Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: з 25 красавіка ў Польшчу нельга будзе ўвозіць мясамалочныя прадукты


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

Чаго баяцца смаргонцы? З такім пытаньнем да жыхароў Смаргоні зьвярнулася газэта “Мясцовы час”. Як высьветлілася, гараджан найбольш палохаюць эканамічныя цяжкасьці. Гэты страх выкліканы тутэйшай рэчаіснасьцю. Большасьць смаргонцаў пакутуюць ад безграшоўя. Яны скардзяцца газэце на нізкія заробкі, напаўгалоднае жыцьцё ды адсутнасьць магчымасьці набыць новы абутак, адзеньне. Палохае іх і пэрспэктыва. Жыхары Смаргоні вельмі баяцца страціць працу і захварэць, бо тады, як зазначае “Мясцовы час”, іхнае жыцьцё стане яшчэ горшым.

“Берасьцейская газэта” ў сьвежым нумары зьвяртаецца да будучыні спорту ў вобласьці. Гэтая тэма прыцягнула ўвагу журналістаў у сувязі зь нядаўнім наведаньнем рэгіёну міністрам спорту і турызму Юрыем Сіваковым. Той заявіў, што Берасьце становіцца спартовым цэнтрам краіны. Маўляў, тут ёсьць тое, чаго няма нават у сталічным Менску. Яшчэ больш радуе пэрспэктыва будаўніцтва і рэканструкцыі спартовай базы. Напрыклад, тутэйшы вясьлярны канал названы “мадэльлю будучыні”. А неўзабаве завершаць узьвядзеньне “ультрасучаснага” палацу гульнявых відаў спорту. Дык вось, і ён, і вясьлярны канал, паводле “Берасьцейскай газэты” – гэта свайго роду “фабрыкі”, якія дадуць магчымасьць экспартаваць спартовыя паслугі іншым краінам!

“Камсамольская праўда ў Беларусі“ інфармуе сваіх чытачоў, што з 25 красавіка ў Польшчу нельга будзе ўвозіць мясамалочныя прадукты: малако, твораг, масла, ёгурт, паштэт. Такое абмежаваньне выклікана рашэньнем Эўракамісіі. У гэтай сувязі газэта зьвяртае ўвагу беларусаў, якія напрыканцы красавіка і пазьней зьбіраюцца паехаць у Польшчу: памятайце, на мяжы мытнікі гэтай краіны могуць прапанаваць вам ці выкінуць гэтыя прадукты, ці зьесьці. Абмежаваньне ня тычыцца сухога малака, харчаваньня для немаўлятаў ды спэцыяльных харчоў, прадпісаных мэдыцынай. Але і ўсё гэта “дабро”, як падкрэсьлівае “Камсамольская праўда ў Беларусі”, павінна быць у фірменнай упакоўцы і не патрабаваць ахаладжэньня перад спажываньнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG