Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі вакол нас значна болей уплываюць на нашае здароўе, чым мы думаем


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”.

Самыя блізкія людзі ўплываюць на кожны аспэкт нашага здароўя, а наш уласны стан закранае кожнага зь іх, – да такое высновы ўсё часьцей прыходзяць лекары. Часопіс Newsweek ў сваім апошнім нумары друкуе артыкул, у якім падагульняюцца апошнія дадзеныя амэрыканскай і ангельскай мэдыцыны што да залежнасьці здароўя чалавека ад навакольных, найперш блізкіх людзей.

Дагэтуль людзі часта думалі пра добры стан здароўя як пра ўдачу ці блаславеньне нябёсаў, а пра хваробу – як іх пракляцьце. Насамрэч, – гаворыць доктар Робэрт Фэрэр з унівэрсытэцкага Цэнтру здароўя Тэхасу, – гэта міт. Людзі настолькі моцна закаранёныя ў сям’і і грамадзтве, што і іх здароўе амаль цалкам залежыць ад грамадзтва і сям’і.

Вядома, не апошнюю ролю адыгрываюць генэтычныя сувязі. Калі, скажам, адзін з членаў сям’і захварэў на рак, дык і ў іншых рызыка падвышаецца. Калі ж анкалягічная хвароба спасьцігла дваіх сваякоў, рызыка астатніх робіцца яшчэ большая. Але мэдыкі сёньня сьцьвярджаюць, што сямейная гісторыя запісаная ня толькі ў ДНК. Такая празаічная рэч, як даход сям’і – ня меней уплывае на задроўе сямейнікаў, чым іх гены. Прычым гэты эфэкт мала зьвязаны з уласна грашыма, – кажа доктар Майкл Мармот зь Вялікай Брытаніі, – а болей са статусам чалавека. Доктар Мармонт нават назваў гэтую заканамернасьць “сындромам статусу”. Паводле яго, большае багацьце азначае болей аўтаноміі, менш напружаньня і болей магчымасьцяў сацыяльнага кантакту.

Ніхто пакуль дакладна ня можа сказаць, як узровень дабрабыту зьвязаны з больш нізкімі паказьнікамі СНІДу, атлусьценьня і сардэчных хваробаў, але гэта даказаны факт, і адрозьненьні ў лічбах маюць драматычны характар. Напрыклад, сярэдняя працягласьць жыцьця жыхароў заможнага прыгараду графства Мангомэры на 20 гадоў большая за працягласьць жыцьця жыхароў цэнтру Вашынгтону. Нядаўна было закончана дасьледаваньне, якое даказала, што выхаваныя ў бедных сем’ях людзі ў сталым веку значна болей падатлівыя да інфэкцыйных хваробаў нават тады, калі матэрыяльныя абставіны іх жыцьця паляпшаюцца.

Шмат якія дасьледаваньні сьведчаць, што калі людзі жывуць пад адным дахам, яны часта маюць аднолькавыя праблемы са здароўем. Прычым гэта адбываецца нават тады, калі людзі не зьяўляюцца генэтычнымі сваякамі. Дасьледчыкі Натымгенскага ўнівэрсытэту прааналізавалі стан здароўя 8 тысяч 400 жанатых пар і знайшлі наступную заканамернасьць. Калі адзін з сужэнцаў захварэе на астму, дэпрэсію, язву або гіпэртанію, верагоднасьць таго, што і яго партнэр захварэе на тыя ж самыя хваробы складае 70 працэнтаў.

Лекары таксама на падставе мэдычнай статыстыкі робяць выснову, што мы болей схільныя да хваробаў і сьмерці, калі адзін з нашых сваякоў трапіў у бяду. Калі адзін з сужэнцаў памірае, верагоднасьць сьмерці ў наступныя 12 месяцаў і другога сужэнца павялічваецца ў два разы.

Вялікае значэньня для здароўя маюць сямейныя крызысы. Дзяўчынкі, якія перажылі ў дзяцінстве сьмерць аднаго з бацькоў або іх развод, у дарослым узросьце больш схільныя да дэпрэсіяў і розных хваробаў.

Сямейныя сувязі і іх уплыў на здароўе настолькі моцныя, што ў заходніх краінах ужо пачалі распрацоўваць захады і праграмы, накіраваныя на мінімізацыю шкодных вынікаў ад хваробаў сваякоў. У некаторыя шпіталях завялі спэцыяльныя службы, якія дбаюць аб псыхалягічным і фізычным стане сваякоў цяжка хворага ці памерлага чалавека. Сярод рэкамэндацыяў сямейных лекароў зьявілася і такая: бацькі павінны прыкладаць для свайго здароўя такія ж высілкі, якія яны прыкладаюць для здароўя сваіх дзяцей, калі тыя хварэюць. У канечным выніку ад здароўя бацькоў будзе вялікая карысьць і іх дзецям.

***

Гаворыць Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1.

Ежце садавіну і будзеце лёгка дыхаць – прыблізна так можна сфармуляваць уплыў сьвежай садавіны на задароўе лёгкіх. Новае дасьледаваньне паказала, што некалькі яблыкаў у тыдзень могуць зьменшыць рызыку астмы і палепшыць функцыю лёгкіх. Яблыкі ўтрымліваюць шмат вельмі карысных для здароўя хімікаліяў, у тым ліку квэрцэтын, які можа быць адказны здароўе нашых лёгкіх. RealAge нагадвае, што атрыманьне правільнай колькасьці антыаксыдантаў празь ежу і харчовыя дадаткі можа зрабімць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2.

Вельмі карысная для здароўя ўся садавіна, а ня толькі яблыкі. Прысутнасьць рознай садавіны ў дыеце можа дапамагчы вам трымаць сваю вагу пад кантролем. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі, якія апошнія 6 гадоў спажывалі шмат садавіны, менш схільныя да празьмернай вагі ў параўнаньні з тымі, хто садавіну ня есьць або есьць мала. Трымайце заўсёды пад рукой яблыкі, апэльсіны, сьлівы і грушы. Калі вы будзеце чатыры разы на дзень есьці садавіну, ваш рэальны біялягічны ўзрост зьменшыцца на 4 гады.

3.

Абараніце свой стрававод ад хваробаў дастатковай колькасьцю цынка. Кітайскія навукоўцы нядаўна знайшлі, што больш высокія ўзроўні цынку ў тканках чалавека адпавядалі больш нізкай рызыцы захварэць на рак стрававода. Большасьць людзей у разьвітых краінах атрымваюць нармальную колькасьць цынку са звычайным харчаваньнем, але калі ў вашым рацыёне не хапае мяса, гарэхаў, бабоў і атруб’я, вам трэба пашукаць у аптэцы мультывітаміны зь мінэраламі. Разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на карысныя рэчывы, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
XS
SM
MD
LG