Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі студэнт з Рыму расказвае пра цырымонію пахаваньня


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня мы зьвязаліся з непасрэдным сьведкам падзеяў у Рыме – беларускім студэнтам Віктарам Чарняком. Ён быў сярод тых, каму ўдалося наведаць базыліку Сьвятога Пятра, дзе цела Папы было выстаўленае для разьвітаньня.

Запіс размовы быў зроблены па мабільным тэлефоне, калі Віктар знаходзіўся ў шматтысячным натоўпе, таму выбачайце за шум і якасьць запісу.

(Чарняк: ) "У Рыме цяпер за пятнаццаць дзьве гадзіны. Я знаходжуся на выйсьці з плошчы Сьвятога Пятра, зь левага боку, там дзе дарога да мэтро. Людзі пакідаюць плошчу, бо знаходзіліся тут некаторыя цэлую ноч, некаторыя ад самага ранку. Людзей было столькі шмат, яны стомленыя, але бачна, што атрымалі вялікае духоўнае задавальненьне. Былі прадстаўнікі ўсходніх цэркваў, яны пад канец службы таксама маліліся па-грэцку за Яна Паўла Другога – Патрыярх Канстанцінопальскі, усе кардыналы прысутныя былі.

Пад канец былі такія аплядысмэнты, людзі папросту не давалі вынесьці труну зь целам, але нарэшце такі труну вынесьлі і яна накіравалася ў месца, дзе будзе знаходзіцца – у крыпце сабору Сьвятога Пятра".

Мы запыталі Віктара пра тое, як камунікуюць людзі, што прыехалі ў Рым з усіх куткоў сьвету, каго сустракаў ён і як можа акрэсьліць атмасфэру вялікага горада у гэтыя дні?

(Чарняк: ) "У мяне былі лекцыі. Каб дабрацца зь лекцыяў у цэнтар, я карыстаюся мэтро. У мэтро цяпер бачыш людзей з розных кантынэнтаў – амэрыканцы, палякі, італьянцы, каторыя прыехалі сюды і самі рымляне. Яны сьпяваюць рэлігійныя песьні ў мэтро. Італьянцы часта пытаюцца ў палякаў: адкуль вы прыехалі, як вам тут падабаецца, кажуць: дзякуй вам за папежа, за такога цудоўнага чалавека. Я перакладаў часам, калі бачыў такія сытуацыі, калі былі моўныя цяжкасьці. Палякаў тут вельмі багата, я іх тут сустракаю на кожным кроку. І беларусаў я аднойчы бачыў – адзін наш сьцяг бел-чырвона-белы, да яго было нейкіх 60 мэтраў, але я ня змог іх пераадолець, а крычаць я таксама ж ня мог".

Па тэлефоне з Рыму гаварыў беларускі студэнт Віктар Чарняк.
XS
SM
MD
LG