Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня - Ўсясьветны дзень мэдычнай сястры


Міхал Стэльмак, Менск Ён заснаваны ў гонар амэрыканкі брытанскага паходжаньня Флёрыян Найтынгейл. Яна паклала пачатак сястрынскай справе. У часе Крымскай вайны спадарыня Найтынгейл наладзіла дагляд за раненымі жаўнерамі, а пазьней заснавала першыя курсы сясьцёр міласэрнасьці.

Але афіцыйна сьвята пачало адзначацца з 1971 году, калі сёстры міласэрнасьці са 141 краіны аб’ядналіся ў прафэсійную грамадзкую арганізацыю – міжнародную раду мэдычных сясьцёр.

Адзначаецца гэты дзень і ў Беларусі. Вось што паведаміла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Вольга Бартман:

(Бартман: ) “Сьвята такое існуе. Міністэрства выдала загад, згодна зь якім узнагароджваюцца найбольш годныя. Мэдсёстры – гэта сярэдні мэдпэрсанал, безь якога нічога нельга рабіць. Заўжды мэдсёстры прыходзяць на дапамогу лекарам. У нас разьвіваюцца лякарні сястрынскага догляду”.

У Беларусі ўсяго 108 тысяч мэдыцынскіх сясьцёр. Мэдсясьцёр ня лічаць другараднымі памочнікамі: выздараўленьне хворага напалову залежыць менавіта ад іх, кажуць спэцыялісты. У пухавіцкай вёсцы Дубраўка ёсьць дом-інтэрнат для псыхычна хворых, дзе працуе каля 20 мэдсясьцёр. У тым ліку Людміла Платончык:

(Платончык: ) “Дужа складаная ў нас праца. Эпілептыкі ў нас. Хворыя Даўна ў нас. І такія, якія ўжо не паддаюцца лячэньню. Тут трэба больш праяўляць міласэрнасьці, чуласьці. Яны пакінутыя блізкімі. Яны дужа цяжка прыжываюцца. Гэта як вось дрэва ўзяць выкапаць старое, перасадзіць у іншае месца, то яно цяжка прыжываецца. Так і ў нас. Кожныя тры гады мы праходзім удасканаленьне сваёй прафэсіі. У абавязковым парадку. У нас усе мэдсёстры высокай катэгорыі”.

У Беларускім грамадзкім аб’яднаньні мэдычных сясьцёр каля двух тысяч сяброў. Дарэчы, сёньня адбудзецца канфэрэнцыя, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны. Узначальвае аб’яднаньне галоўная мэдсястра Рэспубліканскага дзіцячага анкагематалягічнага цэнтру Ларыса Лютко. Арганізацыя мае кантакты з калегамі з іншых краінаў. Разам абмяркоўваюцца агульныя праблемы. Напрыклад, сёлета ладзіўся “круглы стол” па праблеме цукровага дыябэту і атлусьценьня. Бліжэйшым часам будзе разгледжана праблема ВІЧ-інфэкцыі.

(Лютко: ) “У кожнай дзяржаве свае патрабаваньні да працы мэдычнай сястры. Напрыклад, у Аўстрыі мэдычнай сястры, наагул, забараняецца праводзіць мэдычныя ўмяшаньні. А ў нас гэта справа мэдсястры. Там, напрыклад, ня дзеляць хворых па “пастах”, як часта бывае ў нас, а там дзеляць нагрузку”.
XS
SM
MD
LG