Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі, якія разбураюць стэрэатыпы


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 3 красавіка 2005 году) Новая перадача сэрыі “Вострая брама”.

* Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Зборнік матэрыялаў пад рэдакцыяй А.Смаленчука. – 2005.

* А.Лукашук. Прыгоды АРА ў Беларусі. – 2005.

Сталася так, што найбольш значныя кнігі на тэмы беларусазнаўства выходзяць у нас сёньня ня дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, а насуперак ёй. І рэч ня толькі ў тым, што прыватныя ініцыятывы ўсяляк падкрэсьліваюць адметнасьць сваёй нацыі і даюць магчымасьць разьвівацца беларускай думцы і беларускаму слову, тады як дзяржаўная ідэалёгія ўсяляк нівэлюе нацыянальную спэцыфіку, а мову папросту ігнаруе. Гэтыя адрозьненьні вонкавыя, яны – вынік. Сутнасьць праблемы ў іншым, у тым, што прыватныя ініцыятывы скіраваныя на разбурэньне тых вобразаў ворага, якія стварае і падтрымлівае ў масавай сьвядомасьці дзяржаўная ідэалёгія. Вы скажаце – навошта нам ворагі? А для таго, каб увесь народ знаходзіўся ў баявой гатоўнасьці. На мове папулізму гэта называецца парадкам у краіне, а на мове рэальнасьці гэта – аўтарытарызм, найбольш просты спосаб кіраваньня краінай і народам.

У такой сытуацыі панятак ворага – найбольш важны, бо чым яшчэ пасярод нашага даволі соннага і ўжо ніяк не ваеннага быту можна растлумачыць заклікі ўлады да ўсеагульнай мабілізацыі? Пры гэтым, калі яўнага ворага мы ня бачым, ва ўяўленьне публікі запускаецца вораг тайны, падспудны і ад таго нашмат больш страшны і вераломны. Бо невядома, чаго яму ад нас трэба. А невядомасьць палохае больш за любую адкрытую агрэсію.

Сярод такіх таемных ворагаў – жыды, масоны і амэрыканцы. Па вялікім рахунку, гэта адзін вобраз, які прымае розныя абліччы ў залежнасьці ад абставінаў. Сёньня мы разгледзім гэтыя жупелы з нагоды зьяўленьня дзьвюх новых кніг, якія сёлета адначасова і незалежна адна ад адной пабачылі сьвет. Гэта зборнік пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука, які называецца «Вольныя муляры ў беларускай гісторыі» і журналісцкае дасьледаваньне Аляксандра Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі».

Зборнік “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі” пры ўсім жаданьні яго аўтараў даць аб’ектыўную карціну, усё адно атрымаўся палемічным. Тлумачэньне гэтага знаходзім у прадмове рэдактара Алеся Смаленчука:

“... адной з галоўных задачаў дадзенага зборніка зьяўляецца праверка антымасонскіх стэрэатыпаў сродкамі навуковага гістарычнага дасьледаваньня. Дасьледчыкі, якія рыхтавалі матэрыялы для зборніка, не імкнуліся замяніць “чорную легенду” на “белую” ці “ружовую”. Яны толькі паспрабавалі зразумець месца вольных муляраў у нашай гісторыі”.

Адкуль жа ўзяўся вобраз таемнае масонскае змовы? На маю думку, прычына тут у асяродку, у якім ён паўстаў. Гаворка ідзе пра асяродзьдзе беднасьці і цемнаты, якое заўсёды было пажыўнай глебай для стварэньня вобразу ворага. Масоны – гэта, як правіла, людзі заможныя і адукаваныя, якія зьбіраюцца ў свае рэлігійна-філязофскія таварыствы і чытаюць там свае трактаты, прысьвечаныя маральнаму ўдасканаленьню асобы і сьвету. Рытуал іх паседжаньняў закрыты для пабочных людзей. Здавалася б, што тут заганнага? Аднак усяго гэтага напоўніцу дастаткова, каб папулісцкая ідэалёгія вырабіла зь іх вераломных змоўнікаў, якія “кіруюць сьветам”. Лёгіка тут такая: у адрозьненьне ад вас, бедных, яны – багатыя, значыць, за кошт вас. Яны вядуць інтэлектуальныя гамонкі, тым часам мы ганарымся тым, што ўнівэрсытэтаў не сканчалі і можам ва ўсім разабрацца запраста. Нарэшце, яны зачыняюцца на сваіх паседжаньнях ад астатняга сьвету – што яны там хаваюць? І калі ўжо думкі і справы іх такія добрыя і сьветлыя, дык навошта хаваць іх ад нас? Згадзіцеся, у нас дастаткова прычынаў, каб узьненавідзець іх ад усёй душы. У ідэалягічным пляне. Што да фактаў, дык у нас іх няма, мы кіруемся домысламі. Факты сьведчылі б супраць нас і на карысьць іх, масонаў. У новым зборніку, які мы сёньня разглядаем, такіх фактаў шмат.

Аднак два словы гісторыі, каб зразумець, пра што ідзе гаворка.

Калі мы захапляемся помнікамі старадаўняе архітэктуры, мы рэдка думаем пра тых, хто іх узводзіў сваімі рукамі. А гэта былі сапраўдныя майстры, вольныя муляры, па-ангельску, масоны, якія наймаліся да фундатара і дзень за днём будавалі храмы ды замкі. Пасьля працы яны зьбіраліся ў сваіх будаўнічых дамках, якія цяпер у нас называюць бытоўкамі, а па-ангельску гэта ложа, і там атрымлівалі заробак, абмяркоўвалі зробленае за дзень, плянавалі, што будуць рабіць заўтра, здавалі кваліфікацыйныя іспыты. Тое, што адбывалася ў бытоўцы, за стагодзьдзі ператварылася ва ўнівэрсальны абрад, аднолькавы па ўсёй Эўропе, па якой перамяшчаліся будаўнікі, шукаючы новых аб’ектаў. Гэты самы абрад напачатку 18 ст. у Англіі ўзялі на ўзбраеньне тамтэйшыя інтэлектуалы. Яны сымбалічна назвалі свой клюб ложай, зьбіраліся там і абмяркоўвалі цяпер ужо ня працу на канкрэтным будаўнічым аб’екце, а працу дзеля ўдасканаленьня таго сьвету, у якім жывуць і саміх сябе. Усё астатняе – справаздачы і плянаваньне, заробкі, кваліфікацыйныя іспыты – засталося, як і было ў тых колішніх бытоўках, толькі ў сымбалічнай форме. Трэба дадаць, што масонам на іхных паседжаньнях забаронена гаварыць пра палітыку, і, бадай, карціна таго, чым яны займаюцца, будзе поўнай. Усяго ў сучасным сьвеце іх налічваецца нібыта восем мільёнаў, зь якіх пяць мільёнаў жывуць у ЗША.

Пры ўсёй таемнасьці сваіх сходаў, масоны ня лічацца сапраўднымі, калі яны афіцыйна не зарэгістраваныя ў сваёй краіне, бо законапаслушэнства, як, між іншым, і вера ў Бога, зьяўляецца ўмоваю ўступленьня ў іхнае брацтва. Вось чаму ў інтэрнэце вам сустрэнуцца старонкі цалкам легальных нацыянальных ложаў сёньняшняй Расеі, Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі, інакш кажучы, усіх нашых суседзяў.

Не бяруся меркаваць, якім чынам і наколькі сапраўды сучасныя масоны кіруюць сьветам, але што да гісторыі, дык там мы знойдзем мноства сьведчаньняў іхнае пазытыўнае дзейнасьці. У зборніку “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі” паказаны вырашальны ўдзел беларускіх масонаў, пачынаючы ад змаганьня супраць расейскай калянізацыі ў часе падзелаў Рэчы Паспалітай і сканчаючы стварэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі. Прынамсі, ініцыятары беларускай незалежнасьці браты Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі былі масонамі.

Трэба ўявіць сабе, які гэта быў час і якім чынам беларускі рух з адносна невялікага віленскага нашаніўскага асяродку ператварыўся ў масавы ды ўсенародны. Пераломным пунктам сталася першая сусьветная вайна, калі агромністыя сьціжмы народу пачалі перамяшчацца празь Беларусь, прычым гэта былі людзі няшчасныя і абдзеленыя: уцекачы, галодныя і бяздомныя, дзеці, у якіх вайна забрала бацьку. Вось той момант, калі беларускае адраджэньне ператвараецца ў масавае. Узьнікаюць таварыствы пацярпелых ад вайны, арганізацыі беларусаў у царскім войску і беларусаў у бежанстве. У сваіх успамінах Юліяна Вітан-Дубейкаўская распавядае пра сваю працу ў Беларускім камітэце помачы пацярпелым ад вайны, куды яе запрасіў Іван Луцкевіч. Атрымаўшы апеку над дзецьмі, Беларускі камітэт ствараў ня проста прытулкі, а школы. Самая першая такая беларуская пачатковая школа зьявілася ў Вільні ў 1915 годзе. Далей чытаем ва ўспамінах Дубейкаўскай:

“Беларускі камітэт таксама прымаў удзел у арганізацыі агульных народных кухняў. Прадукты выдаваў магістрат за грошы, а жыхары маглі за малую плату атрымліваць гарачую зупу, з гэтага карыстала шмат людзей, бо голад пашыраўся. Памятаю, што народная кухня Беларускага камітэту на Юраўскім праспэкце выдавала да 400-500 порцыяў і мела добрае імя, бо Камітэт вельмі рупіўся аб тым, каб вызначаная колькасьць прадуктаў і пападала ў зупу. На кухнях мне часта прыходзілася па даручэньню Камітэту рабіць неспадзяваныя візыты, каб пакаштаваць абед, праверыць вагу прадуктаў і г.д. Пан Іван казаў мне:

– Жанчыны ў гэтым больш разумеюць, трэба пільнаваць, каб беларускія кухні мелі добрую славу!”

Такім чынам, словы “школа” і “кухня” становяцца краевугольнымі ў дзейнасьці ініцыятараў беларускага адраджэньня. Такую самую карціну ў 1916 годзе мы назіраем і ў Менску, куды прыяжджае Максім Багдановіч. Біёграфы пішуць, што паэт уладкоўваецца на працу ў губэрнскі харчовы камітэт і актыўна ўдзельнічае ў справах мясцовага Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны. Галоўны менскі асяродак нацыянальнага адраджэньня – “Беларуская хатка” на Захар’еўскай вуліцы, дом 18, – была ні чым іншым, як сталоўкай Таварыства помачы ахвярам вайны. Мэмуарыстка Зоська Верас згадвала пра той час:

“Асабліва балюча было тое, што т. зв. “Тацьцянінскі камітэт” адмовіў нам субсыдыі на ўтрыманьне дзіцячага прытулку і запрапанаваў забраць наш прытулак пад сваю непасрэдную апеку. Мы прымушаныя былі згадзіцца. Але паставілі варунак, што нашы дзеці будуць вучыцца асобна – па-беларуску, і вучыць іх будуць нашы вучыцелкі”.

Як бачым і ў Менску беларушчына выходзіла на шырокую жыцьцёвую прастору праз школу і кухню. Рамантыка сваёй нацыянальнай будучыні відазьмянялася ў рэалізм будняў, а паэты ператвараліся ў мэнэджэраў.

Пройдзе яшчэ год, і менавіта Беларускія камітэты дапамогі пашлюць сваіх дэлегатаў на І Ўсебеларускі кангрэс, дзе будучыня краіны будзе вырашаная на карысьць самастойнага існаваньня. Але высьпявала такое рашэньне, натуральна, не ў сталоўках і не ў дзіцячых прытулках.

І тут я вяртаюся да новага зборніка “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі”. Рэч у тым, што масоны, хоць і зьяўляюцца закрытым таварыствам, не існуюць у падпольлі. Такі ў іх прынцып. Таму ў нашых краях пасьля забароны іхнага руху ўладамі ў 1821 годзе яны надоўга зьніклі з рэчаіснасьці і адрадзіліся толькі напачатку стагодзьдзя 20-га. Фактычна ўсё кіраўніцтва віленскай “Нашай Нівы” і галоўны спонсар газэты Зыгмунд Нагродзкі, дарэчы, колішні сябра Францішка Багушэвіча, бралі ўдзел у працы адроджаных віленскіх ложаў. Калі ж пачалася першая сусьветная вайна і ўсе тутэйшыя народы, калянізаваныя Расейскай імпэрыяй сталі думаць пра будучыя перадзелы, аказалася, што ў ложах сядзяць прадстаўнікі розных нацыяў – палякі, беларусы, літоўцы... Як заўважае ў сваім артыкуле рэдактар зборніка Алесь Смалянчук, менавіта гэтыя людзі пачалі выношваць пляны будучага ўладкаваньня краю. Якім ён будзе пасьля развалу імпэрыі? Ці адродзіцца Рэч Паспалітая, ці гэта будзе асобна Польшча і асобна Вялікае Княства Літоўскае, ці ўвогуле асобна Польшча, Літва і Беларусь?

У зборніку пра “Вольных муляраў” гэты працэс падрабязна праілюстраваны фактамі. Друкуюцца дзёньнікі галоўнага на той час віленскага масона Міхала Ромэра, а таксама – доўгія сьпісы ўплывовых асобаў, якія ўваходзілі ў віленскія і менскія ложы.

Заўважым, што калі б не было тых ложаў, сам працэс волевыяўленьня будучых мясцовых палітыкаў і абмен думкамі паміж прадстаўнікамі розных нацыянальных групаў быў бы неверагодна ўскладнёны, калі ўвогуле магчымы. Бо ніякіх іншых пляцовак для такіх вось зародкаў самакіраваньня і парлямэнтарызму ў краі не было. А тая ўлада, што была да вайны, стала адкрыта акупацыйнай, прычым гэта быў ужо калейдаскоп акупацыяў – расейцы, немцы, палякі, бальшавікі.

Віленскія масоны – уплывовыя ў сваіх асяродках людзі – пазіралі адны на адных і імкнуліся адны ад адных не адставаць. І калі літоўцы вырашылі ісьці ў будучыню самастойна, безь якіх-кольвек саюзаў зь іншымі, тое самае зрабілі і беларусы.

Тым часам першы Ўсебеларускі кангрэс у Менску вагаўся паміж аўтаноміяй у складзе Расеі і поўнай незалежнасьцю. А ў Антона Луцкевіча, які ехаў у Менск зь Вільні, ужо ніякіх сумневаў на гэты конт не было. Ягоны прыезд і вызначыў канчатковае рашэньне. Так паўстала Беларуская Народная Рэспубліка.

Самі масоны на сваіх сайтах любіць расказваць пра сябе, пачынаючы зь пераліку славутых імёнаў. Расейцы называюць Аляксандра Суворава і Аляксандра Пушкіна, а палякі – Тадэвуша Касьцюшку і Адама Міцкевіча. Здаецца гэтага ўжо дастаткова, каб убачыць, што масонства не перакрочвае патрыятычную мяжу ўласнае краіны.

У астатнім сьвеце сьпісы масонаў пачынаюцца ад Моцарта з Бэтховэнам і сканчаюцца Луі Армстронгам. Між іншым, да масонаў залічваюць ці ня большасьць амэрыканскіх прэзыдэнтаў, у тым ліку і Гэрбэрта Гувэра – таго самага, дзейнасьці якога ў Беларусі прысьвечана другая кніга нашага сёньняшняга агляду. Ізноў мы трапляем у поле ратаваньня людзей, дзе ключавыя словы – школа і кухня.

Дасьледаваньне Аляксандра Лукашука гучала ў этэры Радыё Свабода і таму шырока прадстаўляць тут новую кнігу няма патрэбы. Здаволімся кароткай анатацыяй:

“Прыгоды АРА ў Беларусі” – гісторыя найбуйнейшай і самай забытай у ХХ стагодзьдзі гуманітарнай акцыі, якую пад кіраўніцтвам Герберта Гувэра ажыцьцяўляла Амэрыканская адміністрацыя дапамогі ў 1920-1923. Падчас працы ў архівах Гувэраўскага інстытуту ў Каліфорніі аўтар, Аляксандар Лукашук, знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі.

Героі кнігі – трынаццаць амэрыканцаў, якія кармілі галодных, лекавалі хворых, апекаваліся ўцекачамі й сіротамі, змагаліся з ЧК і камуністычнай бюракратыяй, адбіваліся ад авантурыстаў, знайшлі ў Беларусі жонак і захавалі памяць пра яе на многія дзесяцігодзьдзі пасьля вяртаньня дадому за акіян”.

Подпіс аўтара пад здымкам Гербэрта Гувэра сьведчыць пра значэньне гэтай гуманітарнай акцыі: “Гербэрт Гувэр уратаваў ад галоднай сьмерці каля 20 мільёнаў чалавек – больш за ўсіх у гісторыі чалавецтва”.

Я думаў, з чым параўнаць гэтую акцыю, і параўнаў з другой сусьветнай вайной, толькі з адваротным знакам, тут – статыстыка выратаваных, а не забітых людзей. Параўнаньне ўражвае тым, што вайна помніцца, бясконца згадваецца прапагандай, яна як тэма – гучыць і жыве. А тут – поўнае забыцьцё. Няўжо дакор пра забыўлівасьць на дабро можна адрасаваць усяму народу ці чалавечай прыродзе ўвогуле? Няўжо гэта правіла, а не выключэньне? Калі так, дык новая кніга Аляксандра Лукашука – гэта выклік аб’ектыўнай зададзенасьці.

Кніга вяртае нас у атмасфэру народнай кухні, у чым, уласна, і заключалася акцыя Гувэра. Масы галоднага, абношанага, хворага, беспрытульнага пасьля вайны народу трэба было накарміць, падлячыць, апрануць. Зразумела, самымі абдзеленымі аказваліся дзеці.

Школа і кухня – памятаеце гэтую словы з 1915-16-17-18 гадоў? У 19-м, калі ў Вільні запрацавалі амэрыканскія кухні, мала што зьмянілася. Людзі галадалі, дзеці ня мелі прытулку, адраджэнцы намагаліся ўзяць жыцьцё ў краі пад кантроль. Амэрыканскія кухні сталі пераемніцамі папярэдніх, народных, хіба што працавалі з большым размахам. Кухні давалі ня толькі харч, але і працу тутэйшым людзям.

Гэтым часам у Вільню вяртаецца зь бежанства сям’я ўрадоўца Арсеньнева. Абсалютна расейскія людзі, расейскай культуры і выхаваньня. Што павінна было адбыцца, каб іхная дачка Натальля стала беларускай паэткай, аўтаркай гімну “Магутны Божа”? Мы ведаем, што падштурхнула яе пісаць вершы юначая закаханасьць у настаўніка беларускай гімназіі Максіма Гарэцкага. Але вось пытаньне: як дзяўчына з расейскай сям’і патрапіла ў першую і адзіную беларускую гімназію, калі ў Вільні хапала расейскіх школ? З успамінаў паэткі даведваемся, што шчасьлівы для беларускай літаратуры зьбег абставінаў быў яшчэ адной з многіх “прыгодаў АРА ў Беларусі”:

“Мы трапілі на кватэру да людзей, што прымалі ўдзел у жыцьці беларускага грамадзтва. Дачка іхная вучылася ў 8-й клясе 1-ае Віленскае Беларускае Гімназіі. Як толькі мы крыху паздаравелі, а маці перажыла першае гора па сьмерці мае сястры, яна пачала старацца неяк наладзіць нашае жыцьцё. Бацька быў ужо стары й хворы і ня мог шмат памагчы ёй у гэтым. Праз нашых гаспадароў маме ўдалося ўладзіцца працаваць на амэрыканскую дапамаговую кухню ў беларускай гімназіі. Гэта былі вельмі галодныя пасьляваенныя часы, і кухні такія былі адчыненыя пры ўсіх школах, каб дакармліваць дзяцей і моладзь. Працуючы там, мама пазнаёмілася і пасябравала шмат із кім з настаўнікаў, і ў выніку гэтага пад вясну 1920 году мы ўсе трое былі прынятыя ў гімназію”.

Такім чынам, зноў кухня, школа і... масоны. Менавіта ў Гувэраўскім інстытуце, дзе Аляксандар Лукашук зьбіраў матэрыялы пра прыгоды АРА ў Беларусі, месьцяцца асноўныя архівы з гісторыі масонства на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі, а супрацоўнікі АРА патраплялі ў рукі савецкіх чэкістаў, калі тыя рабілі “зачысткі” масонскіх ложаў (вядомыя такія выпадкі, напрыклад, у Ленінградзе).

Зьбіраючы ўсе гэтыя факты ў адно, зноў пераконваесься ва ўражвальным адзінстве нашай гісторыі, у якой пераплеценае тайнае і яўнае, заканамернасьці і выпадковыя зьбегі абставінаў, рацыянальная палітыка і кучаравыя мары. Адзінае, чаго нам бракуе, каб лепей ведаць сваю мінуўшчыну, як зрэшты і сучаснасьць, гэта непрадузяты погляд і вера ў праведнасьць думак і ўчынкаў нашых папярэднікаў. Калі такі погляд ёсьць, тады цалкам аўтаномныя, зусім розныя паводле характару і структуры і нічым быццам бы не зьвязаныя міжсобку дасьледаваньні зьліваюцца ў адзінай карціне пэўнага гістарычнага часу. Дзьве новыя кнігі, пра якія мы гаварылі сёньня, – акурат такі выпадак.

Падумалася, што калі б усё, што ў нас пішацца пра той пэрыяд кухні і школы, стваралася з такіх вось пазыцыяў, дык кожная новая кніга, незалежна ад яе жанру і стылю, рабілася б нібы чарговым томам у дадатак да ранейшых.

Непрадузятасьць і вера ў сваіх папярэднікаў немагчымыя, калі б вы мелі задачу падтрымаць вобраз ворага. Пераадолець стэрэатыпы бывае надзвычай цяжка. Але бяз гэта наш плён, нашы кнігі застаюцца разрозьненымі выпадкамі, якія выходзяць, зьнікаюць і забываюцца, як бы іх ніколі і не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG