Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар “Русской Америки” падаў у суд на Ірыну Халіп


Алег Грузьдзіловіч, Менск Рэдактар газэты “Русская Америка” Аркадзь Мар падаў у суд на беларускую журналістку Ірыну Халіп і выдавецтва “Марат”. Аркадзь Мар патрабуе абвергнуць некалькі выказваньняў, якія зрабіла Ірына Халіп на ягоны адрас пасьля таго, як амэрыканскі журналіст узяў інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі.

Вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп атрымала з Кастрычніцкага суду Менску паведамленьне, што на яе падаў зыск Аркадзь Мар – амэрыканец, які прадстаўляецца літаратарам і рэдактарам газэты “Русская Америка”, якая выходзіць ў Нью-Ёрку. Аркадзь Мар патрабуе ад журналісткі абвяржэньня двух выказваньняў на ягоны адрас, якія ён лічыць надакладнымі.

Нагадаю, зь месяц таму Аркадзь Мар, пра якога ў Беларусі мала хто ведаў, узяў інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі. Фрагмэнты гэтага інтэрвію дэманстравала Беларускае тэлебачаньне. Па БТ таксама было паведамлена, што газэта Аркадзя Мара “Русская Америка” назвала Аляксандра Лукашэнку “палітычным дзеячом года” і паабяцала надрукаваць зь ім інтэрвію на 12 старонках.

Праз тыдзень пасьля гэтага зьявіўся артыкул Ірыны Халіп пра Аркадзя Мара. За што ж пакрыўдзіўся амэрыканскі рэдактар на беларускую журналістку?

Ірына Халіп высьветліла, што інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам – ня першае журналісцкае дасягненьне Аркадзя Мара на тэрыторыі краінаў СНД, што раней ён гэтаксама пасьпяхова рабіў інтэрвію зь лідэрамі Туркмэніі і Кіргізіі.

Да таго ж, стала вядома, што газэта “Русская Америка”, якую прадстаўляў Мар, зусім не такая шырокавядомая, як яе назвалі беларускія афіцыйныя мэдыі. Як высьветлілася, “Русская Америка” Аркадзя Мара выходзіла толькі двойчы на год з адмысловымі выпускамі, прысьвечанымі Ніязаву і Акаеву.

“Шукаць на абшарах былога СССР людзей, якіх лёгка падмануць, каб атрымаць зь іх грошы – вось ягоны маленькі бізнэс”, – такую выснову зрабіла Ірына Халіп у сваім артыкуле пра Аркадзя Мара. Гэтае выказваньне ён і спрабуе цяпер аспрэчыць праз суд. Таксама амэрыканскі журналіст патрабуе абвергнуць выказваньне Ірыны Халіп пра тое, што нібыта “Лукашэнка ёсьць трэцяй ахвярай піяр-падманшчыка”.

Спроба амэрыканца Аркадзя Мара заступіцца за беларускага лідэра выклікала ў Ірыны Халіп пэўныя меркаваньні пра замоўшчыкаў гэтага зыску.

(Халіп: ) “Калі выйшаў мой артыкул, я добра памятаю, як тэлебачаньне паказала Мікалая Чаргінца з нашай газэтай. І Чаргінец казаў, што ён добра ведае гэтага чалавека, вельмі добра яго характарызаваў, і што ён перакананы, што ён будзе абвяргаць гэты паклёп у судзе. Такім чынам, верагодна, што гэта зусім і не Аркадзь Мар падаў у суд”.

У Кастрычніцкім судзе Менска мне пацьвердзілі, што зыск паданы ад імя Аркадзя Мара. “Матэрыяльных прэтэнзіяў да журналісткі не выстаўлена”, сказалі ў судзе. Іншую інфармацыю даваць там адмовіліся.

Мне не ўдалося злучыцца з Аркадзем Марам, каб высьветліць, ці не зьбіраецца ён пазьней заявіць і пра матэрыяльныя прэтэнзіі да Ірыны Халіп. Нават самыя эфэктыўныя пошукавыя сыстэмы “Google.com”, “Yandex.ru” і “Rambler.ru” не знаходзяць адрасу і тэлефону ягонай газэты “Русская Америка”. Дарэчы, гэтыя сыстэмы не знаходзяць і тое 12-старонкавае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, якое Аркадзь Мар паабяцаў надрукаваць у сваёй газэце.

На фота: Ірына Халіп
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG