Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 лютага 1993 году Вярхоўны Савет Беларусі адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі Беларусі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 лютага

3 лютага 1468 году пакінуў гэты сьвет Ёган Гутэнбэрг, пачынальнік кнігадрукаваньня. У родным горадзе Майнцы Гутэнбэрг выдаваў Біблію па-лацінску, павучальныя кніжкі і календары. Аднак для самога Гутэнбэрга ягонае пачынальніцтва скончылася драматычна. Крэдытор адсудзіў у яго друкарню за даўгі. Што да ўсяго астатняга сьвету, дык ён разам з друкаванай кнігай перажыў сапраўдную рэвалюцыю культуры, навукі і асьветы.

3 лютага 1859 году нарадзіўся нямецкі авіяканструктар і прамысловец Гуга Юнкерс. У мінулую вайну ягоным імем у нас часта называлі нямецкія самалёты – юнкерсы. Самога стваральніка фірмы “Юнкерс” у тыя часы даўно ўжо не было на сьвеце.

3 лютага 1919 году на Ўсебеларускім зьезьдзе саветаў была прынятая першая канстытуцыя БССР. Фармальна краіна лічылася самастойнай, але фактычна цалкам падпарадкоўвалася расейскаму бальшавіцкаму ўраду ў Маскве.

З лютага 1927 году – дата, якая ўвайшла ў беларускую гісторыю пад назвай Косаўскага расстрэлу. У гэты дзень у мястэчку Косава польскія ўлады расстралялі мірную дэманстрацыю людзей, якія выступалі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады. На падтрымку грамады выйшла паўтары тысячы сялян. Дэманстранты прайшлі па вуліцы Косава, правялі мітынг. Калі яны зноў рушылі празь мястэчка, паліцыя пачала страляць. Было забіта шэсьць чалавек і некалькі дзясяткаў паранена. Пахаваньне забітых вылілася ў маніфэстацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і польскае акупацыі. Косаўскі расстрэл стаў пачаткам тэрору польскіх уладаў на акупаваных імі землях Заходняй Беларусі.

3 лютага 1989 году памёр беларускі скульптар Анатоль Анікейчык, помнікі якога ведае кожны. Дастаткова згадаць скульптуры ў Менскім парку імя Янкі Купалы або помнік Купалу, які быў усталяваны ў Нью-Ёрку.

3 лютага 1993 году Вярхоўны Савет Беларусі адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі Беларусі. За аднаўленьне дзейнасьці КПБ прагаласавала камуністычная большасьць парлямэнту.
XS
SM
MD
LG