Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 лютага 1883 году нарадзіўся генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 лютага

10 лютага ў 1837 годзе ад раны, якую атрымаў на дуэлі, памёр расейскі паэт Аляксандар Пушкін. З гэтае нагоды ў гэты дзень у Расеі кожны год адзначаецца Дзень памяці Пушкіна.

10 лютага 1938 году ў Расеі карныя органы НКВД расстралялі клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Пакручасты лёс не перашкодзіў Гарэцкаму напісаць сапраўдныя шэдэўры нацыянальнае прозы, кнігі “На імпэрыялістычнай вайне”, “Дзьве душы”, “Камароўская кроніка” ды іншыя. Пасьля расстрэлу пісьменьніка многія ягоныя творы доўгі час былі забароненыя.

І ў той самы дзень у Курапатах пад Менскам служкі НКВД расстралялі 46 сялян-латышоў зь вёскі Гайсма Быхаўскага раёну. Іх зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Латвіі. Усяго з гэтым абвінавачаньнем было арыштавана 145 латышоў, грамадзянаў Беларусі.

10 лютага 1868 году прыйшоў на сьвет адзін з пачынальнікаў беларускага адраджэньня Карусь Каганец. Сапраўднае ягонае прозьвішча Кастравіцкі, і нарадзіўся ён у Сыбіры ў сям’і высланага туды беларускага паўстанца. Каганец быў актыўным удзельнікам самых пачаткаў беларускага тэатру і беларускай палітыкі, пісаў вершы, прозу і п’есы, а таксама чытанкі для дзяцей.

10 лютага 1883 году нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі генэрал і палітык. Родам ён з маёнтку Мейшты Браслаўскага павету. Коннае войска Булак-Балаховіча было самай моцнай вайсковай сілай, якая перайшла на службу да ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Таксама 10 лютага ў 1903 годзе прыйшоў на сьвет Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі палітык і пэдагог. Ён нарадзіўся ў Будславе Вялейскага павету, вучыўся ў Празе, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, пасьля вайны жыў і працаваў у Канадзе, быў кіраўніком беларускай сэкцыі радыё “Вызваленьне” – цяперашняй “Свабоды”, з 1970 году ўзначальваў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сярод вядомых людзей, што прыйшлі на сьвет 10 лютага ў розныя гады, згадаем таксама расейскага паэта, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Барыса Пастэрнака і нямецкага пісьменьніка Бэртальда Брэхта.
XS
SM
MD
LG