Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці выкрыта злачынная групоўка, якая займалася легалізацыяй скрадзеных аўтамабіляў


Алег Супрунюк, Берасьце Згодна з папярэднімі зьвесткамі, толькі праз гэтую групоўку паводле падробленых дакумэнтаў у Беларусь трапіла каля 40 іншаземных транспартных сродкаў.

Крымінальную справу ў дачыненьні да сямі жыхароў Берасьця — былых мытнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі — распачала абласная ўправа КДБ. Паводле сьледзтва, гэтыя грамадзяне складалі арганізаваную злачынную групоўку, якая дзейнічала цягам апошніх трох гадоў. Тэхналёгія злачынстваў была такая: праз мытню “Заходні Буг” у Беларусь траплялі скрадзеныя на Захадзе і ў Расеі аўтамабілі. На мяжы адбывалася іхнае фіктыўнае афармленьне мытнікамі, пасьля чаго машыны паводле падробленых дакумэнтаў праходзілі рэгістрацыю ў дзяржаўтаінспэкцыі. У берасьцейскім КДБ лічаць, што такім чынам было легалізавана каля 40 іншамарак.

Спэцслужбы пакуль ня маюць інфармацыі пра тое, хто рабіў фальшывыя тэхнічныя пашпарты на скрадзеныя аўтамабілі. Гэта можна сьведчыць пра тое, што ў падобны крымінальны бізнэс уцягнутыя і іншыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Сёлета на Берасьцейшчыне гэта ўжо ня першы выпадак, калі ў незаконным перамяшчэньні аўтамабіляў падазраюцца мясцовыя мытнікі. Цяпер дасьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да інспэктара пункту пропуску “Пясчатка”, якая дазволіла легалізаваць у Беларусі аўтамабіль “Даймлер-Крайсьлер”. Кошт гэтай іншамаркі ацэнены на 45 тысяч эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG