Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы "заплюшчылі вочы" на правал расейскага шпіёна


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Гады халоднай вайны, калі існавала бэрлінская сьцяна, называюць у Нямеччыне вялікімі часамі шпіянажу. Тады савецкіх шпіёнаў у выпадку іхнага правалу арыштоўвалі, дапытвалі і саджалі ў турму. Час ад часу іх мянялі на кантрольна-прапускным пункце на нямецкіх калегаў. Што зьмянілася ў найноўшым часе? Які лёс у выпадку правалу чакае іх цяпер? Газэта “Сандэй Тэлеграф” піша, што вельмі часта Нямеччына заплюшчвае на гэта вочы, і агенты ўнікаюць суду.

Іншыя цяпер часы, і вось ужо лёс расейскага шпіёна, якога злавілі на месцы злачынства ў часе куплі нямецкіх ваенных сакрэтаў, вырашыў не нямецкі суд, а буйное ўзаемакарыснае гандлёвае пагадненьне паміж Нямеччынай і Расеяй. Такая яскравая гісторыя стала вядомай пасьля падпісаньня канцлерам ФРГ Гэрхардам Шрэдэрам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным шматмільярднага гандлёвага пагадненьня.

45-гадовы Аляксандар Кузьмін нібыта працаваў у расейскім кансуляце ў Гамбургу, а на самой справе ён быў агентам 12-тысячнай расейскай выведкі. Нямецкая контрвыведка выявіла як найменей 20 выпадкаў ягоных паездак у прымесьці Гайдэльбэргу на сустрэчы зь нямецкім афіцэрам, які абяцаў яму прадаваць вайсковую інфармацыю ўсяго за 10 тысячаў эўра. Пасьля некалькіх сустрэч афіцэр зьвязаўся зь нямецкімі спэцслужбамі. Далей – ён ужо перадаваў матар’ялы, якія ўводзілі ў зман расейскі бок. Урэшце рэшт, у лістападзе Кузьміна арыштавалі. А вызвалены ён быў не ў абмен на нямецкага шпіёна, а ўзамен на замовы Пуціна.

Мяркуюць, што ў справу Кузьміна непасрэдна ўмяшаўся канцлер Шрэдэр. Толькі невядома, ці прасіў яго пра гэта прэзыдэнт Пуцін – былы афіцэр КГБ, які служыў у Нямеччыне ў часы халоднай вайны. Справа была ціхенька закрытая ў сьнежні, калі Ганс Фром – кіраўнік нямецкіх спэцслужбаў – правёў у Маскве перамовы. А ўжо праз два дні Кузьміна самалётам адправілі дамоў. Лёс нямецкага падвойнага агента, які меў справы з расейскім калегам, невядомы.

Нямецкая контрвыведка лічыць, што сёньня каля 130 шпіёнаў працягваюць працаваць у іхнай краіне. Супрацоўнікі нямецкай контрвыведкі кажуць, што сытуацыя мала зьмянілася пасьля разбурэньня бэрлінскай сьцяны. Працы ў іх хапае. Так, нядаўна быў арыштаваны былы служачы нямецкай кампаніі ў вытворчасьці зброі за спробу прадаць сакрэты кітайцам.

Тым часам, канцлер Шрэдэр назваў цяперашнія стасункі Нямеччыны з Расеяй “як ніколі добрымі”. Гандлёвае пагадненьне адкрывае зусім новыя шляхі ў эканамічным супрацоўніцтве. Яскравы прыклад – будаўніцтва расейскага газаправоду пад Балтыкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG