Пачну зь ліста нашага апанэнта і нядобразычліўца — такія допісы хоць і нячаста, але сустракаюцца ў пошце беларускай “Свабоды”. Наш слухач Алег Бельскі з Магілёва прызнаецца, што Радыё Свабода яшчэ з часу халоднай вайны лічыць “варожай” і “падрыўной” радыёстанцыяй. Тым ня менш, ужо некалькі дзесяткаў гадоў ён нас уважліва слухае, як ён піша, “дзеля таго, каб ведаць ворага ў твар”. Вось фрагмэнт зь ліста Алега Бельскага:
“Часам чую, як ваша “Свабода” дае слова розным апазыцыйным здраднікам, якія паліваюць брудам Лукашэнку і яго палітыку, расказваюць розныя небыліцы пра яго паплечнікаў, крытыкуюць кожны іх крок. Але крытыкаваць і пляткарыць лёгка — а няхай бы самі паспрабавалі кіраваць такой вялікай краінай. Гэта ім не па замежжы езьдзіць ды зьневажаць Беларусь, якая іх выгадавала, дала адукацыю і прафэсію. Вядома, жыцьцё цяпер нялёгкае. Шмат розных прыстасаванцаў, якія замінаюць прэзыдэнту, устаўляюць яму палкі ў колы. Але ж ён зь імі змагаецца. Паглядзіце, колькі розных хабарнікаў ды злодзеяў арыштавана, нягледзячы на пасады ды званьні.
Лукашэнка — неблагі чалавек, які хоча дабра людзям. Я веру на сто працэнтаў, што ніякіх мільёнаў ён сабе ў кішэню не кладзе. Ды і навошта яму гэта? Дзе ён тыя мільёны патраціць, калі яго ня хочуць прызнаваць ні Амэрыка, ні Эўропа? Але прэзыдэнтам ён у нас застанецца назаўсёды, назло ім. Абломяць аб Беларусь зубы і Амэрыка, і Эўропа, і Расея. Няхай ведаюць, што мы не зьбіраемся ламаць перад імі шапку”.
Вось вы, спадар Бельскі, пішаце пра апазыцыйных палітыкаў: “Няхай бы самі паспрабавалі кіраваць такой краінай”. Але ж менавіта гэтага яны каторы ўжо год і дамагаюцца — шляхам свабодных і справядлівых выбараў дабіцца зьмены ўлады ў дзяржаве. Ды толькі ня хоча Аляксандар Лукашэнка нікому саступаць месца, перапісаў “пад сябе” Канстытуцыю, засяродзіў у адных руках усю ўладу, стварыў выбарчую сыстэму на савецкі ўзор, калі ў дэпутаты могуць трапіць толькі тыя, на каго пакажа выканаўчая ўлада.
Напэўна, пры пэўных абставінах рэжым аўтарытарнай улады можа захоўвацца дастаткова доўга. Але высокую цану за гэта давядзецца плаціць не Захаду і не Расеі, а самому беларускаму грамадзтву. Цана гэтая — страчаныя магчымасьці, упушчаны час, міжнародная ізаляцыя, а як вынік усяго гэтага — эканамічная адсталасьць ды нізкі жыцьцёвы ўзровень людзей. Дэмакратычныя краіны на Захадзе зусім не дамагаюцца ад сваіх усходнеэўрапейскіх партнэраў, каб тыя, як вы пішаце, “ламалі перад імі шапку”. Яны хочуць мець суседзяў прадказальных і заможных, якія жылі б паводле адзіных для цывілізаванай Эўропы дэмакратычных прынцыпаў, прымалі тыя ж каштоўнасьці, нарэшце, сталі б часткай адзінай эўрапейскай сям’і народаў. Бо толькі пры гэтых умовах можна разьлічваць на тое, што эўрапейскі кантынэнт засьцеражэцца ад катаклізмаў, якіх багата было ў мінулым стагодзьдзі. А пачыналіся ўсе эўрапейскія катастрофы якраз з аўтарытарызму і дыктатуры, зь непамерных палітычных амбіцыяў асобных лідэраў.
Наступны ліст — ад нашага даўняга слухача і аўтара Генрыха Аўцюкевіча зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну.
“Доўга вам не пісаў — цяжка хварэў, ды і цяпер хворы. Месяц правёў у шпіталях, спачатку ў раённым, потым у абласным. І ўсюды даводзілася самому, за ўласныя грошы набываць і лекі, і шпрыцы, і сыстэмы… Цяпер дома. Трэба працягваць лячэньне, а грошай, на жаль, няма. Часам не хапае нават на хлеб. Вялікі дзякуй вам за радыёпрымач: цяпер кожны дзень слухаю ўсе перадачы беларускай “Свабоды”. Ня ведаю, чым задаволены некаторыя пэнсіянэры. Гэтай жабрацкай пэнсіі не хапае нават на самае неабходнае, асабліва калі хварэеш. Цэны растуць і растуць, ледзь ня кожны дзень. А пэнсіі падбаўляюць раз на паўгода, ды і тое ўсяго па дзьве-тры тысячы рублёў. Затое якія спартовыя палацы пабудавалі і зьбіраюцца будаваць улады. Як жыве намэнклятура!
Мяне абурае, што паўсюль закрываюць незалежныя арганізацыі, газэты, што зьнішчылі Беларускі ліцэй і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Усюды пануе русыфікацыя. Усё больш пераконваюся, што пры цяперашнім урадзе паляпшэньня нашага жыцьця не прычакаем. Гэта варта было б зразумець усяму нашаму народу — і зрабіць высновы. Па-добраму зайздрошчу грузінам ды ўкраінцам, і шкадую, што нашы людзі не абудзіліся ад сьпячкі”.
Вы, спадар Аўцюкевіч, як чалавек вясковы, бачыце, як жывуць вашы суседзі, што працуюць у калгасе. Многія зайздросьцяць пэнсіянэрам і мараць самі хутчэй выйсьці на пэнсію, бо калгасныя заробкі часта яшчэ меншыя за сьціплыя сацыяльныя выплаты. А колькі выпадкаў, калі працаздольныя дзеці вымушаны быць утрыманцамі ў сваіх старэнькіх бацькоў-пэнсіянэраў. Ці ня з гэтай прычыны ў многіх вёсках пэнсіянэры лічацца ледзь ня самай заможнай часткай мясцовага насельніцтва. Цікава, што, назіраючы навакольную галечу, многія зь іх і самі ў гэта вераць. І шчыра ўдзячныя ўладзе за сваё, так бы мовіць, “прывілеяванае” становішча. Хоць сапраўдную вартасьць гэтых “прывілеяў” людзі адчуваюць адразу, як толькі ім даводзіцца жыць на адну гэту пэнсію — калі настае час, калі ўжо няма сілаў трымаць гаспадарку, араць, касіць ды працаваць у агародзе.
Ліст ад Вячаслава Сазонава з Баранавічаў:
“Беларуская “Свабода” для мяне на сёньня — адзіная альтэрнатыўная крыніца інфармацыі”, піша слухач. “І гэта ўжо амаль пяць гадоў. Але не заўсёды вас чуваць. Часта бываю ў камандзіроўках па Беларусі і бяру з сабой прымач кітайскай вытворчасьці “Масон”. Але ён прымае вашы хвалі яшчэ горш, чым менскі “Акіян”. Хачу набыць сучасны якасны прыймач, але які і дзе — ня ведаю. Хачу таксама запытаць у вас, ці варта браць прымачы “гарызонтаўскай” вытворчасьці? І яшчэ адно важнае для мяне пытаньне: чаму на Ўкраіну вяшчае ня толькі ўкраінская служба Радыё Свабода, а яшчэ і Бі-Бі-Сі, і “Голас Амэрыкі”, а ў нас ёсьць толькі “Свабода”? Няўжо Ўкраіне надаецца больш увагі, чым Беларусі?”
Зірніце на мапу Ўсходняй Эўропы, спадар Сазонаў: Украіна займае тэрыторыю, утрая большую, чым Беларусь. Яе насяляюць 50 мільёнаў чалавек — а гэта ў пяць разоў больш, чым у Беларусі. Апроч таго, каля дзесяці мільёнаў украінцаў жывуць за межамі сваёй радзімы (Вялікія і згуртаваныя ўкраінскія дыяспары ёсьць у Расеі, Канадзе, Злучаных Штатах). Эканамічны патэнцыял Украіны таксама непараўнальна больш магутны, чым Беларусі. Адпаведнае і яе месца ў міжнароднай палітыцы, і ўвага да яе ўнутраных праблемаў з боку Захаду і Расеі. Гэта аб’ектыўная рэальнасьць, і крыўдаваць на тое, што ўкраінскай тэматыцы надаюць большае значэньне ў сьвеце, ніяк не выпадае.
Што да кароткахвалевых прымачоў, пра якія вы, спадар Сазонаў, пытаеце. Натуральна, найлепш, калі б вам удалося набыць лічбавы прыймач якога-небудзь вядомага заходняга або японскага вытворцы (Sony, Grundig, Thompson) — у менскіх крамах іх можна знайсьці. Праўда, каштуюць яны ня танна. Зрэшты, і з дапамогай беларускага “Акіяну” слухаць “Свабоду” зусім магчыма — у дзесяткаў тысяч нашых слухачоў у Беларусі менавіта такія прымачы.
Ніна Палякова зь Менску свой ліст адрасуе ня столькі “Свабодзе”, колькі Багдану Андрусішыну, які тысячам аматараў беларускай песьні вядомы як Данчык:
“Шчыра хачу падзякаваць яму за беларускія песьні. У мяне ёсьць родныя, якія жывуць у горадзе Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрсі. Гадоў дзесяць таму яны прыслалі дзьве магнітафонныя касэты зь песьнямі Данчыка — “Мы яшчэ сустрэнемся” і “Я ад вас далёка”. Слухаючы гэтыя песьні, я разам сьпяваю, і мне здаецца, што радуецца ўсё навокал. Становіцца цяплей на сэрцы, і гэта дапамагае пераадольваць жыцьцёвыя цяжкасьці. Хацела б прыдбаць і іншыя песьні ў выкананьні Данчыка, але ня ведаю, дзе іх набыць. Дарэчы, разам з дачкой Вольгай я была на адзіным канцэрце сьпевака ў Беларускай філярмоніі. Гэта таксама было вельмі даўно, але ўспамін жыве дагэтуль. Хочацца верыць, што дачакаюся таго часу, калі ён зноў будзе мець магчымасьць прыехаць у Беларусь і прасьпяваць свае пяшчотныя песьні”.
Я, спадарыня Палякова, прачытаў ваш ліст Багдану Андрусішыну па тэлефоне, і ён прасіў перадаць самыя цёплыя словы падзякі. Усе апошнія гады Багдан шчыльна заняты журналісцкай і мэнэджэрскай працай, новыя запісы ў яго не зьяўляліся, і на беларускіх сцэнах ён пакуль што выступаць не плянуе — аб чым аматары ягонай творчасьці, якія дагэтуль успамінаюць той адзіны канцэрт дзесяцігадовай даўніны ў Менскай філярмоніі, шчыра шкадуюць. І пішуць пра гэта ў сваіх лістах на Свабоду, на хвалях якой часта гучыць голас Багдана Андрусішына.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by