Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 сакавіка 1933 году ў ссылцы памёр Уладзімер Жылка


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 1 сакавіка

Напачатку згадаем пра памятныя даты 29 лютага – дня, якога ў сёлетнім календары не было. Людзі, якія прыйшлі на сьвет 29 лютага, могуць адзначыць свой дзень нараджэньня толькі раз на чатыры гады, бо толькі раз на чатыры гады бывае такі дзень. Здавалася б, і славутых імёнаў, што зьявіліся на сьвет 29 лютага, павінна быць меней, чым у іншыя дні. Але гэта ня так. Згадаем, прынамсі, кампазытара Джаакіна Расіні, з творчасьцю якога зьвязаны росквіт італьянскай опэры, або клясыка беларускага жывапісу, народнага мастака Беларусі Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, або беларускую пісьменьніцу Ядвігу Бяганскую, якой пашчасьціла вярнуцца на бацькаўшчыну пасьля дзесяці гадоў катаргі ў сталінскім ГУЛАГу. А пісала Бяганская кнігі для дзяцей.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

1 сакавіка – пачатак вясны.

1 сакавіка 1881 году беларускі тэрарыст Ігнат Грынявіцкі кінуў бомбу ў расейскага цара Аляксандра ІІ. Бомба разарвалася, загінулі абодва, цар і ягоны забойца. Праўда, адбылося гэта не адразу. Першая бомба, якую кідаў паплечнік Грынявіцкага Мікалай Рысакоў, толькі пашкодзіла царскую карэту. Тэрарыста схапілі, цар выйшаў з карэты, каб даведацца, што адбылося. Вось тут да яго і наблізіўся Грынявіцкі, які кінуў сваю бомбу проста пад царавы ногі. У кароткіх энцыкляпэдычных даведках звычайна не ўдакладняецца, што падчас гэтага тэракту загінулі яшчэ два чалавекі, а шасьцёра засталіся калекамі на ўсё жыцьцё.

1 сакавіка 1933 году пакінуў гэты сьвет адзін зь любімых беларускіх паэтаў, Уладзімер Жылка. Памёр паэт у сталінскай ссылцы і пахаваны ў далёкім расейскім горадзе Уржум.

Дарэчы, менавіта 1 сакавіка ў 1922 годзе ў савецкай рэпрэсіўнай сыстэме, што дзейнічала тады ў Беларусі, адбыліся знакавыя перамены. Замест скасаванай надзвычайнай камісіі – ЧК БССР – была створаная дзяржаўная палітычная ўправа – ГПУ БССР. У 1934 годзе ГПУ перадасьць эстафэту тэрору наступнай установе – НКВД БССР.

1 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет найвялікшы польскі кампазытар Фрэдэрык Шапэн і клясык японскае літаратуры Акутагава Рунаскэ.
XS
SM
MD
LG