Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышэньне цэнаў на бэнзін для аптавікоў адкладзена


Галіна Абакунчык, Менск Падвышэньне цэнаў на бэнзін і дызэльнае паліва для аптовых пакупнікоў адкладзенае на 1 чэрвеня. У канцэрне “Белнафтахім” гэта тлумачаць просьбай прадпрыемстваў сельскагаспадарчай вытворчасьці, якія праз дрэннае надвор''е не завяршылі пасяўной кампаніі.

Аднак фізычных асобаў адтэрміноўка ня тычыцца, і асобныя аўтаўладальнікі набываюць бэнзін па павышаных цэнах ад 12 траўня.

Каб даведацца, як аўтаўладальнікі ставяцца да чарговага падвышэньня тарыфаў на бэнзін і што думаюць пра розьніцу ў цане, я наведалася на адну зь менскіх аўтазаправак. І вось што адказвалі кіроўцы, якія запраўлялі свае аўтамабілі.

(Кіроўца: ) “Трэба было для ўсіх падымаць, калі падымаць. А то адны езьдзяць так, а іншыя гэтак. У мяне, да прыкладу, няма магчымасьці оптам набываць. Я набываю па 10-20 літраў. Кепска гэта”.

(Кіроўца: ) “Людзі хочуць зарабіць грошы ўсімі сродкамі. Бэнзін і яго падаражаньне – гэта даход, але не для нас, вадзіцеляў. Усё зразумела, каму гэтыя грошы ідуць”.

(Кіроўца: ) “Здаецца, што гэта ўжо простая й звычайная для нас справа, што ўсё кампэнсуецца за кошт грамадзянаў. Гэткім чынам дзяржава кампэнсуе свае выдаткі, а можа, гэткім чынам здабывае яшчэ і прыбыткі”.

(Кіроўца: ) “Тое, што калгасам палёгка – гэта добра, бо яны ўсе ўжо на каленях. Але калі моцнае прадпрыемства, то чаму я павінен плаціць, а яны не? Крыўдна, канечне, бо гэта б''е па кішэні аўтааматараў. Ня ведаю, што ўрад думае, але так не павінна быць”.

(Кіроўца: ) “Гэта гаворыць пра тое, што ў нестабільны час мы жывем”.

(Карэспандэнтка: ) “Нагадаю, што для асобных карыстальнікаў цэны на бэнзін вырасьлі ў сярэднім на 3% і цяпер адзін літар А-95 каштуе 1600 рублёў, А-92 – 1400, А-76 і дызпаліва – 1120. Гэта даражэй, чым раней, прыкладна на 200 рублёў. Ці істотнае значэньне для прадпрыемстваў сельскагаспадарчай вытворчасьці будзе мець адтэрміноўка гэтага падвышэньня і ці паўплывае яна на паляпшэньне становішча вяскоўцаў? Гэтае пытаньне я задала колішняму кіраўніку прафсаюзу аграпрамысловага комплексу, лідэру незалежнага прафсаюзу Аляксандру Ярашуку.

(Ярашук: ) “Вядома ж, нейкая палёгка ёсьць, безумоўна, але ж гэта не вырашае праблемаў сельскай гаспадаркі. Нічога ж істотна не памянялася, і гаспадар у вёсцы так і не зьявіўся. Ну і, вядома ж, падзяляць людзей, суб''екты і аб''екты гаспадараньня, якія штодня выкарыстоўваюць паліва, а сярод іх і тыя ж вяскоўцы, наўрад ці гэта справядліва і адпавядае эканамічнай і сацыяльнай палітыцы”.

Нагадаю, што на 2,5-3 % бэнзін і дызэльнае паліва падаражэлі для асобных спажыўцоў з 12 траўня, а з 1 чэрвеня гэткае ж падвышэньне чакаецца на аптовыя закупы паліва для прадпрыемстваў і арганізацыяў, у тым ліку сельскагаспадарчай вытворчасьці. Папярэдняе падвышэньне паліва ў краіне адбылося 21 сакавіка сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG