя беларускі займаюць вядучую пазыцыю ў сьпісе ахвяраў жаночага гандлю ў Аўстрыі. Гэтую інфармацыю агучыў сёньня ў Вене адказны супрацоўнік аўстрыйскай фэдэральнай паліцыі Герхард Джошт.

Спасылаючыся на паліцэйскія матэрыялы трох апошніх гадоў супрацоўнік аўстрыйскай крымінальнай паліцы Герхард Джошт паведаміў, што большасьць усходнеэўрапейскіх жанчын, якія едуць у Аўстрыю з надзеяй папрацаваць кельнэршамі, танцоркамі альбо нянькамі, сустракаюць на месцы самае брутальнае абыходжаньне з боку гэтак званых працадаўцаў.

Паводле паказаньняў адной беларускай жанчыны, яна і яе сяброўкі былі вымушаныя плаціць працадаўцам па 2 тысячы эўра за візу, па 5 тысячаў – за транспартныя разьлікі дый немалыя грошы за пражываньне. У выніку сума даходзіла да 15-ці і нават 20-ці тысячаў эўра.

Летась крымінальнае ведамства краіны зарэгістравала каля 300 ахвяраў жаночага гандлю. Беларусак сярод іх налічвалася каля 50. Што да далейшага лёсу гэтых жанчынаў, то яго прадстаўнікі крымінальнага ведамства, як правіла, не агучваюць.

Як патлумачыла Радыё Свабода прадстаўніца венскай грамадзкай арганізацыі "Дапамога ахвярам жаночага гандлю" спадарыня Хрыстава, многія ахвяры ня хочуць “сьвяціцца”. Калі браць беларусак, то яны ўвогуле надзвычай рэдка зьвяртаюцца па дапамогу ў арганізацыі, што аказваюць псыхалягічную, сацыяльную і іншыя віды падтрымкі.

(Хрыстава: ) "Калі жанчына прызнае сабе ахвярай, толькі тады мы зь ёй кантактуем. Пасьля падобных заяваў адказных паліцыянтаў мы звычайна звонім у паліцыю. Дзіўна, але нам кажуць, што сярод ахвяраў, хутчэй за ўсё, няма тых, якіх бы прымусілі да заняткаў прастытуцыяй. Калі такія знойдуцца, то нам паведамяць. Нават пасьля скандальнага выпадку зь беларускамі, якія былі вымушаныя працаваць у бардэлях Лінца – размова ішла прыкладна пра 150 жанчын – да нас так ніхто і не зьвярнуўся. Відаць, у жанчын ёсьць свае меркаваньні адносна таго, сьвяціцца ім ці не. Звычайна яны вырашаюць супрацоўнічаць выключна з паліцыяй. У гэтым выпадку яны затрымліваюцца ў краіне. Калі яны гатовыя штосьці сказаць, то яны ідуць на супрацоўніцтва з паліцыянтамі, зь імі вядуцца перамовы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG