Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка — ураду: “Час ужо і на людзей паглядзець”<b/>


Валер Каліноўскі, Менск “П’яніца на п’яніцы сядзіць і п’яніцам паганяе”, — так акрэсьліў Аляксандар Лукашэнка працу жыльлёва-камунальных службаў Беларусі на ўрадавай нарадзе. Ён прызнаў факты безгаспадарчасьці ды іншыя недахопы ў галіне ды заявіў, што гэтыя праблемы атрымалі палітычнае гучаньне. Аднак пэрсанальна ніхто ня быў пакараны: Лукашэнка абмежаваўся пагрозамі на адрас ураду і вэртыкалі.

Аляксандар Лукашэнка не задаволены жыльлёва-камунальнымі службамі з прычыны вялікай колькасьці скаргаў ад грамадзянаў на нізкую якасьць іх працы, бюракратызм і грубасьць чыноўнікаў, завышэньне камунальных плацяжоў. Усё гэта, паводле А.Лукашэнкі, выклікае надзвычай нэгатыўную рэакцыю насельніцтва, што ў сваю чаргу мае палітычнае гучаньне. Аляксандар Лукашэнка ў сувязі з гэтым адрэгаваў на сытуацыю з пачаткам прафіляктычнага адключэньня гарачай вады ў Менску:

(Лукашэнка: ) “Вы паглядзіце на вуліцу. Тры-чатыры градусы цяпла ноччу, удзень ледзьве да дзесяці дацягвае. Людзі занятыя на дачных участках, ім трэба проста вярнуцца з гэтых участкаў і нармальны душ прыняць. Няўжо так гарыць, што мы ня можам пачакаць тыдзень-другі? Няўжо жывяце толькі ва ўласных чыноўніцкіх кабінэтах?”

Асаблівую ўвагу А.Лукашэнка надаў праблеме коштаў на камунальныя паслугі і, у прыватнасьці, на празьмерна высокую плату за цяпло і гарачую ваду. Паводле Лукашэнкі, мясцовыя ўлады знайшлі “абхадныя” спосабы павелічэньня камунальных плацяжоў пры захаваньні ранейшых тарыфаў. Жыльлёва-камунальнай і энэргетычнай галінам ня выгадныя парадак і празрыстасьць, зазначыў А.Лукашэнка. Безгаспарадчасьць кампэнсуецца насельніцтвам і бюджэтнымі датацыямі, якія штогод складаюць каля 400 мільярдаў рублёў.

Сябра Сойму Партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая назвала гэтыя заявы А.Лукашэнкі “паказухай”, спробай падтрымаць імідж пасьля непапулярнага рашэньня аб перайменаваньні цэнтральных праспэктаў і вуліц Менску. На рэальную ж сытуацыю ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы гэтыя заявы асабліва не паўплываюць, росту плацяжоў ня спыняць, перакананая спадарыня Сьвяцкая.

(Сьвяцкая: ) “Тое ж, што цяпер спрабуе зрабіць спадар Лукашэнка, гэта, як кажуць, карцінка для масавага спажыўца, каб чарговы раз паказаць, што ён клапоціцца пра народ, пра ўсё тое, што хвалюе гэты бедны, даведзены ўжо да галечы народ. Бо кошт камунальных плацяжоў павялічваецца, цэны ў крамах растуць, і ў першую чаргу на жыцьцёва неабходныя прадукты”.

На думку спадарыні Сьвяцкай, папулізм улады будзе ўзрастаць з набліжэньнем чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG