Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Крол: “Справаздача аб уласнасьці і асабістых рахунках А.Лукашэнкі будзе неўзабаве перададзеная ў Кангрэс”


Валер Каліноўскі, Менск Як ідзе выкананьне амэрыканскага “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”? Ці перададзены ліст беларускіх прадпрымальнікаў прэзыдэнту Джорджу Бушу? Як ставіцца амбасадар ЗША ў Беларусі да паказу па беларускім тэлебачаньні фільма “Фарэнгейт 9/11” і да антыамэрыканскай кампаніі ў беларускіх дзяржаўных СМІ? На гэтыя ды іншыя пытаньні беларускай “Свабодзе” адказвае амбасадар ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джордж Крол. Цалкам інтэрвію пабачыце заўтра, а сёньня прапануем некалькі ўрыўкаў зь яго.

Гаворачы пра выкананьне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, падпісанага прэзыдэнтам ЗША 20 кастрычніка, амбасадар Крол паведаміў і пра рэалізацыю палажэньня гэтага закону наконт перадачы ўрадам у амэрыканскі парлямэнт зьвестак аб уласнасьці і асабістых рахунках А.Лукашэнкі і найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі.

(Крол: ) “Апошняя інфармацыя на гэты конт, якой я валодаю, сьведчыць аб тым, што такая справаздача рыхтуецца і неўзабаве яна будзе перададзеная ў Кангрэс ЗША. Аднак дакладна калі — я ня ведаю. Ведаю, што гэтая праца цяпер вядзецца”.

Амбасадар Крол паведаміў, што фармат гэтай справаздачы мае адкрыты характар, але некаторыя часткі ўрад можа зрабіць адкрытымі толькі для Кангрэсу. Амбасадар Крол паведаміў, што ўрад і людзі ў ЗША працягваюць пільна сачыць за лёсам Міхаіла Марыніча і іншых палітычных вязьняў у Беларусі. Абвінавачаньні спадара Марыніча ў тым, што ён нібыта скраў кампутары амэрыканскай амбасады, ЗША не прызнаюць і заклікаюць беларускія ўлады неадкладна яго вызваліць, заявіў спадар Крол:

(Крол: ) “Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць спадара Марыніча, паколькі лічым яго невінаватым у злачынстве, за якое яго асудзілі. Гэта варта зрабіць і з гуманітарных меркаваньняў, паколькі ягонае здароўе пацярпела ў турме, і яму патрэбны лепшы мэдычны догляд”.

Амбасадар Крол таксама гаварыў пра контрапрадуктыўнасьць намаганьняў афіцыйных СМІ Беларусі стварыць нэгатыўны вобраз ЗША і амэрыканскага народу. У сваіх штодзённых кантактах зь беларусамі спадар Крол не заўважыў, што гэтыя намаганьні неяк адбіліся на стаўленьні да амэрыканцаў. Менавіта да амэрыканскага прэзыдэнта зьвярнуліся беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі, калі адчулі, што іх правы парушаныя. Ацэньваючы сёлетнюю справаздачу Дзяржэпартамэнту аб правах чалавека ў Беларусі, амбасадар Крол прызнаў, што яна сьведчыць пра далейшае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі.

Акрамя таго, амбсадар Крол адказаў на пытаньні беларускай “Свабоды” наконт крытыкі Ірыны Красоўскай у дыялёгу з Джорджам Бушам пра выкананьне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, пра абмежаваньне ўезду ў ЗША для беларускіх чыноўнікаў, а таксама ці лічыць ён, што жыве цяпер у краіне-аплоце тыраніі, як казала дзяржсакратар Кандаліза Райс. Інтэрвію цалкам чытайце ў нашай заўтрашняй праграме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG