Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сакавіка 1892 году нарадзіўся Алесь Чарвякоў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 8 сакавіка

8 сакавіка – міжнародны жаночы дзень. Чаму менавіта сёньня і з чым гэта зьвязана? У 1910 годзе на другой міжнароднай канфэрэнцыі жанчын-сацыялістак у Капэнгагене зь ініцыятывай штогод адзначаць міжнародны жаночы дзень выступіла Клара Цэткін. У 1970-я гады Міжнародны жаночы дзень пачала адзначаць ААН.

8 сакавіка 1892 году нарадзіўся Алесь Чарвякоў, кіраўнік Беларусі, які за савецкім часам, у 1920-я гады, разам з паплечнікамі праводзіў беларусізацыю краіны – у сфэры асьветы, культуры, а таксама зямельнае рэформы. Паходзіць Чарвякоў з Дукоры пад Пухавічамі. У 1915 годзе ён скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, быў адным са стваральнікаў беларускай сацыял-дэмакратыі, а пасьля абвяшчэньня БССР стаў старшынёй ураду. Але нацыянальны росквіт за бальшавікамі ня мог працягвацца доўга. У 1930-я гады на Чарвякова пачалі пісаць даносы. Тады ён зразумеў, што гэта канец усім ягоным памкненьням, і зьдзейсьніў самагубства.

8 сакавіка 1928 году пакінуў гэты сьвет першы прэзыдэнт БНР Пётра Крэчаўскі. Ён памёр у Празе, калі ўрад БНР ужо некалькі гадоў існаваў на эміграцыі. І сёньня на праскіх Альшанскіх могілках ёсьць помнік Пётру Крэчаўскаму, ля якога штогод на 25 сакавіка зьбіраюцца тутэйшыя беларусы і госьці.

Год таму, 8 сакавіка 2004 году, у Парыжы памёр яшчэ адзін дзеяч беларускае эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртаваньня ў Францыі “Хаўрус” і сябра рады БНР Міхась Наўмовіч. Ён пахаваны недалёка ад францускай сталіцы ў мястэчку Вілепэн. Родам Міхась Наўмовіч быў з Наваградчыны, меў мэдычную і мастацкую адукацыю. Жывучы ў Францыі, ён спалучаў творчасьць і выкладаньне з кіраўніцтвам “Хаўрусу”. Яго малюнкі і скульптуры ўпрыгожваюць францускія касьцёлы і сьцены дамоў. Ён аднаўляў выявы залатых ільвоў каля плошчы Канкорд. Пабудаваў у Альпах домік, які хацеў зрабіць месцам пленэраў беларускіх мастакоў. Рыхтаваў скульптуру для свайго роднага Наваградка, у якім ня так даўно пабываў. Апошнія гады зьбіраў успаміны для кнігі “Месца выданьня – Парыж”.

Таксама 8 сакавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет знакаміты францускі кампазытар Гектар Бэрліёз і амэрыканскі пісьменьнік, клясык навэлы Шэрвуд Андэрсан.
XS
SM
MD
LG