Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніцу музэю звальняюць за грамадзкую дзейнасьць


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскім краязнаўчым музэі пачалі пазбаўляцца ад супрацоўнікаў, якія судзяцца з гарвыканкамам. Дырэктар Гомельскага абласнога краязнаўчага музэю Аляксандар Алейнік падпісаў загад на звальненьне актывісткі сацыяльнага руху “Разам!”, супрацоўніцы музэю Марыі Багдановіч. Сваё звальненьне актывістка лічыць палітычна матываваным.

Марыя Багдановіч працуе ў музэі апошні тыдзень. Паводле загаду, з 25 траўня яна афіцыйна стане беспрацоўнай. Прычыну звальненьня намесьнік дырэктар краязнаўчага музэя Алег Ражкоў патлумачыў так:

(Ражкоў: ) “Яна не дакладна выконвала ўказаньні, якія даваліся. Яна была захоплена грамадзкай працаю. У яе склалася такая практыка — займацца ў рабочы час грамадзкай працаю. І пакуль яна не затармазіла ў гэтым пляне, пасьпела атрымаць некалькі спагнаньняў”.

Сама Марыя Багдановіч лічыць сваё звальненьне палітычна матываваным:

(Багдановіч: ) “Тут відавочныя палітычныя матывы звальненьня. Наймальнік не хаваў гэтага. Калі я прыйшла да дырэктара музэю ў кабінэт, ужо ведаючы, што будзе канчатковы загад, то першае ў яго было пытаньне: “Ці не адмовіцеся вы ад сваёй дзейнасьці?” Я адказала: “Не!” Я не лічу сябе вінаватай. Я супраць таго, каб пагаджацца з уладамі, таму што сёньня ад мяне наймальнік патрабуе пагадненьня, а заўтра выклічуць у гарвыканкам і скажуць: пагаджайцеся, а то нідзе ня знойдзеце працы”.

Паводле суразмоўцы, прэтэнзіі да яе пачаліся летась пасьля афіцыйнай дэманстрацыі з нагоды кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады група гараджанаў, у тым ліку і спадарыня Багдановіч, выйшлі на дэманстрацыю зь лёзунгам “Далоў самаўладзьдзе!”, пра гэта распавяла “Народная Воля”.

У дзень выхаду газэты ў музэй патэлефанавала намесьніца начальніка ўпраўленьня культуры Лілія Буланава.

(Багдановіч: ) “Яна мне нагадала, што я працую ў дзяржаўнай установе, дзе існуе дзяржаўная ідэалёгія. Гэта было афіцыйнае папярэджаньне. Відаць, тады яшчэ ня ставілася мэта звольніць, а ставілася толькі мэта запалохаць”, — лічыць спадарыня Багдановіч.

Сёлета Марыя Багдановіч разам з дэпутатам гарсавету Юрасём Глушаковым, таксама супрацоўнікам музэю, замаўляла мітынг супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, платнай мэдыцыны і прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў унівэрсытэтаў у чарнобыльскія раёны.

Калі гарвыканкам дазволіў, а пасьля забараніў мітынг, спадарыня Багдановіч з аднадумцамі стала дамагацца ў судах адмены забароны. Акурат у гэты самы час дырэкцыя музэю і стала выносіць Марыі Багдановіч і дэпутату Глушакову заўвагі ды вымовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG