Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе гаворка аб зьніклых палітычных і грамадзкіх дзеячах на паседжаньні калегіі МУС?


Алесь Дашчынскі, Менск 28 лютага ў канфэрэнц-зале дзяржаўнага экспэртна-крыміналістычнага цэнтра міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў плянуе правесьці паседжаньне калегіі міністэрства, на якой будуць разгледжаныя пытаньні, зьвязаныя з пошукам грамадзянаў, якія зьніклі бяз вестак. Ці пойдзе там гаворка пра зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага?

Паводле прэсавай службы міністэрства, гэтая калегія плянавая. Спачатку яна была прызначана на пятніцу, але потым, па нейкіх прычынах, пачалі перапісваць асноўныя дакумэнты, і пасяджэньне перанесьлі на сёньня. Супрацоўнік прэсавай службы Віталь Грынкевіч патлумачыў, што фармулёўка тэмы калегіі стала больш шырокай, гаворка пойдзе пра ўдасканаленьне мэтадаў вышуку.

(Грынкевіч: ) “Тут ідзе ў першую чаргу гаворка пра вышук злачынцаў і бязь вестак зьніклых у тым ліку. Калі браць пэрыяд за 12 гадоў, за ўвесь гэты час астатак асобаў, якіх не знайшлі, складае на сёньня 997 чалавек. У тым ліку ў гэтую катэгорыю, напэўна, трапляюць тыя людзі, пра якіх вы мне казалі. Пытаньне не здымаецца”.

Між тым на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 12 студзеня, на пытаньне пра вынікі пошуку Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага міністар Уладзімер Навумаў адказаў, што органы ўнутраных справаў робяць усё магчымае для пошуку зьніклых. Ён асабіста не падзяляе бязь вестак зьніклых на звычайных грамадзянаў і “ўсіх астатніх, якія нечым выдзяляюцца”. Паводле Навумава, часам у інтарэсах сем’яў гэтых людзей і іншых абставінаў гэта “ўсё магчымае” нікім не агучваецца.

Ад часу зьнікненьняў прайшло ўжо больш за пяць гадоў, але пакуль так і ня знойдзены палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. У зьвязку з калегіяй, якую правядзе міністар Уладзімер Навумаў, ці можна спадзявацца, што ён, нарэшце ўсур’ёз возьмецца за пошук зьніклых? Меркаваньне Алега Волчака:

(Волчак: ) “Ніхто сур’ёзна гэтым займацца не будзе, таму што ўжо іншыя сур’ёзныя людзі знайшлі адказы на гэтыя пытаньні і паказалі грамадзкасьці, хто скраў Юрыя Захаранку, хто скраў Віктара Ганчара, і эўрапейская супольнасьць схіляецца да высновы, што ў апазыцыі больш праўдзівыя доказы, чым ва ўладаў, па вэрсіі гэтых зьнікненьняў. Таму нічога новага там ня будзе і нічога новага там не запрапануюць. Тым болей што сам міністар Навумаў патрапляе ў гэты сьпіс, дык што ён, будзе сам пад сябе капаць? Гэта робіцца, каб проста ў чарговы раз паказаць грамадзкасьці ў Беларусі, што вось, мы, маўляў, зацікаўленыя, мы шукаем. Дык тут жа ўсё вядома – вось няхай дапытваюць Паўлічэнку, Ігнатовіча і шэраг іншых саслужбоўцаў, хто і куды выяжджаў і калі выкрадаў. Аўтамабілі і пісталет ёсьць. Мы ж усё гэта ведаем. Таму я вельмі сумняюся, што гэта будзе нейкая прадуктыўная размова”.

Паводле Алега Волчака, у міліцыі і ў КГБ займаюцца пошукам, але толькі фармальна. Справы зьніклых аўтаматычна падаўжаюцца: справа Юрыя Захаранкі падоўжана, да прыкладу, да 24 траўня.

(Волчак: ) “Мы ж ня ведаем, што яны там вядуць. Колькі разоў мы прасілі даць хоць папярэднюю інфармацыю, не патрабуючы ўжо вывучэньня ўсёй справы. Мы прасілі, каб яны паказалі, што зрабілі, колькі чалавек цягам пяці гадоў дапытана, якія вэрсіі адпрацоўваліся, фінансавыя ці эканамічныя. Сем’і пацярпелых ня маюць ніякай інфармацыі. З Вольгай Захаранкай мы дабіліся толькі таго, што яны нам паведамляюць кожныя тры месяцы, што справу падаўжаюць”.

Паводле Алега Волчака, цяпер у Эўропе актывізавалася праца па ўзбуджэньні крымінальнай справы, зьвязанай з палітычнымі зьнікненьнямі ў Беларусі.

Спадар Волчак мяркуе, што ў гэтым годзе гэтае пытаньне будзе вырашана. З Вольгай Захаранкай, якая жыве ў Нямеччыне, цяпер працуюць міжнародныя юрысты і адвакаты.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў разам зь цяперашнім кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Віктарам Шэйманам, міністрам спорту і турызму Юрыем Сіваковым і камандзірам аднаго з падразьдзяленьняў спэцназа Дзьмітрыем Паўлічэнкам патрапіў у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўрапейскага зьвязу і ЗША. Гэтыя асобы падазраюцца ў дачыненьні да зьнікненьняў апазыцыянэраў і журналіста. Спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы падрыхтаваў справаздачу “Зьніклыя людзі ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG