Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк прадпрымальнікаў у Магілёве завяршаецца


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Прадпрымальнікі Магілёва, якія бралі ўдзел у страйку, зноў прыйшлі на цэнтральную плошчу гораду, да будынку аблвыканкаму. Яны імкнуліся даведацца ад сваіх лідэраў і прадстаўнікоў улады, на якія саступкі ў зьвязку зь іх патрабаваньнямі гатова пайсьці кіраўніцтва краіны.

Сёньня, на 14-ы дзень пасьля абвяшчэньня страйку, на плошчу Леніна ў Магілёве прыйшло больш за 100 прадпрымальнікаў. Большасьць страйкоўцаў ужо аднавіла працу. На сытуацыю паўплывалі ня толькі абяцаньні вырашыць праблемы гандляроў, але і пагрозы пазбавіць месца на рынку і накласьці штрафы.

Яшчэ вагаюцца, што рабіць далей — выходзціь на працу, працягваць страйк альбо ўвогуле зачыняцца — прадпрымальнікі, якія гандлююць у намётах на адкрытых рэчавых рынках. Гэтыя людзі лічаць, што яны нічога не дамагліся страйкам.

(Спадарыня: ) “Нават калі выйдзем, то пратрымаемся месяц-другі, і мы зачынімся. Мы ня выцягнем плаціць ПДВ. Мы ня выжывем”.

(Іншая спадарыня: ) “Людзі застаюцца бяз працы, без анічога, бяз сродкаў да існаваньня — і ніхто ня чуе. Вось як клапоціцца пра нас нашая дзяржава”.

Увогуле меркаваньні магілёўскіх прыватных гандляроў наконт вынікаў страйку падзяліліся.

(Спадарыня: ) “Тое, што зрабіў ласку наш прэзыдэнт народу і прайшоўся па рынку — гэта ўжо наша вялікая перамога. Выступы мне ягоныя не спадабаліся абсалютна, ён як быў далёкі ад нашых праблемаў, так і застаўся. Ну хоць нешта, канечне”.

(Іншая спадарыня: ) “Дамагліся таго, што паказалі: мы — сіла і маса. Бо аб’ядналася ўся Беларусь. Але калі ня пойдзе нам на саступкі дзяржава, значыць, тут ужо будуць падключацца палітычныя сілы”.

Кіраўнік управы прадпрымальніцтва Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Красоўскі, які выйшаў да гандляроў, параіў ім аднавіць працу, бо рэспубліканская камісія абавязаная ўрэгуляваць сытуацыю з дробнымі прадпрымальнікамі.

Рашэньні камісіі чыноўнікі паабяцалі паведаміць празь мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, каб у прадпрымальнікаў больш не было нагоды зьбірацца на цэнтральнай плошчы. Сёньняшні сход дробных гандляроў пакуль аб’яўлены апошнім. Страйк, які доўжыўся два тыдні, у Магілёве завяршаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG