Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міхаіла Марыніча пакаралі таму, што ён стаў здраднікам”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з найбольш адметных палітычных падзеяў апошніх тыдняў, якая выклікала шырокі розгалас у беларускім грамадзтве і рэакцыю за межамі Беларусі — абвінаваўчы прысуд Міхаілу Марынічу, былому міністру і амбасадару, які апошнія чатыры гады быў у апазыцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Гэтую тэму абмяркоўваюць у сваіх лістах на Свабоду і нашы слухачы.

“Слухаў вашу перадачу пра Міхаіла Марыніча, — піша нам Віталь Багданаў зь Менску. — Некаторым можа падацца, што ён бязьвінная ахвяра і палымяны барацьбіт за дэмакратыю і правы чалавека. Цікава, а чым ён займаўся да 2001 году, да таго моманту, як яму захацелася стаць прэзыдэнтам? Ды служыў Аляксандру Рыгоравічу, быў міністрам, амбасадарам. Абараняў яго на міжнароднай арэне. Тады яму і аўтарытарны лад падабаўся, і рэфэрэндум 1996 году, і ўціск дэмакратаў. На што ж ён у такім разе спадзяваўся, калі здраджваў свайму былому шэфу, які даваў яму і высокія пасады, і прывілеі, і немалыя заробкі?

Асабіста я ня маю вялікага даверу і павагі да нашай апазыцыі найперш таму, што яна прымае да сябе рознага кшталту перабежчыкаў, а па сутнасьці — здраднікаў. Дае ім высокія грамадзкія пасады, высылае ў замежныя паездкі, дазваляе расказваць міжнароднай супольнасьці пра так званыя “злачынствы рэжыму”. Вядома, Марыніч пацярпеў не за скрадзеныя кампутары, а за тое, што здрадзіў, перабег на бок палітычнага праціўніка. За гэта яго і пакаралі. Цяпер іншыя патэнцыйныя здраднікі сто разоў падумаюць, перш чым уцякаць з уладнага карабля”.

Калі вы, спадар Багданаў, сапраўды сачылі за судовым працэсам над Міхаілам Марынічам, то ведаеце, за што былога міністра пакаралі пяцьцю гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. За кампутары, якія ён нібыта скраў у грамадзкай арганізацыі, якую сам жа ўзначальваў. Пры гэтым уласьнік кампутараў — амэрыканская амбасада — ніякіх прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча у гэтай справе ня мае.

Зусім магчыма, што сапраўдныя прычыны арышту і жорсткага прысуду — якраз тыя, пра якія вы напісалі ў сваім лісьце. Але ў такім разе для якіх мэтаў у Беларусі выкарыстоўваецца судовая сыстэма, якая павінна быць незалежнай? І дзе гарантыя, што заўтра за любое іншадумства ня будуць хапаць на вуліцах і кідаць у турму? Што да службовай кар’еры Міхаіла Марыніча, якую ён рабіў ва ўрадзе Аляксандра Лукашэнкі… Гэта справа маральнага выбару самога палітыка, а таксама апазыцыі, да якой ён далучыўся, — даваць ацэнкі ў гэтай справе. У кожным разе, чалавек мае права мяняць погляды і месца працы, не баючыся за гэта крымінальнай адказнасьці.

Ліст ад Паўла Яльца з пасёлка Антопаль Драгічынскага раёну. Слухач піша:

“Ёсьць у мяне сябра, які жыве ў Антопалі, Мікола Герасімік. Ён паэт, бард, мае свае кнігі. Акрамя таго, ён — ваш новапрыдбаны сябар. Вечарыны і прэзэнтацыі безь ягонай гітары і вершаў — гэта не вечарыны і не прэзэнтацыі. Прынёс мне Мікола на Каляды ксэракопію кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай “Случайный президент”. Копіі старонак былі падшыты ў адну тоўстую папку з надпісам “Дело”. Дык я гэта “Дело” за два сьвяточныя дні і прачытаў, як кажуць, на адным дыханьні. Выснова мая такая: настане час, калі гэта кніга будзе праходзіць на судзе як матэрыялы крымінальнай справы.

Колькі словаў пра нашы мясцовыя навіны. Зноў аб’ядноўваюць калгасы. Ці будзе з гэтага толк — бог ведае. А зарплату тым часам выдаюць мукой ды цукрам. Пабудавалі некалькі новых дамоў калгасьнікам. Але, відаць, дужа эканомілі, бо атрымаўся летні варыянт. Хоць і няма сёлета ў нас сапраўднай зімы, а ў тых дамах усё роўна холадна”.

Ёсьць шмат вёсак, спадар Ялец, у якіх пабудаваныя за кошт дзяржбюджэту дамы так і застаюцца незаселенымі. І справа ня толькі ў тым, што, выконваючы дырэктыву ўлады пра няўхільнае зьніжэньне сабекошту, будаўнікі аддаюць перавагу прымітыўным праектам і танным няякасным матэрыялам, у выніку чаго жытло атрымліваецца і халодным, і няўтульным. Іншая, больш значная праблема ў тым, што нават бясплатным домам нельга завабіць спэцыяліста, калі заробак у калгасе не дацягвае да пяцідзесяці даляраў, ды яшчэ і выдаюць яго цукрам ды мукой.

Ліст ад Алеся Станкевіча з Горадні. Слухач піша:

“Колькі шуму было вакол паведамленьня аб тым, што Захад выдаткуе беларускай апазыцыі 40 мільёнаў даляраў. А тое, што Лукашэнка дорыць Расеі штогод сотні мільёнаў — аб гэтым ніхто не гаворыць (нават апазыцыйныя мэдыі, ды і Беларуская Свабода). Гэта і неабгрунтавана танны транзыт расейскіх грузаў празь Беларусь, і амаль бясплатная арэнда дзьвюх вайсковых базаў, і 200 мільёнаў даляраў, што беларускі бюджэт плаціць расейскім вайсковым пэнсіянэрам, і многае іншае. Вось кажуць, што Беларусь без Расеі прападзе. А Расея безь Беларусі — выжыве? Што было б, калі б Беларусь закрыла ўвесь транзыт, усе вайсковыя базы? А цяпер і Ўкраіна скажа сваё слова. Вось Расея зьбіралася пракласьці газаправод праз Балтыйскае мора. Але гэта — 7 мільярдаў даляраў і два гады працы. Хацелася б пачуць па Беларускай Свабодзе абмеркаваньне гэтай праблемы за круглым сталом”.

Гэтай тэме, спадар Станкевіч, мы надавалі даволі шмат увагі на працягу ўсіх апошніх гадоў. Нямала было і перадач на тэму ўзаемных эканамічных прэтэнзіяў — хто каму завінаваціўся і якім чынам разьлічвацца за ўзаемныя паслугі. Увесь час вяртацца да гэтай праблемы, калі на тое няма нейкай апэратыўнай падставы, не выпадае. Хоць у апошнія дні падстава зноў зьявілася: Аляксандар Лукашэнка чарговы раз абвінаваціў расейскі “Газпром” у празьмерных апэтытах.

Што да вашай высновы, што Аляксандар Лукашэнка нібыта дорыць Расеі сотні мільёнаў даляраў — то яна, на маю думку, занадта катэгарычная. Большасьць расейска-беларускіх супярэчнасьцяў і канфліктаў апошняга часу якраз і выкліканая тым, што Менск і Масква ніяк ня могуць палічыць, хто ў каго на ўтрыманьні і хто колькі недаатрымаў (адны — за газ і нафту, другія — за транзыт ды вайсковыя базы). Таму, уласна, і беларуска-расейскі саюз амаль разваліўся. Відавочна, палічыць правільна і справядліва ўдасца толькі тады, калі гандаль будзе весьціся па агульнапрынятых міжнародных коштах — гэтак, як ва ўсім сьвеце. І рана ці позна Беларусь і Расея вымушаныя будуць да гэтага прыйсьці.

Ліст ад Алеся Цадка з Маладэчна. Слухач піша:

“Часта задумваюся — у якой дзіўнай краіне абсурду мы жывём. Мелі гістарычную назву — Літва, а завемся Рэспублікай Беларусь. Маем уласную мову, а размаўляем па-расейску альбо на “трасянцы”. Мелі старажытныя герб і сьцяг, а памянялі на прыдуманыя. Будуем дзіўную эканоміку — рынкавы сацыялізм. Здабылі незалежнасьць, а імкнемся да саюзу з Расеяй, ды яшчэ з расейскім рублём у якасьці адзінай валюты. Прэзыдэнт называе сябе праваслаўным атэістам, і царкву гэта не бянтэжыць. Беларусы дагэтуль дзеляць сябе паводле веравызнаньня — на “палякаў” і “рускіх”. З тэлеэкранаў людзям убіваюць у галовы, што БНФ падчас вайны супрацоўнічаў з фашыстамі. (Які БНФ мог існаваць шэсьцьдзесят год таму?)

А калі чалавек у Беларусі размаўляе на роднай беларускай мове, дык для большасьці тых, хто побач, ён — злосны нацыяналіст. І пакуль мы будзем жыць у гэтым абсурдзе, чакаць чагосьці лепшага ў будучыні ніяк не даводзіцца”.

Думаю, спадар Цадко, вы і сам добра ведаеце вытокі пералічаных вамі рысаў беларускага грамадзтва і дзяржавы, якія, сапраўды, выглядаюць анамальнымі і парадаксальнымі. Але гэта толькі на першы погляд. Тлумачэньне вядомае кожнаму з нас, хто ёсьць часткай гэтага грамадзтва. Беларусы не пасьпелі скласьціся як нацыя. На пачатку мінулага стагодзьдзя гісторыя не дазволіла сфармаваць ім самастойную дзяржаву — як гэта ўдалося зрабіць літоўцам ці палякам. І беларуская мова па сутнасьці так і ня стала дзяржаўнай — нават у той кароткі пэрыяд нацыянальнага адраджэньня ў канцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, калі ў яе нібыта быў афіцыйны статус. Але да статусу яшчэ патрэбна грамадзкая запатрабаванасьць, нацыянальная сьвядомасьць людзей, якія лічаць сябе адзіным народам.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну, Павал Юшкевіч зь Віцебску, Фёдар Барадзін з Магілёва, Мікалай Бельчыкаў з Барысава, Генусь Агафонаў зь Віцебску, Мікалай Малмыга зь вёскі Дамейкі Шчучынскага раёну і Дзьмітры Ахрымук з Кобрыні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG