Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго вы чакаеце ў 2005 годзе? – на пытаньне адказваюць вядомыя беларускія палітыкі, пісьменьнікі і журналісты


Юры Дракахруст, Прага Пра пэрспэктывы распаўсюду на Беларусь “аранжавай рэвалюцыі”, пра вылучэньне адзінага альтэрнатыўнага кандыдата на прэзыдэнта, пра сцэнары эканамічнага разьвіцьця краіны, пра пагрозу “зачысткі” грамадзкага поля і глыбіннае нарастаньне пратэсту – на гэтыя тэмы разважаюць сталыя ўдзельнікі нашых перадачаў: Сьвятлана Алексіевіч і Аляксандар Грыцанаў, Леанід Заіка і Кірыл Пазьняк, Аляксандар Старыкевіч і Аляксандар Фядута, Віктар Шалкевіч і Ірына Халіп.

(Дракахруст: ) “Чаго Вы чакаеце ад новага, 2005 году? Пытаньне ў пэўнай ступені двухсэнсоўнае – чаго чакаеце можна прачытаць, як чаго хочаце, на што спадзяецеся, а можна і як – што прагназуеце, нават чаго перасьцерагаецеся? Адрозьніць уласнае жаданьне ад прагнозу часам бывае даволі цяжка, хаця зь іншага боку – што ж іншае рухае сьвет, як не жаданьні, спадзяваньні людзей?

Пытаньне пра чаканьні на сумежжы гадоў мы задалі вядомым у Беларусі людзям, сталым удзельнікам перадачаў нашага радыё. Мы не пыталі палітыкаў. І не таму, што іх меркаваньні менш цікавыя, проста ў палітыка аптымізм – неад’емны атрыбут прафэсіі.

Але пачнем усё ж з аптыміста, дакладней – аптымісткі. Гаворыць намесьніца галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газэты” Ірына Халіп”.

(Халіп: ) “Мне здаецца, што чакаць і прагназаваць – гэта рэчы, якія заўсёды адрозьніваюцца. Мы чакаем аднаго, а прагназуем зусім іншае. І таму хаця б у новым годзе мне б вельмі хацелася, каб гэтае супадала – чаканьні і прагнозы. Першае, чаго я чакаю і што я прагназую, гэтае тое, што на свабоду ўсё ж выйдуць Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі, Аляксандар Васільеў. Гэта для мяне галоўныя чаканьні.

Акрамя таго, заўважаю, што ў 2003 годзе адбыліся вядомыя падзеі ў Грузіі, у 2004 такія ж падзеі адбыліся ва Ўкраіне. 2005 год пакуль вакантны. Мне вельмі хацелася б, каб месцам, дзе мяняецца жыцьцё, стала ў рэшце рэшт Беларусь. Мы гэтага заслужылі”.

(Дракахруст: ) “Ірына, вось мы гаворым пра Ўкраіну, пра досьвед аранжавай рэвалюцыі. Але варта сказаць, што два гады таму блёк Юшчанкі заваяваў чвэрць месцаў у Вярхоўнай Радзе, і, дарэчы, парлямэнт адыграў значную ролю ў гэтай рэвалюцыі. Апазыцыя мела свае мэдыі, мела свой тэлеканал. Ва Ўкраіне і пры Кучме не было палітзьняволеных. Як гэта можа адбыцца ў Беларусі бяз той глебы, якая была ва Ўкраіне?”

(Халіп: ) “Тым больш гэта павінна адбыцца ў нас як мага хутчэй, таму што ў апазыцыі няма аніякіх шанцаў перамагчы легальна, няма сродкаў масавай інфармацыі, затое ёсьць палітзьняволеныя, і мне здаецца, што іх колькасьць будзе павялічвацца. Такім чынам ў нас проста павінен быць іншы сцэнар”.

(Дракахруст: ) “А зараз для кантрасту – слова скрайняму пэсымісту, публіцысту Аляксандру Фядуту. Паводле яго своеасаблівым прагнозам лёсу Беларусі ў 2005 годзе сталі апошнія кадравыя перастаноўкі. Іншымі словамі, Аляксандар мяркуе, што 2005 год будзе адрозьнівацца ад папярэдняга прыблізна гэтак жа, як Віктар Шэйман адрозьніваецца ад Урала Латыпава”.

(Фядута: ) “На жаль, нічога суцяшальнага прагназаваць не магу. Год, які адыходзіць, быў вельмі цяжкім і для Беларусі, і для большасьці суседніх краінаў. Мне нешта падказвае, што тое самае будзе адбывацца і ў надыходзячым годзе. Кадравыя зьмены, якія адбыліся ў нас, гэта і ёсьць у нейкай ступені прагноз таго, што будзе. Былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў спрабаваў захоўваць свой асабісты імідж лібэрала, новы кіраўнік Віктар Шэйман, наколькі я разумею, у гэтым амаль што не зацікаўлены. Тое, што напрыканцы году пачаліся гучныя арышты нават сярод членаў ураду – гэта таксама навявае дастаткова сумныя думкі.

Я разумею, што найбольш выгадна прагназаваць такія сумныя рэчы, як умацаваньне нашай уласнай ізаляцыі, таму што ў гэтым цяжка памыліцца. На жаль, будзе адбывацца менавіта гэта. Скончыўся суд над Марынічам, магчыма, адбудуцца іншыя судовыя працэсы над прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, магчыма – над прадстаўнікамі СМІ. Зразумела, што ўсё гэта не дадасьць павагі да нашай дзяржавы з боку заходніх краінаў.

Я не лічу, што перамога, якую атрымалі дэмакратычныя сілы ва Ўкраіне, нечым дапаможа нам. Наадварот, лічу, што гэтая перамога мабілізуе беларускую ўладу і тыя лабісцкія сілы ў Расеі, якія яе падтрымліваюць. 2005 год – апошні год, калі ў Пуціна ёсьць шанец зразумець, што Расея павінна стаць донарам дэмакратыі на постсавецкай прасторы. Калі гэтага не адбудзецца – будзе вельмі цяжка нам”.

(Дракахруст: ) “А зямляк Аляксандра Фядуты, паэт і бард Віктар Шалкевіч спадзяецца ў 2005 годзе на новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, прыкладна такімі ж, як выпалі на ягоную долю летась”.

(Шалкевіч: ) “Можа пытаньне ня надта добра пастаўленае – чаго я чакаю ад наступнага года. Я перш за ўсё задаю сабе пытаньне, чаго я чакаю ад сябе ў наступным годзе. Дык вось у наступным годзе я чакаю ад сябе, што я нарэшце сяду за тыя 15 песень, якія я распачаў у наступным годзе, і скончу іх. Па-другое, каб я прымусіў свайго лянівага аранжыроўшчыка скончыць акт супэропэры “Галілейская гісторыя”, каб Толік сеў, і мы б гэтую опэру аранжыравалі, сыгралі з аркестрам і запісалі.

На мяжы гадоў прыходзіць думка, што чалавек – як карабель, ён плыве, прыстае да розных выспаў, абтокаў, знаёміцца з рознымі людзьмі. Я чакаю, што 2005 год будзе для мяне годам знаёмства з вельмі цікавымі людзьмі, на якіх мне апошнія гады стала шанцаваць. Ніякіх пераменаў, мне здаецца, чакаць не даводзіцца. Тое пакаленьне, якое жыве цяпер, гэтых пераменаў не жадае, яму і так добра, усе задаволены ўсім, як той казаў, абы горш не было. У 2004 годзе я меў прыемнасьць асабіста пазнаёміцца з Віктарам Юшчанкам, я нават маю фотаздымак, дзе мы стаім утрох – мая жонка, Юшчанка і я. Падобнага на яго чалавека няма ані ў Беларусі ані нават ў РАСЕІ. Гэта палітык новага пакаленьня. І пакуль такі палітык у Беларусі ня зьявіцца, нічога ня будзе. Справа ў Юшчанку. Ён вырас не на грантах, ён сам сябе зрабіў. Калі зьявіцца такі чалавек, які сам сябе зробіць ў Беларусі, які будзе такі ж нармальны і адкрыты, як Юшчанка, я з задавальненьнем пайду за ім.

(Дракахруст: ) Пра досьвед украінскай рэвалюцыі, пра постаць яе лідэра думаюць усе нашыя суразмоўцы без выключэньня. Эканаміст, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што ўкраінскія падзеі актуалізавалі ў незвычайнай форме, здаецца, зусім прапагадысцкую праблему пра лідэра ўсходніх славянаў. Але найперш – прагноз Леаніда Заікі наконт эканамічных падзеяў 2005 году.

(Заіка: ) 2005 год абяцае быць вельмі цікавым. Па-першае таму, што сёлета адбылося шэраг важных палітычных падзеяў у Беларусі, ва Ўкраіне. Славянскі сьвет застыў у чаканьні.

Мяркую, што для Беларусі наступны год будзе крыху горш, чым 2004-ы. Няма той дынамікі, якую давала нафтаперапрацоўка, гэтыя магчымасьці, відаць, вычарпаныя. Беларускі ўрад імкнецца працягнуць сёлетнюю тэндэнцыю росту за кошт стымуляцыі росту даходаў насельніцтва. Народ чакае абяцаныя 250 даляраў заробку. Гэта будзе самым цікавым момантам гэтага года з улікам таго, што палітычна ён будзе нецікавы.

Я не чакаю палітычных сюрпрызаў ані з боку ўлады, ані з боку апазыцыі. Але палітыка падвышэньня заробкаў прывядзе да пэўнай супярэчнасьці: людзі, атрымліваючы больш высокія даходы, будуць купляць больш імпартных тавараў, і беларускім прадпрыемствам давядзецца змагацца за спажыўцы. Беларускі ўрад ужо зараз пачаў праводзіць палітыку пратэкцыянізму, уводзіць абмежаваньні на імпарт, у тым ліку і фізычнымі асобамі.

Гэта, можа, крыху сухая матэрыя. У больш шырокім пляне Беларусь у 2005 годзе будзе глядзець за Расеяй і Ўкраінай, супастаўляць плюсы і мінусы ўкраінскага шляху і руху ў фарватэры Расеі.

Афіцыйная беларуская прапаганда спалохалася ўкраінскай дэмакратычнай хвалі, ёй фактычна няма чаго сказаць. Тут узьнікае старое пытаньне, хто ёсьць лідэрам славянскага сьвету. У свой час Аляксандар Лукашэнка казаў, што Беларусь узяла на сябе гэтую місію лідэра ўсходнеславянскіх краінаў, бо ніхто іншы на гэтую ролю не прэтэндаваў. А тут атрымліваецца, што Юшчанка стаўся больш здольным палітычным лідэрам, які сапраўды прапанаваў новую пэрспэктыву, пакуль ня надта зразумелую, але з выразнымі эўрапейскімі контурамі.

Магчыма, апазыцыя пойдзе па шляху малпаваньня ўкраінскага досьведу. Гэта наўрад ці выкліча вялікі энтузіязм у грамадзтве, але ўладная эліта Беларусі будзе вельмі ўважліва сачыць за спаборніцтвам Расеі і Ўкраіны. Можа, мы больш будзем гледачамі. Хаця роля гледача геапалітычных і геаэканамічных працэсаў апошнія 10 гадоў нас задавальняла. Мы засядзеліся ў гэтых глядацкіх крэслах і не заўважылі, што фільм скончыўся, што мы сядзім і глядзім на экран, дзе мільгаюць незразумелыя зорачкі.

(Дракахруст: ) “Сп-р Заіка прагназуе нецікавы палітычны год. А на думку галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Кірылы Пазьняка пытаньне, ці здолее беларуская апазыцыя знайсьці свайго Юшчанку, стане галоўным палітычнай праблемай гэтага года”.

(Пазьняк: ) “Што тычыцца пэўных жыцьцёвых дзялак, то было б файна, каб пацікавела палітыка, бо ў ёй замала інтрыгаў. Збольшага гэта тычыцца беларускай апазыцыі, якой,на маю думку, варта шукаць і густоўныя, і плённыя паліттэхналягічныя хады. Шматлікія заявы і адозвы, папяровая палітыка ўстылі нават яе электарату. Што да палітызацыі грамадзтва, якое было пажадана апазыцыі, то шмат будзе залежыць ад таго, ці вылучыць яна са сваіх шэрагаў канкурэнтаздольнага, пазнавальнага, харызматычнага кандыдата на прэзыдэнта. Ідэальным варыянтам была б асоба на ўкраінскі ўзор – гэткі карэктны, нерадыкальны палітык кшталту Юшчанкі і вакол яго разнастайная, але паяднаная каманда, у якой былі б і мітынгоўшчыкі, і кабінэтныя прафэсіяналы. Праўда, такое разьвіцьцё падзеяў можа выклікаць і хутчэй за ўсё выкліча яшчэ больш брутальную палітыку ў дачыненьні да апазыцыі з боку ўладаў. Але ці здолее апазыцыя вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнта – гэта бадай галоўнае пытаньне палітычнага 2005 года.

Што да іншых інтрыгаў, то я мяркую, іх ня будзе, бо гэта па вялікім рахунку драбяза: наўрад ці стане дэпутатам Валер Фралоў, які імкнецца з другой спробы прабіцца ў парлямэнт, ну і толькі поўныя аптымісты, відаць, чакаюць зьдзяйсьненьня рэвалюцыі паводле сцэнара Андрэя Клімава.

Я думаю і расейскія, і беларускія ўлады на ўвесь 2005 год возьмуць паўзу і канфрантаваць ня будуць. Па газе дамовяцца, што да палітычных дачыненьняў, то абвастрэньня варта чакаць у 2006 годзе, бо нават калі Расея вырашыць зрабіць стаўку на альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата (што малаверагодна), яна ня будзе рабіць гэта публічна, каб не "сьвяціць" яго. Нейкая публічная падтрымка можа скончыцца тым, што гэты чалавек патрапіць за краты.

Мне здаецца, што Лукашэнка працягне палітыку манэўраваньня, калі адзін месяц могуць давацца ўказаньні МЗС наладжваць адносіны з Амэрыкай і Захадам, а другі месяц можа ісьці досыць жорсткая крытыка Мне здаецца, што гэта на Захад ужо ня будзе спрацоўваць, але з другога боку ў Захаду няма эфэктыўных рычагоў уплыву на Беларусь, ён паўтараецца ў сваіх захадах – гэта ці жорсткія заявы ці ўвядзеньне візавых санкцыяў”.

(Дракахруст: ) “Журналіст Аляксандар Старыкевіч мяркуе, што 2005 год можа стаць годам знаходжаньня альтэрнатывы, прычым альтэрнатывы ня толькі, і ня столькі пэрсанальнай”.

(Старыкевіч: ) “Галоўнае, чаго хацелася б ад 2005 году – каб нарэшце зьявілася рэальная альтэрнатыва, прычым альтэрнатыва не канкрэтным палітыкам і дзяржаўным дзеячам, а альтэрнатыўны шлях разьвіцьця краіны, які быў бы дастаткова прыцягальны і пераканаўчы для яе звычайных грамадзянаў. Думаю, што менавіта ў гэтым палягае спосаб рашэньня тых праблемаў, якія сёньня стаяць перад намі, а не выключна ў супрацьстаяньні, не ў зьменах у кіруючым эшалёне, хаця гэта таксама відавочная неабходнасьць.

Але пачынацца будзе, на маю думку, нашае выйсьце да сьвятла менавіта з адказаў на пытаньне "Што замест?".

Цяпер крыху пра кепскае. Я думаю, што лёгіка гэтага рэжыму такая, што ён можа толькі заціскаць гайкі, і ў гэтым сэнсе ад 2005 году можна чакаць толькі ўзмацненьня рэпрэсіўнай палітыкі да ўсіх грамадзкіх структураў, якія неляяльныя да ўлады. Пытаньне ў тым, да якой ступені гэты ціск будзе даходзіць.

Хутчэй за ўсё будзе доўжыцца палітыка самаізаляцыі і ад Захаду і ад Усходу, хаця з апошнім могуць быць варыянты. У нас на арэне сапраўды адзін гулец – гэта ўлада, а калі зьявіцца нехта іншы – тут ужо залежыць як раз ад таго, хто і наколькі пасьпяхова пачне даваць тыя адказы, пра якія я казаў. І гэта можа быць асоба зусім не абавязкова з цяперашніх палітычных колаў.

(Дракахруст: ) “Філёзаф і палітоляг Аляксандар Грыцынаў ня выключае, што ў 2005 годзе могуць адбыцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Але калі нават гэта не адбудзецца, гэты год стане годам падрыхтоўкі да галоўнага палітычнага змаганьня. Пры гэтым паводле Грыцанава ўкраінскі досьвед можа адыграць для Беларусі роля ня столькі ўзору, колькі прэцэдэнту таго, што падобнае можа адбыцца”.

(Грыцанаў: ) “Жадаў бы ўбачыць новых і добрых колераў, магчыма, памэранцавых. Вельмі шмат мітусьні з боку ўлады, вельмі шмат навацыяў і ў сфэры палітыкі, і ў сфэры эканомікі, таму што ў сьвеце будзе шмат розных зьдзяйсьненьняў вакол Беларусі, шмат новага будзе ў РАСЕІ і безумоўна ва Ўкраіне. Улада будзе вымушаная неяк рэагаваць. Справа ў тым, што 2005 год будзе яшчэ вельмі добрым для ўлады ў сьфэры эканомікі. Гэта ведаем і мы, і сама ўлада. Таму ўсё, што яна плянуе рабіць, яна будзе рабіць у 2005 годзе. Калі нават чакаць выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе, як гэта прадугледжана КАНСТЫТУЦЫЯЙ, 2005 год будзе часам падрыхтоўкі. Калі ж будзе прынятае рашэньне праводзіць датэрміновыя выбары, тады тым больш зразумела, што ўсё давядзецца рабіць у вельмі сьціслыя тэрміны. У любым выпадку ў 2005 годзе ўладзе будзе трэба "зачысьціць" палітычнае поле, падабраць канкурэнтаў.

У нас немагчымы ўкраінскі сцэнар, таму што ў нас іншая сытуацыя. Але прыклад выбару і народнага руху нагэтулькі моцнага, ён будзе вельмі важным для Беларусі. Галоўнае – прыклад. Па-другое Захад зразумеў, што можна штосьці зрабіць нават супраць такой моцнай намэнклятуры, як украінская. Таму і Захад паверыў у свае сілы і нашая апазыцыя паверыла ў свае сілы.

Я ніколі ня верыў Крамлю і асабіста Пуціну. І мяне вельмі цешыць, што рэсурс Крамля падобны на шагрэневую скуру. Расеі будзе ўсё менш справы да Беларусі і гэта вельмі добра. Чым менш Крамля ў Менску, тым лепш для Беларусі”.

(Дракахруст: ) “Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч лічыць, што 2005 год будзе часам глыбінных працэсаў у беларускім грамадзтве, годам назапашваньня страху ва ўлады і прыхаванага, падпольнага пратэсту ў грамадзтве”.

(Алексіевіч: ) “Я мяркую, што наступны год ня прынясе нейкіх асаблівых зьменаў, мне здаецца, што будуць адбывацца працэсы назапашваньня. З аднаго боку – назапашваньне страху ва ўлады. А з другога боку, як гэта ня дзіўна сёньня гучыць, бо часьцей сёньня гаворыцца, што мы ўсе баімся, падушкай тэлефон накрываем, тым ня менш у грамадзтве будзе нарастаць супрацьстаяньне, супрацьстаяньне падпольнага чалавека ці партызанскага чалавека, калі зыходзіць з беларускага гістарычнага досьведу. Таму што ўлада, мне здаецца, робіць памылкі. Там былі разумныя людзі, але зараз улада іх выкідае. Гэта дастаткова самазабойчы шлях пры тым, што выбары праз паўтары гады. Я мяркую, што вось гэтая татальная "зачыстка" усіх арганізацыяў, у пэўным сэнсе апазыцыйных – гэта небясьпечна нават для ўлады. Я не яе прыхільнік, але я магу сказаць, што калі б там заставаліся разумныя людзі, яны б сказалі, што апазыцыйны друк, грамадзянская супольнасьць усё ж былі пад кантролем гэтай улады. Для ўлады яны былі своеасаблівым тэрмомэтрам, можна было вымяраць тэмпэратуру грамадзтве. Сёньня абсалютна зачысьціўшы ўсю тэрыторыю, улада, у адрозьненьні ад таго, што яна думае, цалкам страціла кантроль над падзеямі, якія адбываюцца. Яна будзе сілкавацца сама сабой і ня будзе ведаць, што адбываецца там, пад ёй. А там будзе нарастаць супрацьстаяньне найперш намэнклятурнай часткі. Што тычыцца грамадзтва ў цэлым, то мы можам чакаць, што праз год гэтыя працэсы выйдуць на паверхню, як казаў Велімір Хлебнікаў " З прыцемку колькасьці ў сьвет якасьці". Я мяркую, што загнаўшы гэтага падпольнага чалавека ў сябе, улада падчас выбараў і сустрэнецца з гэтым падпольным беларускім чалавекам, партызанам. Немагчыма сёньня адгарадзіцца ад сьвету і лічыць, што ты жывеш нідзе, што ты агародзіш чалавека ад усяго, што адбываецца навокал, ад Украіны, ад Расеі, ад Францыі. Калі ўсё будзе загнана на ўласную тэрыторыю чалавека і ён застанецца сам насам з бюлетэнем, ён зробіць нечаканы выбар.

Але сёньня ідзе працэс назапашваньня, я не чакаю аніякіх пераменаў, дакладней, перамены могуць быць у гэтых самазабойчых дзеяньнях улады. Яна будзе гэта ўсё зачышчаць, падчышчаць, а мы будзем спрабаваць выжываць, жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG