Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 сакавіка 1921 году была падпісаная Рыская мірная дамова


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 18 і 19 сакавіка

18 сакавіка 1595 году Наваградак атрымаў свой гарадзкі герб: у чырвоным полі постаць архангела Міхаіла ў чорным убраньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай – шалі.

18 сакавіка 1812 году менскі біскуп Якуб Дэдэрка з амбону гарадзкой катэдры абвяшчае пра стварэньне “Менскай канфэдэрацыі”, якая мусіць згуртаваць гараджан на падтрымку францускага імпэратара Напалеона. У гэты самы дзень Дэдэрка арганізуе выезд менчукоў у Глыбокае, дзе яны ўрачыста вітаюць Напалеона. Пасьля гэтага біскуп Дэдэрка будзе езьдзіць па Беларусі і агітаваць людзей далучацца да францускага войска, якое ідзе на Расею.

18 сакавіка 1921 году ў Рызе падпісаная мірная дамова паміж РСФСР і Польшчай. Паводле дамовы частка Беларусі адыходзіла пад польскую акупацыю. Заходняя Беларусь пасьля гэтага праіснуе пад Польшчай каля дваццаці гадоў. Прадстаўнікоў самой Беларусі на Рыскія перамовы не дапусьцілі.

18 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет археоляг Эдуард Вольтэр, які прысьвяціў жыцьцё вывучэньню старажытнае Беларусі; ягоны калега Канстанцін Палікарповіч, родам з Магілёўшчыны, які паміж іншым вывучаў касьцярэзнае мастацтва нашых далёкіх продкаў; беларускі мовазнаўца Аляксандар Булыка, які дасьледуе гісторыю мовы і яе запазычаньняў.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 18 сакавіка ў розныя гады, успомнім сёньня францускага паэта Стэфана Малярмэ, расейскага кампазытара Мікалая Рымскага-Корсакава і нямецкага вынаходніка Рудольфа Дызэля, які прыдумаў дызэльны рухавік. Адбылося гэта напрыканцы 19-га стагодзьдзя.

Цяпер – некалькі каляндарных адметнасьцяў заўтрашняе суботы.

19 сакавіка беларусы-каталікі ўшаноўваюць Язэпа. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, некалі гэты дзень зьвязвалі з прылётам буслоў. Казалі: “Як Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою”.

19 сакавіка 1629 году нарадзіўся расейскі цар Аляксей Міхайлавіч. У расейскай гісторыі ён празваны “цішайшым і дабрэйшым“. Што да Беларусі, дык нашыя продкі зьведалі Аляксея Міхайлавіча як пэўнага рэкардсмэна сярод расейскіх цароў у вынішчэньні беларускага народу. Менавіта за гэтым царом быў забіты кожны другі насельнік нашага краю.

19 сакавіка 1895 году нарадзіўся Тамаш Грыб, беларускі палітык. Ён паходзіў з Палянаў на Астравеччыне, вучыўся ў Празе, ва ўрадзе БНР быў міністрам земляробства і замежных справаў. Стварыў беларускую эсэраўскую партыю.

19 сакавіка 1931 году прыйшоў на сьвет беларускі гісторык літаратуры Генадзь Кісялёў, які напісаў шмат кніг па гісторыі культуры ХІХ ст., фактычна адкрыў для Беларусі гэтае стагодзьдзе на высокім акадэмічным узроўні.
XS
SM
MD
LG