Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я хачу сказаць лідэрам апазыцыі. За вамі велізарная сіла стаіць! Трэба толькі яе арганізаваць і накіраваць”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 27 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Чатыры гады таму нам нашыя палітыкі навязалі прафсаюзнага лідэра камуніста Ганчарыка ў якасьці адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Няўжо тыя самыя палітыкі думаюць, што лідэр камуністаў Калякін – гэта тое, што трэба нашаму народу? Ці мала гэты народ адпакутаваў, а ў бальшыні сваёй і зараз пакутуе ад камуністычнага рэжыму? Што да асобы Калякіна, то ён ніяк не праявіў сябе ў барацьбе зь існым рэжымам. Ён нават грэбуе мовай народу. Як ён хоча кіраваць? І гэта ня дзіўна, бо сэрцам любога камуніста быў, ёсьць і будзе Крэмль. Уехаць у “чырвоны дом” на сьпінах тых, хто забыў на незалежнасьць Беларусі, каго і зараз перасьледуе і нават зьнішчае рэжым – гэта і ёсьць мара камуністаў. І калі шаноўны спадар Хадыка яшчэ разважае, падтрымае Калякіна партыя ці не падтрымае, то гэта наогул ганьба Народнаму фронту, у якім я была больш за 10 год і выйшла толькі з тых прычын, што яны раскалолі гэты фронт, і зганьбілі і збэсьцілі сапраўднага лідэра Зянона Станіслававіча Пазьняка, якога Хадыка, дарэчы, называў нарцысам. А хто для яго Калякін? Якой кветкай ён яго назаве?”

(Міхаіл Лекаў: ) “Добры вечар! Скажу некалькі словаў пра Галякост. Беларускі народ у гады другой сусьветнай вайны рабіў усё магчымае, каб выратаваць габрэяў, грамадзянаў сваёй краіны і ня толькі сваёй краіны. Беларусь і беларусы сплывалі крывёю, але тым ня менш яны паводзілі сябе адпаведным вобразам. Такое можа толькі вялікі народ! І я схіляюся перад беларускім народам. Пра гэта трэба казаць! І калі вы сапраўдныя патрыёты, вы будзеце пра гэта казаць і перадасьце ў эфір мае словы”.

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода! Я хачу ведаць, ці слухаюць лідэры апазыцыі гэтыя меркаваньні, гэтыя водгукі слухачоў? У Беларусі прайшлі вялікія зьмены. Я хачу расказаць пра сваіх сваякоў, бо мае сваякі першы і другі раз галасавалі за Лукашэнку. І колькі я зь імі не сустракаўся і не спрачаўся, яны мяне ня чулі. Другі раз яны пайшлі на гэты ганебны рэфэрэндум і ўсе галасавалі “супраць”, супраць ганебнага рэжыму, пры тым, што я ім нічога не казаў, яны самі дайшлі да гэтага. Яны не чытаюць апазыцыйных газэтаў, але ўсё-ўсё ведаюць. І яны дайшлі да таго, што самі мне казалі, што ўжо “Савецкую Беларусь” чытаць, а Беларускае тэлебачаньне слухаць нельга, бо там – хлусьня.

Я хачу сказаць лідэрам апазыцыі. За вамі велізарная сіла стаіць! Трэба толькі яе арганізаваць і накіраваць. Ёсьць людзі актыўныя і могуць рабіць актыўныя акцыі, ёсьць людзі менш актыўныя, яны могуць нешта іншае рабіць. А Беларусь уся павінна быць заваленая незалежнымі падпольнымі газэтамі і ўлёткамі, бо ў іх ня трэба саромецца, і ўсё трэба называць сваімі імёнамі. Хай адзін-два чалавекі прачытаюць і раскажуць іншым. І тады мы скінем гэты рэжым, гэтую дыктатуру. І ніякія мянты, ніякія прадажныя кагэбісты, якія здраджваюць свайму народу і сваім дзецям, адымаюць будучыню ў сваіх дзяцей, не ўтрымаюць гэты рэжым! Жыве Беларусь!”

(Слухач: ) “Паважанае Радыё Свабода – вы маё любімае радыё, 90 адсоткаў інфармацыі пра Беларусь я бяру ад вас. Хачу дадаць, параіць апазыцыі. Схадзіце ў бібліятэку і вазьміце гісторыю КПСС, прачытайце. Гэта клясыка: дзе ўзяць грошы на барацьбу з рэжымам, як захапіць уладу, як узяць уладу ў інтарэсах народу. Гэта па-першае.

Па-другое. Калякін – добры чалавек, ён моцны, сьмелы, але як процівага Лукашэнку, адзіны кандыдат ад апазыцыі, я думаю, што ён не падыдзе. Лепей Статкевіч альбо нават Пазьняк.

І трэцяе. Я хачу выказацца, бо пачуў меркаваньне, што Шушкевіч дрэнна кіраваў Беларусьсю. Беларусі ад Дземянцея пасьля Савецкага Саюзу дасталася вельмі страшэнная спадчына: татальны дэфіцыт, талёны і усё іншае. Шушкевіч за год ліквідаваў дэфіцыт і зрабіў Беларусь заможнай. Беларусы сталі нешта набываць, сталі багатыя, па дзьве-тры машыны сталі мець. Каб Беларусьсю зараз кіравалі Шушкевіч альбо Пазьняк, то Беларусь была б багатая і паважаная краіна ва ўсім сьвеце. А пры Лукашэнку мы – жабракі”.

(Зіноўеў: ) “Хацеў бы запярэчыць Уладзімеру Арлову, які ў адной зь перадачаў сказаў, што ў нас на Беларусі няма свайго Львова ці Данецку альбо Луганску. Я вось назіраю за горадам Смаргонь Гарадзенскай вобласьці. Год 15 таму і крыху пазьней улады ў Беларусі адчувалі нейкую няпэўнасьць у адносінах да Смаргоні, і таму гэты горад паспрабавалі задавіць. Задавілі яго цяпер коштамі, напрыклад, піва таньней за тысячу няма, хлеба таньней за 800 рублёў таксама няма. Горад стаў цьвярозым і злым. Таму я думаю, што Смаргонь магла б быць хавальніцай беларускага духу. Але ўлады адчувалі гэтую небясьпеку, таму стараліся горад раскласьці. І ёй гэта ўдалося, бо горад стаў цьвярозым і злым. Так што я думаю, што Ўладзімер Арлоў тут не зусім мае рацыю”.

(Спадар: ) “Добры вечар, Свабода! Мне падабаецца перадача “Час прэсы” з Расеі. Там дзяржаўныя чыноўнікі наўпрост размаўляюць з аўдыторыяй без усялякай лякіроўкі. Чаму ў нас такое немагчыма? Чаму нельга выступіць па тэлебачаньню і тым, і другім: і апанэнтам, і нашым дзяржаўным чыноўнікам? Растлумачце, калі ласка, калі магчыма”.

(Спадарыня: ) “Канцлягеры – гэта жахлівая зьява, якую праводзілі тагачасныя фашысты. Але мяне цяпер больш турбуе цяперашняе зьнішчэньне людзей. Возьмем Чачэнію, Югаславію, Ірак, Аўганістан. Як жа ставіцца цяпер да такіх сусьветных жандараў як Джордж Буш, які ўсіх бамбіць, і тых эўрапейскіх кіраўнікоў, якія дапамагаюць яму ў гэтым?

І вось цяперашні прэзыдэнт Польшчы Квасьнеўскі ладзіць урачыстыя мерапрыемствы, а гэта ж па сутнасьці – жалоба. І ён не запрашае нават кіраўнікоў тых краінаў, народы якіх больш за іншых папакутавалі ў часы вайны, людзей, якія пабывалі ў гэтых канцлягерах. Што ж ён за чалавек, гэты Квасьнеўскі, калі ён выкарыстоўвае палітыку для таго, каб помсьціць па ўказцы Буша такім прэзыдэнтам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG