Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці меў Аляксандар Лукашэнка права пераймяноўваць менскія праспэкты і вуліцы?


Альгерд Невяроўскі, Менск Газэта “Комсомольская правда в Беларуси” са спасылкай на закон “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьні і парадку вырашэньня пытаньняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкаваньня Рэспублікі Беларусь” сьцьвярджае, што такога права прэзыдэнт ня мае. З гэтым пагаджаюцца і незалежныя юрысты.

“Комсомольская правда в Беларуси” прыводзіць вытрымкі з закону (які лічыцца вышэйшым за прэзыдэнцкі ўказ), паводле якога ў Аляксандра Лукашэнкі няма права мяняць назвы вуліцаў. “Прэзыдэнт надае назвы (пераймяноўвае) вобласьці, раёны, гарады абласнога падпарадкаваньня, іх раёны, а таксама раёны Менску”, —– гаворыцца ў артыкуле 8 закону. А ў артыкуле 15 гаворыцца, што “найменаваньне і перайменаваньне праспэктаў, вуліцаў, плошчаў і іншых складовых частак населеных пунктаў праводзіцца адпаведным мясцовым саветам дэпутатаў з улікам думкі насельніцтва гэтай тэрыторыі”.

Як вядома, Алякандар Лукашэнка вырашыў перайменаваць праспэкты Скарыны і Машэрава, а таксама вуліцы Варвашэні, Ерусалімскую, Дразда і Старабарысаўскі тракт сваім указам. Адпаведнага рашэньня Менскага гарсавету і апытаньня думкі насельніцтва ў гэтай справе не было.

Я папрасіў пракамэнтаваць гэтую калізію начальніцу юрыдычнага аддзелу Менскага гарвыканкаму Ірыну Усаву, але яна фактычна нічога не змагла сказаць у гэтай справе:

(Усава: ) “Я толькі выйшла з адпачынку і не магу яшчэ нічога патлумачыць. Абсалютна ніякіх камэнтароў вам не магу даць пакуль. Я не магу прааналізаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта. Гэта ў нашую кампэтэнцыю не ўваходзіць”.

Я спрабаваў запытацца пра гэту супярэчнасьць у намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч, але яна ад камэнтара адмовілася.

А вось меркаваньне былога судзьдзі Канстытуцыйнага суду, заслужанага юрыста Беларусі Міхаіла Пастухова:

(Пастухова: ) “Фактычна закон вышэйшы за ўказ. Трэба было выконваць закон. І самае галоўнае, што тут не было ніякіх рашэньняў ці Менгарсавету, ці патрабаваньняў грамадзкасьці. Рашэньне было прынята ў абыход інтарэсаў грамадзкасьці. Ніхто не пытаў, як жыхары Менску паставяцца да гэтага. Такія пытаньні аб перайменаваньні павінны вырашацца безумоўна з улікам інтарэсаў грамадзкасьці”.

А Партыя БНФ з гэтай нагоды вырашыла зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд каб ён даў ацэнку адпаведнасьці ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб перайменаваньні вуліцаў нормам Асноўнага закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG