Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс і Хаўер Саляна сустрэліся ў Вільні з дэлегацыяй беларускай апазыцыі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Вільні дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс і высокапастаўлены прадстаўнік Эўразьвязу Хаўер Саляна сустрэліся з дэлегацыяй беларускай апазыцыі. Прадстаўнікі ЗША і Эўразьвязу дэманстравалі еднасьць у сваёй пазыцыі па беларускай праблематыцы.

У склад дэлегацыі беларускай апазыцыі, якая знаходзіцца ў Вільні, уваходзяць: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, які прэзэнтуе палітычны кірунак; намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла прадстаўляе праваабарончы сэктар; сябра рады грамадзянскіх ініцыятываў “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка ад моладзевых арганізацыяў; жаночы рух прадстаўляе Людміла Пеціна; сябра грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем!” Сьвятлана Завадзкая прэзэнтуе сем’і ахвяраў палітычных рэпрэсіяў; шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна — незалежныя мас-мэдыі і рэктар зачыненага беларускімі ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў.

У сустрэчы, акрамя Кандалізы Райс і Хаўера Саляны, браў удзел таксама міністар замежных справаў Літвы.

Размова цягнулася больш, чым было заплянавана, і кожны зь сяброў беларускай дэлегацыі меў магчымасьць выступіць. Прадстаўнікі апазыцыі распавялі пра сытуацыю ў Беларусі, а таксама пра тое, што яны хочуць зрабіць, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай.

Сябра грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем!” Сьвятлана Завадзкая пра Кандалізу Райс:

(Завадзкая: ) “Прыемная, разумная жанчына, цешыць тое, што мы разглядаем сытуацыю, рашэньне сытуацыі ў Беларусі, бачым яе аднолькава — яна і мы”.

Кандаліза Райс і Хаўер Саляна выказалі салідарнасьць з прадстаўнікамі Беларусі. У выніку сустрэчы Кандаліза Райс сфармулявала чатыры пазыцыі, якія яна лічыць важнымі ў супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Першае, гэта падтрымка незалежных мас-мэдыяў, бо свабодная інфармацыя дазволіць грамадзянам Беларусі ведаць праўду пра сытуацыю ў сваёй краіне. Другое, гэта пашырэньне кааліцыі, каб да палітычных сілаў далучалася грамадзянская супольнасьць. Трэцяе, гэта неабходнасьць стварэньня агульнанацыянальнага грамадзянскага руху, чацьвертае — вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, які б увасабляў у сабе надзею людзей на перамены да лепшага і мог стаць агульнанацыянальным лідэрам. Працягвае сябра дэлегацыі, намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Тое самае падкрэсьліў Саляна, сказаўшы, што грамадзянскі рух з агульнай плятформай і асоба, чалавек, які ўвасабляў бы гэтыя імкненьні, — гэта вельмі важна. Яны такім чынам падтрымліваюць тое, што мы хочам зрабіць, і зробяць усё, каб беларускае грамадзтва атрымала магчымасьць вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі”.

• Кандаліза Райс: "Прыйшоў час для пераменаў і ў Беларусі" • Кандаліза Райс у Вільні: “Беларусь – гэта ня цёмны куток, дзе могуць адбывацца рэчы, якія не заўважаць” • Кандаліза Райс сустракаецца ў Вільні з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі • Кандаліза Райс: "Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG