Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Юры Хадыка


Юры Хадыка, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Юры Хадыка — прафэсар, ляўрэат 1-й прэміі Савету Міністраў СССР за ўдзел у стварэньні сыстэмы раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе, стваральнік Музэю старажытнабеларускай культуры, намесьнік старшыні Партыі БНФ.

19 сакавіка

Цудоўны марозны і сонечны дзень. Субота. Але для мяне цяпер няма розьніцы, бо я на бальнічным. На днях атрымаў запрашэньне ад новага лідэра БСДП (НГ) Анатоля Ляўковіча папрысутнічаць на аб’яднаўчым зьезьдзе сацыял-дэмакратаў. Гэта неардынарная падзея. Таму мушу ехаць на месца збору, хаця яшчэ не рабіў пасьля апэрацыі такіх далёкіх падарожжаў.

Лёс новай беларускай сацыял-дэмакратыі для мяне неабыякавы. Я быў сябрам і калегам па адраджэнскім руху з заснавальнікам БСДГ прафэсарам Міхасём Ткачовым. Маё першае інтэрвію на палітычныя тэмы, якое было надрукаванае ў “Советской Белоруссии” вясной 1989 году, называлася “Я — прыхільнік сацыялізму”. Але і тады і сёньня я разумею, што калектывісцкія грамадзтвы ўстойлівыя толькі тады, калі ў іх пануе высокая маральнасьць. На жаль, у нашай гісторыі не было Канфуцыя. Таму сацыял-дэмакратычныя рухі заўсёды суправаджаліся сваркамі і расколамі. Але сёньня вядучыя партыі гэтага кірунку — БСДП (НГ) і БСДГ, якой кіруе апошнім часам Станіслаў Шушкевіч, аб’ядноўваюцца. І такія паважаныя мной людзі, як Алег Трусаў і Аляксей Кароль лічаць, што лідэрам новай партыі трэба абраць новага апазыцыянэра, экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, які нядаўна абвясьціў пра намер браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Гэта яшчэ адна нагода ехаць.

Да месца збору на аўтастанцыі “Дружная” дабраўся без прыгод на мэтро. Іншыя транспартныя сродкі для мяне пакуль непрыдатныя, бо калена яшчэ дрэнна гнецца. Тут я сустрэў шмат знаёмых — Міхася Чарняўскага, Анатоля Сідарэвіча, Лявона Дзейку, Паўла Знаўца, лідэраў мясцовых сацыял-дэмакратычных структур зь Пінску, Шклова і іншых месцаў. Нясьпешныя зборы. Потым два аўтобусы, вэн і некалькі аўто выправіліся за горад.

Каля адзінаццаці дасягнулі месца прызначэньня. Гэта матэль на берасьцейскай шашы. Але дзьверы зачыненыя, і дырэктар установы тлумачыць, што ў памяшканьне нас ня пусьціць, бо няма фармальнай паперы і няма перадаплаты. Таўчэмся на ганку, і каб ня сонейка, то было б холадна. Пранізьлівы вецер падымае сьнежны пыл. Арганізатары па чарзе спрабуюць угаварыць дырэктара, але безвынікова. Тым часам становіцца вядома, што міліцыя затрымала аўто Казуліна, які мусіў прыехаць крыху пазьней, каб папярэдне пасьпелі адбыцца канфэрэнцыі партый, што яднаюцца.

Аднак і зьяўленьне Казуліна не мяняе агульнай дыспазыцыі. Нам рашуча адмаўляюць у памяшканьні, бо папярэднія дамовы былі на словах і з чалавекам, у якога сёньня выходны дзень. Я чакаю палітычнай прамовы Казуліна. Але ён гаворыць пра нашу законапаслухмянасьць і пра парушэньне грамадзянскіх правоў дзяржавай. Нарэшце прапануе ехаць у рэзэрвовае месца. Нехта жартуе: “Цяпер нас ня будуць лічыць кадэбісцкім утварэньнем”.

Вяртаемся ў Менск. Па дарозе міліцыя спыняе ўвесь картэж і нешта шукае ў аўтобусах. Але адпускае ўсіх. Прыяжджаем да “Журавінкі” і займаем увесь другі паверх кафэ. Чалавек больш за дзьве сотні. Разглядаю публіку і крыху зайздрошчу. Салідныя разумныя людзі. Але няма ні С.Шушкевіча, ні М.Статкевіча. А таксама Н.Стужынскай, А.Астапенкі, У.Нісьцюка. Затое ў залі генэралы М.Грыб і В.Фралоў. Перамовы з адміністрацыяй кафэ вядзе А.Казулін. Высьвятляецца, што ў кафэ няма прадуктаў, што чакаецца міліцыя. Паяўляюцца нейкія людзі “ў штацкім”. А.Казулін паўтарае тэзы пра законапаслухмянасьць ды непавагу ўлады да свайго народу. Абяцае скардзіцца ў Канстытуцыйны суд. Па залі гуляюць лісты паперы з аднолькавым тэкстам. Там А.Казулін называецца старшынём новай партыі і пералічаюцца ягоныя намесьнікі. А.Кароль, М.Грыб, А.Ляўковіч, В.Малашка і іншыя. Хто згодзен, падпісвае такі ліст. У чатыры гадзіны, не паабедаўшы, разыходзімся.

Па дарозе дамоў спрабую прыпомніць хаця б нешта, што можна было б прыняць за праграму дзеяньняў, і не магу. Але новы старшыня паводзіў сябе як слуга партыі, а не як важак. Гэта дае надзею спадзявацца, што ягоныя намесьнікі распрацуюць сапраўды сацыял-дэмакратычную праграму для краіны, дзе адсутнічаюць правы асобы.

20 сакавіка

Цэлы дзень дома. Толькі двойчы выходзіў на шпацыры. А так чытаў газэты. Зьвярнуў увагу на артыкул Васіля Лявонава ў “Нашай Ніве”. Выклад ягонай прамовы перад студэнтамі і ліцэістамі, якія сабраліся недзе нелегальна. Таксама як і ўдзельнікі ўчорашняга зьезду. Тэкст добры і вельмі эмацыйны. Шкада толькі, што адсутнічае ідэя неабходнасьці адзінства апазыцыі. А сьцьверджаньні: “Толькі ў нацыянальнай дзяржаве ўсе мы, грамадзяне Беларусі, зможам здабыць нашу ўласную будучыню” і “Будаваць сваю нацыянальную дзяржаву — гэта інтэлектуальны выклік”, я цалкам падзяляю. Вялікую эвалюцыю прарабіў былы сакратар абкаму КПСС.

21 сакавіка

Двойчы быў у паліклініцы. Спачатку — на працэдуры, а потым — для выключна фармальнага наведваньня нейкай камісіі, што мае права працягнуць бюлетэнь звыш двух месяцаў. Фармальнага, таму што пасьля такой апэрацыі, як у мяне, тэрмін рэабілітацыі тры месяцы. І невядома, навошта цягнуцца лішні раз у паліклініку. Але дзённую норму хаджэньня на мыліцах перавыканаў удвая.

Вечарам, як заўсёды па панядзелках, Управа БНФ. Сёньня асабліва цікавая, бо Вячорка вярнуўся з працяглага ваяжу ў ЗША. Ён браў удзел у паседжаньні Рады БНР, у працы балтыйскай групы Кангрэсу ЗША, дзе зрабіў даклад пра становішча ў Беларусі. Нарэшце, апошні тыдзень разам з прадстаўнікамі аб’яднанай апазыцыі меў шматлікія сустрэчы ў Кангрэсе і Дзярждэпартамэнце. Увага да Беларусі расьце. Гэта добра. На думку Вінцука, ёсьць шанец, што і “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” не застанецца пустой паперай, але будзе напоўнены рэальным зьместам.

Я стары чалавек і ня маю падстаў баяцца лукашэнкаўскай прапаганды, калі кажу пра грашовую падтрымку апазыцыі з-за мяжы. Яна абсалютна неабходная, бо нутраныя фінансавыя крыніцы цалкам кантралююцца рэжымам. Сьмешна гучыць тэзіс пра недапушчальнасьць умяшальніцтва ў нутраныя справы РБ. Недапушчальным зьяўляецца брутальнае парушэньне грамадзянскіх правоў. Многія яшчэ памятаюць часы “дактрыны Брэжнева”. Яна дазваляла збройнае ўмяшальніцтва ў справы краіны, дзе паўставала пагроза камуністычнаму рэжыму. Нават бяз згоды мясцовай улады. І, наагул, камуністы СССР умешваліся ў справы любой краіны, калі стваралася такая магчымасьць.

Толькі праз 15 гадоў вялікі прэзыдэнт Р.Рэйган знайшоў адпаведны адказ на “дактрыну Брэжнева”. Ён абвясьціў СССР “краінай зла”. І даў зразумець, што не зьбіраецца ў адносінах зь ёю прытрымлівацца нормаў, прынятых у дэмакратычным сьвеце. Гэтая простая тэза дазволіла яму істотна павялічыць ваенны бюджэт і распачаць будаўніцтва грандыёзнай абарончай сыстэмы, якую камуністы хлусьліва называлі “зоркавымі войнамі”. Заняпалая эканоміка СССР не дазволіла яму адказаць на выклік распрацоўкай высокатэхналягічнай зброі. Таму шукалі “асымэтрычны адказ” і выраблялі ўсё больш танкаў, гармат, пяхотных мінаў і атрутных газаў. Пад канец існаваньня СССР толькі ў ГДР стаяла армада 40 тысяч танкаў. Гэтае шаленства і разбурыла СССР.

Рэспубліка Беларусь — аскепак былой “імпэрыі зла”. Мы не адмовіліся ад яе спадчыны. Наадварот, ганарымся ёю. І я ня бачу падстаў, чаму ў вачах прэзыдэнта Дж.Буша дачыненьні ЗША з прэзыдэнтам А.Лукашэнкам павінны быць такімі самымі, як з прэзыдэнтам Ж.Шыракам. У палітыцы, як і ў жыцьці, павінна быць лёгіка і пасьлядоўнасьць. Калі дэмакратычныя сілы ў Беларусі жорстка падаўляюцца, дэмакратычны сьвет мае права і абавязаны аказаць гэтым сілам усю магчымую дапамогу.

22 сакавіка

Сёньня дзень народзінаў у маёй нявесткі Люды з Смолікаў. Жонкі старэйшага сына Аляксея. Прыгожай і разумнай жанчыны. Валя, мая жонка, з раніцы адправіла ёй СМС-пасланьне з доўгім пералікам пажаданьняў. Відавочны ўплыў перадачы нашага радыё “Вітаем, віншуем, жадаем”.

Пасьля абеду да мяне зьявіўся наш сябра з Маладэчна, які мае схільнасьць да прынцыповай крытыкі фізыкі як навукі. Я маю немалы вопыт абвяржэньня разнастайных “адкрыцьцяў”. У свой час памочнік прэзыдэнта Акадэміі дасылаў мне гэткія матэрыялы з прыпіскай: “Хадыка, прашу даць адказ”. І я пісаў тлумачальныя запіскі. Ніводнага разу не было працягу такой перапіскі. Аднак з маім сябрам Пятром з Маладэчна выйшла інакш.

Ён ужо прысылаў мне сваё вынаходніцтва — “Спосаб падаўленьня трапічных ураганаў”. Я пастараўся даць спакойнае і падрабязнае тлумачэньне, чаму прапанаваны спосаб не вырашае праблемы. Гэты раз ён прыехаў зь вялікай колькасьцю памылковых палажэньняў, знойдзеных ім у двух школьных падручніках. І не згадзіўся ні з адным маім тлумачэньнем. Не падзейнічаў і мой аповед пра тое, як спэцкамісія АН СССР абвяргала веру ў лятальныя талеркі. Не адказаў ён і на маё пытаньне, што прымушае яго шукаць памылкі ў фізыцы, якая непарыўна разьвіваецца ўжо больш як трыста гадоў. Тым больш у падручніках. Але даў прачытаць уводзіны да кніжкі, якую мяркуе надрукаваць. На прамое пытаньне, ці стаў бы я друкаваць яго кніжку, я адказаў адмоўна. На разьвітаньне ён пацікавіўся, ці варта яму зьвяртацца да Шушкевіча?

Сёньня ж прачытаў ліст, які перадалі мне ўчора вечарам у сядзібе БНФ. Ліст аказаўся ад Валерыя Грыцука, былога сябра БНФ і былога дэпутата Першамайскага райсавету. Пазьней ён зьехаў за мяжу. Грыцук разам са мной і Зянонам Пазьняком балятаваўся ў 1995 годзе на пасаду старшыні БНФ і сабраў некалькі галасоў. Цяпер ён вырашыў балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. На жаль, Сойм БНФ ужо вылучыў кандыдатуру Алеся Мілінкевіча. Але заяву Грыцука я перадам кіраўніцтву “5+”. Дэмакратыя — вельмі дрэнная сыстэма, як лічыў У.Чэрчыль. Толькі лепшай не прыдумана.

23 сакавіка

Учора неаднойчы радыё і ТБ згадвалі пра гадавіну хатынскай трагедыі. А сёньня спаўняецца 141год з дня сьмерці на шыбеніцы Кастуся Каліноўскага. У беларускім эфіры — ні слова. Не хачу параўноўваць гэтыя даты. Але… але… За першай — памяць пра сотні спаленых вёсак і тысячы бязьвінна забітых людзей. Упэўнены, што ніхто з жыхароў Хатыні пальцам не кранаў таго нямецкага афіцэра, чыя сьмерць паслужыла нагодай для бессэнсоўнай расправы. За другою датаю — таксама ня толькі сьмерць кіраўніка паўстаньня, але і сотні павешаных, тысячы забітых у баях з карнікамі. Дзясяткі тысяч сасланых на катаргу і ў аддаленыя раёны імпэрыі.

І там і там — расправа. Але якая розьніца ў нагодах да гэтых распраў! З аднаго боку — шалёны тэрор раззлаваных акупантаў. З другога — трагічны канец няроўнага і мужнага змаганьня. Тая моладзь, залатая моладзь Беларусі, што пайшла за Кастусём Каліноўскім, сьвядома кінула выклік тыраніі і рабству і сканала ў барацьбе за свабоду. Хатынь зьвернутая ў мінулае. Сьмерць Кастуся кліча ў будучыню.

Сёньня я вып’ю за памяць аб героях студзеньскага паўстаньня 1863 году. Хай сабе гэта і барбарскі звычай. І добра было б паслухаць песьні касінерскага цыклю Сяржука Сокалава-Воюша.

24 сакавіка

Учора ўвечары пачуў па “Свабодзе” пра арышт Зьмітра Бандарэнкі. Мы ўжо добра абжылі нары на Акрэсьціна, і народ ужо не зьвяртае ўвагі на нашы пакуты. Трэба нешта рабіць з нашай тактыкай супраціву. У астатнім — дзень звычайны. Пярэдадзень нашага сьвята.

25 сакавіка

Як стала цёпла! Здаецца, прырода сьвяткуе разам з намі Дзень Волі. Асаблівы дзень, які вярнуў нам годнасьць. Ён будзе жыць у вяках, якія б ні прыдумлялі яму альтэрнатывы. І як бы ні імкнуліся яго збэсьціць ворагі Беларусі. Вялікі дзень, калі нарадзіўся беларускі народ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG