Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Глускага раёну афіцыйна папярэдзіла старшыню ўчастковай камісіі


Марыя Ўсьціновіч, Глуск Празь некалькі месяцаў пасьля завяршэньня выбараў у парлямэнт пракуратура Глускага раёну вынесла афіцыйнае папярэджаньне старшыні аднаго з выбарчых участкаў Бабруйскай сельскай акругі за ігнараваньне зваротаў грамадзянаў.

У першы дзень датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах Глускі раённы клюб выбаршчыкаў і мясцовае прадстаўніцтва Беларускага Хэльсынскага камітэту вылучылі назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ў Глуску і сельскім раёне. Аднак ва ўчастковых камісіях спаслаліся на недакладнае афармленьне пратаколаў і з гэтай нагоды ў назіраньні адмовілі.

Глускія дэмакраты выказалі ў лістах да камісіі сваю нязгоду з такім рашэньнем, аднак некаторыя старшыні ім нават не адказалі. Тады са скаргай зьвярнуліся ў раённую пракуратуру, гаворыць кіраўнік клюбу выбаршчыкаў Ігар Кірын:

(Кірын: ) “Пракурор Ігар Севасьцееў сказаў, што калі нам не далі адказу на нашу заяву з участковай камісіі, то гэта яўнае парушэньне. Пракуратура аб’явіла афіцыйнае папярэджаньне старшыні Гагарынскай участковай камісіі Валянціне Дашкевіч”.

Папярэджаньне аб’яўлена ў сувязі з парушэньнем закону “Аб зваротах грамадзянаў”. Таму Ігар Кірын заявіў пра тое, што толькі часткова задаволены рэагаваньнем раённай пракуратуры на запыт назіральнікаў.

(Кірын: ) “Раённая пракуратура адрэагавала паводле сутнасьці, аднак пры ўсім гэтым няма дасюль адказу, чаму нашых назіральнікаў не дапусьцілі, хаця ўсе яны былі накіраваныя ў адпаведнасьці з законам”.

Ігар Кірын настойвае на тым, што павінны несьці адказнасьць усе, хто адмовіў грамадзянам у законным праве назіраць за выбарамі. Мясцовыя актывісты выказваюць гатоўнасьць змагацца за справядлівасьць у кожным канкрэтным выпадку парушэньня закандаўства, колькі б гэта ні заняло часу, каб у наступную выбарчую кампанію не дапусьціць зрыву незалежнага назіраньня ў Глускім раёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG