Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насельніцтва Кітаю перасягнула рубеж у адзін мільярд 300 мільёнаў чалавек


Юры Дракахруст, Прага Сёньня насельніцтва Кітаю склала адзін мільярд 300 мільёнаў чалавек. Пра тое, якія наступствы і пэрспэктывы мае кітайская палітыка стрымліваньня нараджальнасьці – у матэрыяле нашага карэспандэнта.

“Мільярд трохсотмільённы грамадзянін нарадзіўся ў 0 гадзінаў дзьве хвіліны 6 студзеня 2005 году” – заявіў прадстаўнік кітайскага ўраду самай шматлюднай краіны на Зямлі ў дзень, калі Кітай пераадолеў чарговы рубеж колькасьці насельніцтва.

Шмат для якіх краінаў, прынамсі для Беларусі, праблемай зьяўляецца нізкая нараджальнасьць, скарачэньне насельніцтва. Кітай сутыкаецца з адваротнай праблемай – імклівы рост насельніцтва можа разбурыць усе посьпехі эканамічнай палітыкі. Палітыку абмежаваньня нараджальнасьці кітайскі ўрад пачаў праводзіць з 1979 году, перасьцерагаючыся, што дэмаграфічны выбух можа прывесьці да натуральнага масавага голаду.

Пра вынікі гэтай палітыкі гаворыць амэрыканскі дэмограф Карл Гоб:

(Гоб: ) “У 50-я гады кітаянка мела ў сярэднім 6 дзяцей. У 70-х гэтая лічба скарацілася да пяці. У 80-х гэтых паказчык скараціўся напалову – адна кітайская жанчына мела ў сярэднім два з паловай дзіцяці. Нарэшце зараз гэты паказчык – адзін цэлы восем дзесятых. Гэта сапраўднае скарачэньне”.

Палітыка пад назвай “адно дзіця” на практыцы не азначала дакладна гэта. Напрыклад, не было абмежаваньня на нараджальнасьць сярод нацыянальных меншасьцяў Кітаю. У вёсках дазвалялася мець двух дзяцей, асаблівы калі першы – дзяўчынка. Аднак адносна большасьці грамадзянаў гэтае правіла дзейнічала вельмі жорстка.

Жанчынаў, якія ўжо мелі адно дзіця, часам прымушалі перарываць наступную цяжарнасьць і нават стэрылізавацца. Не было рэдкасьцю, калі мужчыны, чые жонкі нараджалі шмат дзяцей, атрымлівалі службовыя і партыйныя пакараньні, былі нават выпадкі, калі парушальнікаў правіла “адно дзіця” саджалі ў турму.

Гэтая палітыка, што праводзіць урад з камуністычнай няўхільнасьцю, дала свой плён. Паводле паведамленьня агенцтва Сіньхуа, дзякуючы менавіта гэтай палітыцы дасягненьне рубяжу ў мільярд трыста мільёнаў грамадзянаў было адцягнутае на 4 гады.

Экспэрты адзначаюць, што на зьніжэньне тэмпаў росту кітайскага насельніцтва паўплывалі і пасьпяховыя эканамічныя рэформы, мадэрнізацыя, рост сярэдняй клясы, імклівы рост гарадоў, больш шырокае прыцягненьне да працы жанчынаў.

У пэўным сэнсе кітайскае грамадзтва робіцца падобным на заходняе і адпаведна мяняюцца матывацыі. Для вялікай колькасьці кітайцаў і кітаянак, асабліва маладых, мэтаю робіцца не вялікія сям’я, а вялікі рахунак у банку. Таму незадаволенасьць, супраціў палітыцы “адно дзіця” само па сабе зьніжаецца.

Экспэрты адзначаюць, што павольны прырост насельніцтва дазволіў кітайскім ўладам засяродзіцца на фінансаваньні індустрыяльнага сэктару, перад імі не паўставала неабходнасьць рэзкага падвышэньня расходаў на адукацыю – колькасьць кітайцаў школьнага ўзросту зараз такая ж, як і ў 1982 годзе.

Сярод нэгатыўных наступстваў палітыкі “адно дзіця” – зьмена полавай структуры грамадзтва. У кітайскім грамадзтве лічыцца вельмі годным і паважаным мець менавіта сына. Таму шмат цяжарных кітаянак праходзяць дасьледаваньні па вызначэньні полу будучага дзіцяці і робяць аборты да тае пары, пакуль зачатае дзіцё ня будзе хлопчыкам.

Паводле ацэнак экспэртаў пры цяперашняй нараджальнасьці за наступныя 30 гадоў насельніцтва Кітаю вырасьце яшчэ прыкладна на 150 мільёнаў, а потым стабілізуецца і магчыма нават пачне крыху зьніжацца. Прагноз такі, што да сярэдзіны стагодзьдзя самай шматлюднай краінай сьвету стане Індыя, дзе будзе жыць мільярд 600 мільёнаў чалавек.
XS
SM
MD
LG