Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 27 красавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 27 красавіка

“Звязда”, 1935 год. Пра сьвяткаваньне 1 мая:

“У першамайскім парадзе ўпершыню прыме ўдзел ваенізаваная калона жонак начальніцкага складу Менскага гарнізона, членаў стралковых, спартыўных, санітарных гурткоў. Усе ўдзельніцы калоны будуць апрануты ў адзіную форму. 6 жонак камандзіраў мясцовага гарнізона вышлі пехатой па маршруту Менск—Смаленск, паставіўшы перад сабой задачу прайсці гэту адлегласць за 5 дзён да 1 мая”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“Гэтым падаём да ўсіх беларускіх выдавецтваў асаблівую просьбу кіраўніцтва ўсходня-славянскага аддзелу Баварскае Дзяржаўнае Бібліятэкі ў Мюнхэне прысылаць усе свае выданьні на беларускай мове, а таксама стала інфармаваць Бібліятэку аб выхадзе ў сьвет іншамоўных кніг ці брашур на беларускія тэмы. Усходне-славянскі аддзел вельмі цікавіцца беларускай бібліяграфіяй, мае ўсе магчымасьці на купляньне кніжак і будзе надта ўдзячны за ўсялякую сьвежую інфармацыю”.

“Белорусская деловая газета”, 1995 год. Пра тэлевыступ Аляксандра Лукашэнкі:

“Адказваючы на пытаньне аб прычынах, якія змусілі былых паплечнікаў прэзыдэнта Булахава, Ганчара і Фядуту пакінуць “каманду Лукашэнкі”, яе капітан заўважыў, што толькі Булахаў неахвотна пагадзіўся ўзначаліць штаб перадвыбарнай кампаніі, Ганчар жа неэтычна перадаваў кампрамат на прэзыдэнцкае атачэньне ў КДБ, а Фядута пад ініцыяламі, як выказаўся прэзыдэнт, “мэжо” друкаваў у “дзелавой газэце” антыпрэзыдэнцкія артыкулы. І зусім ня нейкія людзі з каманды прывялі яго да ўлады, нарэшце адкрыў таямніцу Аляксандар Лукашэнка, а дактары, армія, МУС, настаўнікі… Кажуць, прэзыдэнту спадабаўся ягоны тэлеманалёг да такой ступені, што ўводзіць “наркоз” народу краіны ён задумаў штомесяц. У Васіля Быкава ёсьць аповесьць пра тых, каму не баліць. Сумна, калі так яно і здарыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG