Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вядомыя расейскія грамадзкія і палітычныя дзеячы адрэагавалі на пакараньне арыштамі ў Менску актывістаў дэмакратычных рухаў?


Ігар Карней, Менск Практычна ўсе, з кім сёньня давялося размаўляць, зьвяртаюць увагу на маўчаньне з боку афіцыйных расейскіх уладаў. Пводле лідэра партыі Дэмакратычнага саюзу Валерыі Навадворскай, прычына ва ўсё большым падабенстве кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Навадворская перакананая, што Беларусь — гэта палітычны палігон Расеі.

(Навадворская: ) “Беларусь зусім не апошні бастыён савецкага махровага сацыялізму. Побач ёсьць аналяг больш прычасаны, больш “напамаджаны”, чым у спадара Лукашэнкі. Пуцін падбіраецца да трэцяга тэрміну, як кот да сьмятаны, аблізваючыся. Проста ён гэта робіць больш акуратна, каб не запэцкаць сваіх белых лапак. Але што Беларусь ёсьць палігонам дзеля абкаткі тэхналёгіяў, якія потым будуць ужытыя ў Расеі, і што гэта ўжо пачалося ў масавым парадку — гэта аксіёма”.

Папулярны сатырык, аўтар тэлепраграмы “Плаўлены сырок” Віктар Шэндэровіч некалькі гадоў таму пацярпеў ад пільнасьці беларускіх чыноўнікаў: па камандзе “зьверху” ў Менску быў адменены яго публічны выступ. Кажа, што пра эпоху рамантызму адносна Беларусі можна забыцца.

(Шэндэровіч: ) “Можна казаць пра некаторы рамантызм тых, хто ў Менск ехаў, але гэта пытаньне прыватнае. А пытаньне грамадзкае, як грамадзтва рэагуе на такога кшталту рэчы. Расейскае грамадзтва і расейская ўлада гэта “зьелі”. Таму што ў Пуціна больш агульнага з Лукашэнкам, чым з расейцамі, якія прыехалі выказаць сваю падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі… Думаю, арыштаваныя журналісты прыкладна ўяўлялі, куды едуць, але гэта ніяк не вызваляе ад адказнасьці рэжым Лукашэнкі і не вызваляе грамадзтва ад жаху таго, што адбываецца. Асобна трэба адзначыць, што расейскі ўрад увогуле зрабіў выгляд, што гэтага няма. Наколькі я ведаю, затрыманых нават не кармілі і да іх не зьявіўся ніводзін прадстаўнік консульства”.

Шматлікія расейскія тэлеканалы практычна ніяк не адрэагавалі на арышты расейскіх грамадзянаў — толькі на НТВ быў паказаны невялікі сюжэт. Праваабаронца Сяргей Кавалёў кажа, што расейскія СМІ, як і беларускія, усё болей адчуваюць мяжу, за якую заходзіць непажадана.

(Кавалёў: ) “У Расеі ўсё ў парадку. Але калі я кажу “ўсё ў парадку”, мэты ўлады дасягнутыя, я маю на ўвазе досыць разумную ўладу зь нізкімі, цынічнымі мэтамі. Узровень кіраванасьці прэсай, якога яны дасягнулі, цалкам мусіць гэтую ўладу задавальняць. Разумееце, Лукашэнку патрэбна поўнае і абсалютнае падаўленьне, а тут досыць таго, каб нават СМІ, якія прэтэндуюць на незалежнасьць, дакладна адчувалі мяжу, за якую нельга заходзіць”.

Яшчэ адзін прадстаўнік творчай інтэлігенцыі, пісьменьнік Уладзімер Вайновіч таксама зьведаў беларускай “гасьціннасьці”: днямі ў Менску быў забаронены спэктакль паводле яго апавяданьняў пра салдата Чонкіна. А ў сытуацыі з арыштам сябраў расейскіх моладзевых арганізацыяў спадара Вайновіча, перадусім, абурыла тое, што практычна ніяк на гэта не адрэагавала расейскае дыппрадстаўніцтва.

(Вайновіч: ) “Такое ўражаньне, што амбасадар расейскі ўвогуле ня ведае, што такое правы чалавека, не разумее. Дыпляматычныя органы павінны абараняць сваіх грамадзянаў у любым выпадку, нават калі тыя нешта ўчынілі; павінны настойваць, каб іх перавезьлі ў сваю краіну і там разьбіраліся нават з рэальнымі правапарушэньнямі. А ў дадзеным выпадку гаворка пра беззаконьне, якое, наколькі я зразумеў, амбасадар практычна падтрымаў”.

Што да палітычных пэрспэктываў Беларусі, то тут меркаваньні ў апытаных расейскіх дзеячаў падобныя. Іх рэзюмуе старшыня праўленьня Партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы:

(Баравы: ) “Зразумела, што няма сёньня свабодаў, няма правоў у грамадзянаў, няма магчымасьці выказаць сваю пазыцыю свабодна. Але ёсьць палітыкі, якія абавязаныя гэта рабіць. Яны выходзяць на вуліцу, выводзяць народ. І я перакананы, што адзін з такіх выхадаў завершыцца сытуацыяй, пры якой Лукашэнка будзе адхілены ад улады. Я грунтуюся на досьведзе іншых узурпатарскіх рэжымаў. Ня думаю, што гэта можа працягнуцца болей за 3—5 гадоў. Урэшце гэта скончыцца, і народ Беларусі стане вольным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG