Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат на прэзыдэнта ЗША Ральф Нэйдэр – на беларускай Свабодзе


Аляксей Знаткевіч, Прага Аналітыкі гавораць, што ён дапамог Джорджу Бушу абрацца прэзыдэнтам ЗША ў 2000 годзе. Сам ён кажа, што ня бачыць асаблівай розьніцы паміж дзьвюма асноўнымі партыямі ЗША. Кампанія “Джэнэрал мотарс” наймала прыватных дэтэктываў, каб знайсьці на яго кампрамат. У выніку прэзыдэнту “Джэнэрал мотарс” давялося публічна прасіць прабачэньня. Ён – мільянэр, які прынцыпова не карыстаецца крэдытнымі карткамі і трыццаць гадоў хадзіў у ботах з часоў сваёй службы ў войску. Амэрыканскі юрыст і палітык Ральф Нэйдэр – у гасьцях беларускай Свабоды.

Ральф Нэйдэр атрымаў шырокую вядомасьць у ЗША ў 1960-я гады, як змагар за правы спажыўцоў. Ягоная кніжка “Небясьпечныя на любой хуткасьці”, якая выйшла ў сьвет у 1965 годзе, выклікала сапраўдны скандал. У сваім дасьледаваньні Нэйдэр сьцьвярджаў, што амэрыканскія вытворцы аўтамабіляў сьвядома абмяжоўваюць выдаткі на бясьпеку і часта не выпраўляюць вядомыя заганы ў канструкцыі аўтамабіляў, што магло б зьменшыць колькасьць аварыяў. Пасьля публікацыі кнігі, кіраўніцтва аўтамабільнай кампаніі “Джэнэрал Мотарз” наняло прыватных дэтэктываў, каб сабраць на Нэйдэра кампрамат. Аднак у выніку прэзыдэнту “Джэнэрал Мотарз” Джэймсу Рошу давялося на слуханьнях у амэрыканскім Кангрэсе прынесьці Нэйдэру прабачэньні. Новыя стандарты бясьпекі прымусілі аўтамабільныя кампаніі выправіць шмат якія з ранейшых заганаў.

Ад таго часу рух за правы спажыўцоў у ЗША, ці не галоўным лідэрам якога стаў Нэйдэр, змагаўся супраць забруджваньня паветра і вады, за стандарты бясьпекі для харчовых прадуктаў і ў дзясятках іншых сфэраў. У 1971 годзе Нэйдэр заснаваў недзяржаўную арганізацыю “Public Citizen”. Цяпер яна аб’дноўвае дзясяткі грамадзкіх ініцыятываў, у якіх бяруць удзел каля 150 тысячаў чалавек. Я запытаўся ў Ральфа Нэйдэра, што ён лічыць найбольшым посьпехам і найбольшай паразай руху за правы спажыўцоў за дзесяцігодзьдзі свайго змаганьня.

(Нэйдэр: ) “Адным з найбольшых посьпехаў была нашая праца з аўтамабільнай бясьпекай і тытунёвай залежнасьцю. Колькасьць курцоў сярод дарослага насельніцтва ЗША цяпер менш за 23 працэнты. Гэтая лічба была 46 працэнтаў у 1964 годзе, калі выйшла першая справаздача міністэрства аховы здароўя, якая зьвязала курэньне тытуню і рак лёгкіх. Таксама вельмі значна зьменшылася адносная колькасьць катастрофаў са сьмяротным зыходам – ад 5,6 да 1,5 на 100 мільёнаў міляў аўтамабільных паездак. Гэта сьведчаньне прагрэсу ў рэгуляваньні аўтамабільнай бясьпекі. Я думаю, што найбольшая няўдача ў сфэры абароны правоў спажыўцоў зьвязаная зь фінансавымі паслугамі – банкі, страхавыя кампаніі, кампаніі, што займаюцца крэдытнымі картамі. У нашых гарадох найбяднейшых людзей жорстка эксплюатуюць з дапамогай рознага кшталту махлярскіх крэдытных схемаў. Тут зроблена вельмі мала, і ўсё больш людзей губляюць кантроль за сваімі грашыма. Іх кантралююць банкі ды іншыя фінансавыя інстытуты, якія накладаюць штрафы, спагнаньні за спазьненьне з выплатамі, вызначаюць ліхвярскія працэнты ў аднабаковым парадку, нібы яны – дзяржаўная ўлада, рэжым”.

Ральф Нэйдэр быў адным зь ініцыятараў “Акту аб свабодзе інфармацыі”. Гэты амэрыканскі закон дазваляе любому грамадзяніну зьвярнуцца ў дзяржаўныя установы, каб тыя далі яму азнаёміцца са сваімі афіцыйнымі дакумэнтамі, калі яны не сакрэтныя.

(Нэйдэр: ) “Гэта ў прынцыпе адзіны закон, выкананьне якога кантралююць самі грамадзяне. Яго выкарыстоўваюць асобныя грамадзяне, фірмы, прафсаюзы, каб атрымаць дакумэнты, матэрыялы, справаздачы, якія інакш бы не публікаваліся. І менавіта ўрад павінны даказваць, што нейкую інфармацыю нельга публікаваць. Большасьць іншых краінаў мае законы аб сакрэтнасьці, паводле якіх грамадзяне павінныя даказваць, што урадавую інфармацыю трэба публікаваць. Мы кажам, што інфармацыя – гэта валюта дэмакратыі. Гэта надзвычай важна, калі мы хочам прыцягнуць урад да адказнасьці, палепшыць яго, выкрыць яго неэфэктыўнасьць ці карупцыю”.

У 1996 годзе Нэйдэр упершыню ўзяў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Найбольшы розгалас атрымаў ягоны удзел у прэзыдэнцкай гонцы 2000 году. Тады Нэйдэр вылучаўся ад Партыі зялёных. Калі б ён здолеў набраць 5 працэнтаў галасоў, на наступную выбарчую кампанію партыя атрымала б дзяржаўнае фінансаваньне. Нэйдэр сабраў менш за 3 працэнты галасоў, але на думку многіх аналітыкаў менавіта ён шмат у чым вырашыў вынік выбараў. Рэч у тым, што у двух штатах – Нью-Гэмпшыр і Флорыда – была вельмі нязначная розьніца ў галасах паміж пераможцам выбараў Джорджам Бушам ад Рэспубліканскай партыі і тагачасным віцэ-прэзыдэнтам ад Дэмакратычнай партыі Элам Горам. Паводле многіх сацыёлягаў, калі б у сьпісе кандыдатаў не было Ральфа Нэйдэра, у гэтых штатах і, адпаведна, ва ўсёй краіне перамог бы Эл Гор, а ня Джордж Буш. Вось што пра гэта гаворыць спадар Нэйдэр.

(Нэйдэр: ) “Мы не павінныя глядзець на гэта так, нібыта дзьве асноўныя партыі маюць права ўласнасьці на выбарнікаў, а ўсе астатнія мусяць закрыць рот і слухацца”.

Аднак падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі Ральфа Нэйдэра пакінулі нават ягоныя былыя саюзьнікі з Партыі зялёных і вядомыя грамадзкія фігуры, якія яго раней падтрымлівалі – да прыкладу, кінарэжысэр Майкл Мур. Усе яны падтрымалі кандыдата ад Партыі дэмакратаў Джона Керы. Вось як гэта тлумачыць сам Нэйдэр.

(Нэйдэр: ) “У іх быў падыход: Хто заўгодна, толькі ня Буш. У нейкім сэнсе гэта была пастка. Такая мадэль – "пакіньце Керы ў спакоі, нічога не патрабуйце ад Джона Керы ў кірунку прыстойных заробкаў, усеагульнага мэдычнага страхаваньня, барацьбы са злачынствамі карпарацыяў, абароны спажыўцоў, аховы навакольнага асяродку і гэтак далей. У выніку інтарэсы карпарацыяў рухалі Керы ў іншым кірунку і зрабілі яго больш падобным на Буша, ён стаў выглядаць невыразным, няўцямным, падманшчыкам. Я думаю, што лібэралы, якія паводзілі сябе такім чынам, падарвалі пазыцыі Керы. Яны гаварылі: давай, сам вырашай, як перамагчы Буша, мы не дапаможам табе стаць больш папулярным, заняўшы лепшыя пазыцыі ў такіх пытаньнях як, напрыклад "Патрыятычны Акт" ці вайна ў Іраку. Таму яны нас пакінулі – з-за сваёй пазыцыі “Хто заўгодна, толькі ня Буш”. У выніку яны прайгралі гульню”.

У сваіх выбарчых кампаніях Ральф Нэйдэр жорстка крытыкаваў абедзьве асноўныя палітычныя партыі ЗША. Вось як ён акрэсьлівае іх пазыцыі.

(Нэйдэр: ) “Адрозьненьні толькі ў сацыяльнай сфэры – у сацыяльным страхаваньні, мэдычным страхаваньні. Але ў сфэры абароны спажыўцоў, экалёгіі, раздзьмутага ваеннага бюджэту, субсыдый для карпарацый – ва ўсім гэтым вельмі мала розьніцы. Ніводная з партый не заклікала да наступу на злачынствы і злоўжываньні карпарацый. З апошнія пяць гадоў такія злоўжываньні захлынулі нашую краіну, пачынаючы ад скандалу зь фірмай "Энрон". Гэтая хваля злачынстваў абрабавала працоўных, пэнсіянэраў і дробных інвэстараў на трыльёны даляраў. Судовыя выпадкі супраць такіх злачынцаў набываюць шырокі розгалас, але такіх судоў вельмі мала. Абедзьве партыі ўсё больш і больш служаць прадстаўнікамі гіганцкіх карпарацыяў. Наш урад у Вашынгтоне ператварыўся ў тэрыторыю акупаваную карпарацыямі. Нядаўна я склаў сьпіс усіх асноўных дэпартамэнтаў амэрыканскага ўраду ў Вашынгтоне. Кожны зь іх кантралююць гіганцкія бізнэс-лобі. З аднаго боку кіраўнікі кампаній на некалькі гадоў сыходзяць з бізнэсу на высокія пасады ва ўрадзе. Зь іншага боку, у Вашынгтоне працуюць 25 тысяч лабістаў мэдычнай прамысловасьці, нафтавай прамысловасьці, аўтамабільнай прамысловасьці, банкаў, страхавых кампаній і гэтак далей”.

Нэйдэр гаворыць, што ў цяперашніх умовах кінуць выклік манаполіі двух асноўных амэрыканскіх партыяў нейкая трэцяя партыя, зможа толькі тады, калі яе падтрымае хтосьці з амэрыканскіх мультымільярдэраў. Я запытаўся ў яго, ці не занадта супярэчлівая ідэя для мільярдэра – выступаць супраць інтарэсаў “вялікага бізнэсу”.

(Нэйдэр: ) “Гэта так для большасьці мультымільярдэраў. Але заўсёды ёсьць нешматлікія выняткі – людзі якія кажуць: я маю ўсе грошы, што мне патрэбныя, а цяпер трэба атрымаць месца ў гісторыі, зрабіўшы унёсак ў справядлівасьць, мір і прагрэс у сваёй краіне. Заўсёды ёсьць такія людзі – паглядзім, што прыгатавала для іх будучыня”.

Сам Нэйдэр не мільярдэр, а “ўсяго толькі” мільянэр, дзякуючы сваёй кар’еры пасьпяховага адваката. Ягоная асоба ў адных выклікае захапленьне, а ў іншых нянавісьць. Нэйдэр – мільянэр, які прынцыпова не карыстаецца крэдытнымі карткамі. Інтэнэт-энцыкляпэдыя “Wikipedia” піша, са спасылкай на біяграфію Нэйдэра, пра ягоную спартанскі лад жыцьця і асабістую эканомнасьць. Як прыклад падаецца тое, што нібыта ў 1969 годзе, звальняючыся з войска, ён апошні раз наведаў вайсковую краму і набыў дванаццаць пар абутку і чатыры тузіны вайсковых шкарпэтак, якія знасіў толькі пры канцы 80-х гадоў. Я спытаўся ў спадара Нэйдэра, ці гэта праўдзівая гісторыя.

(Нэйдэр: ) “Гэта было ў пяцьдзесят дзявятым годзе. Але гэта праўда. Абутак быў вельмі трывалы, вельмі танны. Я насіў яго шмат гадоў, пакуль не знасіў. Шкарпэткі таксама вельмі доўга трывалі. І я сапраўды ня маю крэдытнай карткі. Я лічу, што крэдытная картка – гэта мэханізм для імпульсіўных пакупак, які пазбаўляе цябе кантролю над прыватнай інфармацыяй. Кампаніі, якія займаюцца крэдытнымі карткамі, зьбіраюць розную інфармацыю пра вас і распаўсюджваюць яе праз кампутарныя сыстэмы. Я думаю, што вельмі важна самому кантраляваць свае грошы. Цяпер калі людзі сварацца з аўтамабільным дылерам ці з банкам, тыя адказваюць: "Ня дужа налягайце, бо пашкодзіце свой крэдытны рэйтынг і зьменшыце свае крэдытныя адзнакі!"

Некаторыя палітычныя апанэнты, аднак, ставяць пад сумнеў матывы паводзінаў Нэйдэра. Крытыкі гавораць, што Нэйдэр парушае тыя прынцыпы, да якіх заклікае іншых – у прыватнасьці, нібыта трымае акцыі кампаніяў, якія забруджваюць навакольнае асяродзьдзе і мала плаціць супрацоўнікам у сваіх няўрадавых арганізацыях.

(Нэйдэр: ) “Гэта няпраўда. Мы плацім нашмат болей, чым мінімальны заробак людзям, якія толькі скончылі каледж. Мы даем ім поўную мэдычную страхоўку, без дадатковых унёскаў зь іх боку. Што тычыцца маіх асабістых акцыяў, яны ня маюць дачыненьня да маёй працы, яны збольшага ў тэхналягічных фірмах, напрыклад Cisco. Большасьць маіх грошай у фінансавых фондах. Таму гэта хлусьлівыя цьверджаньні, якія пра нас увесь час распаўсюджваюць нашыя апанэнты".

Ральф Нэйдэр нарадзіўся ў сям’і эмігрантаў зь Лібану. Я запытаўся ў яго, ці адчувае ён, што пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня 2001 году ў Злучаных Штатах пагоршылася стаўленьне да выхадцаў з Блізкага Ўсходу.

(Нэйдэр: ) “Я думаю, гэта прызнаюць усе – нават прэзыдэнт Буш прызнаў гэта, калі сымбалічна наведаў мячэць, каб суцішыць варожасьць да амэрыканскіх мусульманаў пасьля тэрактаў 11 верасьня. Але такое здаралася з рознымі імігранцкімі групамі ў розныя часы. Наш урад у 1943 годзе зьняволіў 120 тысяч амэрыканцаў японскага паходжаньня, якія не зрабілі нічога падазронага, але іх разам зь сем’ямі адправілі ў лягеры. Розныя этнічныя групы ў розныя пэрыяды нашай гісторыі рабіліся ахвярай нецярпімасьці. Звычайна мы нармальна выходзім з гэтага і атрымоўвае лепшыя рашэньні Вярхоўнага суду ў абарону грамадзянскіх свабодаў для ўсіх людзей у нашай краіне”.

Заснаваныя Нэйдэрам недзяржаўныя арганізацыі, як і ён сам, часта выкарыстоўвалі судовыя пазовы для дасягненьня сваіх мэтаў. Пра схільнасьць амэрыканцаў зьвяртацца ў суд зь любой, нават дробнай нагоды, ходзіць шмат легендаў. Я асабіста чуў ад знаёмых амэрыканцаў гісторыю пра хатнюю гаспадыню, якая падала ў суд на вытворцаў мікрахвалёвых печак, бо тыя, маўляў, не напісалі ў інструкцыі, што ў іх печцы нельга сушыць хатнюю жывёлу, і ў выніку жанчына загубіла сваю кошку. Я спытаўся ў спадара Нэйдэра, наколькі імаверная такая гісторыя і ці лічыць ён, што судовымі пазовамі ў ЗША часам злоўжываюць?

(Нэйдэр: ) “Злоўжываньне ў тым, што большасьць людзей ня могуць сабе дазволіць карыстацца гэтай сыстэмай. У пераважнай большасьці выпадкаў з праблемнымі спажывецкімі прадуктамі і таксычнымі хімічнымі рэчывамі людзі не падаюць у суд. Страхавыя кампаніі ствараюць такую прапаганду з хлусьлівымі сэнсацыйнымі гісторыямі, каб заканадаўчыя органы зьвязалі рукі судам, якія і без таго даволі кансэрватыўныя. Большасьць судзьдзяў да прыходу на сваю пасаду былі юрыстамі ў бізнэс-арганізацыях. Нельга сказаць, што яны чытаюць Карла Маркса ў перапынку на абед. Прапаганда страхавых кампаній дазваляе ім патрабаваць большых унёскаў на страхоўку ад дактароў, ад іншых кліентаў. Агульныя выплаты за няякасныя прадукты і мэдычныя памылкі ў ЗША менш за 10 мільярдаў даляраў штогод, калі не лічыць выплаты ў справах аб шкодным уплыве асбэсту. А нашая эканоміка 11 трыльёнаў, і адна фінансавая група "Сіці" мае ўдвая больш чыстага прыбытку пасьля усіх падаткаў, чым гэтыя выплаты. Таму няма падставаў гаварыць, што ў нашым грамадзтве гэтак любяць судзіцца. Гісторыкі права падлічылі, што амэрыканцы падавалі болей грамадзянскіх пазоваў на душу насельніцтва ў 1840-м, 1850-м гадох, чым мы падаем сёньня. Адзіная сфэра, у якой рэзка расьце колькасьць судовых пазоваў, гэта суды адных бізнэсаў супраць іншых”.

Нэйдэр жорстка крытыкуе палітыку ЗША, але пры гэтым падкрэсьлівае свой амэрыканскі патрыятызм. У свой час ён заклікаў кіраўніцтва найбуйнейшых транснацыянальных кампаніяў, разьмешчаных у Злучаных Штатах, пачынаць сходы акцыянэраў з падняцьця амэрыканскага сьцяга. Я запытаўся ў спадара Нэйдэра ці бачыць ён нейкія краіны, у якіх атрымалася ўтаймаваць уладу буйных карпарацый і якія маглі б стаць прыкладам для астатніх, у тым ліку для ЗША.

(Нэйдэр: ) “Карпарацыі цяпер вядуць рэй ва ўсіх краінах. Але натуральна, што сацыял-дэмакратычныя партыі і скандынаўскія краіны гарантавалі сетку бясьпекі, якая вельмі прывабная для людзей у тым, што тычыцца мэдычнага страхаваньня, пэнсій, вакацыяў, грамадзкага транспарту, мінімальных заробкаў, правоў працоўных, моцных прафсаюзаў. Усё гэта пад пагрозай з боку карпаратыўнай глябалізацыі. Але напрыклад у Нідэрляндах ці Францыі значна лепшыя ўрадавыя праграмы для дзяцей, чым ЗША, у Нямеччыне значна лепшыя ўмовы для пажылых людзей. Аднак мы ня вельмі ахвотна вучымся ў іншых краінаў. Прапаганда працягвае гаварыць амэрыканцам, што мы краіна нумар 1, нумар 1, нумар 1, каб яны не задавалі пытаньняў кшталту: Калі у многіх краінах Заходняй Эўропы ўсе маюць 4-6 тыдняў аплачанага адпачынку, чаму гэтага ня маем мы ў Злучаных Штатах?"

Але шмат хто можа сказаць, што ў ЗША найбольш дынамічная эканоміка, вышэйшы эканамічны рост, чым у краінах Эўропы...

(Нэйдэр: ) “Так, але навошта гэта? Эканамічны рост павінен паляпшаць умовы для масы людзей, а не рабіць адзін працэнт усё багацейшым і багацейшым. Мы губляем мэту эканамічнай дзейнасьці. Мы мераем прагрэс не дабрабытам амэрыканскага народу, але дабрабытам алігархаў, якія кантралююць эканоміку і ўрад".

Калі ў 1995 годзе Злучаныя Штаты далучаліся да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, арганізацыя Ральфа Нэйдэра прапанавала 10 тысяч даляраў для ўлюбёнага дабрачыннага фонду любога кангрэсмэна ці сэнатара, які падпіша заяву, што цалкам прачытаў тэкст дамовы і публічна адкажа на 10 пытаньняў. Паводле Нэйдэра, на гэтую прапанову адгукнуўся толькі адзін сэнатар – Гэнк Браўн – які заявіў, што не жадае грошай і што пасьля таго, як прачытаў дамову, будзе галасаваць супраць яе ратыфікацыі. (Нэйдэр: ) “Яны мелі больш за год, каб прачытаць дамову аб Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і не зрабілі гэтага. Там усяго некалькі сотняў старонак, а гэта была найвялікшая здача сувэрэнітэту на мясцовым роўні, на роўні штатаў і на нацыянальным роўні ў гісторыі нашай краіны. Мы плацім ім заробкі, добрыя заробкі. Нашыя сэнатары і кангрэсмэны ўваходзяць у два працэнты амэрыканцаў з найвышэйшымі даходамі, таму мы павінныя патрабаваць, каб яны ведалі за што ці супраць чаго яны галасуюць. У гэтым выпадку мы давялі, што толькі адзін чалавек з 535 сэнатараў і кангрэсмэнаў знайшоў час прачытаць дамову. А калі ён яе прачытаў, ён зразумеў, наколькі яна антыдэмакратычная, наколькі яна абыходзіць нашыя суды, нашыя заканадаўчыя органы. Ён называў сябе прыхільнікам вольнага гандлю і за некалькі гадоў да таго галасаваў за НАФТА – зону вольнага гандлю ў Паўночнай Амэрыцы. Але ён прагаласаваў супраць Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Аднак ўсе астатнія чальцы Кангрэсу працавалі, прачытаўшы дзьве-тры старонкі пра агульны зьмест дамовы, атрымаўшы гэтыя дзьве-тры старонкі ад амэрыканскіх бізнэс-лобі”.

Многія з тых, хто бачыў, а ў некаторых краінах і дагэтуль бачыць гэтак званы “рэальны сацыялізм”, дзе дзяржава хоча кантраляваць усё, схільныя скептычна ставіцца да заклікаў да дзяржаўнага рэгуляваньня. Я запытаўся ў Ральфа Нэйдэра, як ён ставіцца да сацыялістычных сыстэмаў.

(Нэйдэр: ) “Канцэнтраваная ўлада ў любой форме – ураду ці бізнэсу – вядзе да злоўжываньняў. Гэта тое, што адбылося ва Ўсходняй Эўропе і ў Савецкім Саюзе – канцэнтрацыя ўрадавай улады. Але цяпер зьяўляецца тое, што ў нашай краіне называюць карпаратыўнай дзяржавай. Зьліцьцё вялікага бізнэсу і ураду, паварочвае ўладу супраць людзей на карысьць алігархаў. Наўрад ці каму хочацца перайсьці ад дыктатуры ўраду да дыктатуры гіганцкіх карпарацыяў. Нашыя краіны сыходзяць ад першапачатковага вызначэньня капіталізму да карпарацыйный дзяржавы. Гіганцкія міжнародныя карпарацыі выкарыстоўваюць урады супраць спажыўцоў, працоўных, дробных падаткаплатнікаў, супраць навакольнага асяродку і гэтак далей. [Прэзыдэнт ЗША] Фрэнклін Дэлано Рузвэльт у 1938 годзе у пасланьні да Кангрэсу заклікаў расьсьледаваць выпадкі канцэнтрацыі ўлады карпарацыяў. Ён тады сказаў: "Калі прыватная эканамічная улада кантралюе ўрад – гэта фашызм". Такое вызначэньне фашызму, паводле Рузвэльта. І нам трэба быць вельмі асьцярожнымі, каб разбураючы дыктатуры розных урадаў, не замяніць яе на дыктатуру плютакратыі і алігархіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG