Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аранжавая рэвалюцыя прыйдзе да нас з-за Прыпяці”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача “Паштовая скрынка 111”.

2004 год адлічвае свае апошнія дні. І пошта, якую мы атрымліваем у гэты час, у асноўным віншавальная, з падсумаваньнем вынікаў, з позіркам у будучыню, з роздумам і развагамі над пражытым. Для нашага даўняга слухача і аўтара, былога вайскоўца Ільлі Копыла зь Менску адна з галоўных падзеяў мінулага году — выбары і рэфэрэндум.

“Я цалкам быў згодзен з КХП-БНФ і Зянонам Пазьняком: трэба было байкатаваць і рэфэрэндум, і выбары, — піша слухач. — І ў той жа час я даў згоду ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Вінцука Вячоркі, хоць добра ведаў, якім будзе вынік. Вінцук Вячорка мне падзякаваў за дапамогу. А Ўладзімер Юхо з КХП-БНФ патэлефанаваў і паўшчуваў: “Што ж ты, спадар Ільля, на словах быў за байкот, а на справе зрабіў усё наадварот? Як гэта разумець?” Вось так я стаў двурушнікам.

Я не шкадую аб тым, што папрацаваў у Вінцука Вячоркі. Апраўданьне майму ўчынку адно: незалежна ад таго, адбыўся б байкот ці не, аддалі б выбаршчыкі свае галасы “за” ці “супраць” — у любым выпадку вынік быў бы той, які абвясьціў Цэнтарвыбаркам. Маюць рацыю тыя палітыкі, якія пасьля рэфэрэндуму заявілі, што гэтую ўладу канстытуцыйным шляхам зьмяніць немагчыма. Гэтая выснова і павінна стаць для апазыцыі зыходным пунктам для падрыхтоўкі далейшых дзеяньняў”.

Любая ўлада, спадар Копыл, законная толькі тады, калі заваяваная ў выніку справядлівых дэмакратычных выбараў. У гэтым сэнсе альтэрнатывы выбарам няма. Іншая рэч, якім чынам можна дамагчыся правядзеньня такіх выбараў ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, які цалкам кантралюе суды, выбарчыя камісіі і большасьць сродкаў масавай інфармацыі. Адзін з такіх шляхоў паказала Ўкраіна, дзе грамадзтва з дапамогай мірных масавых пратэстаў прымусіла ўладу прызнаць, што выбары былі сфальшаваныя, і правесьці перагаласаваньне, у выніку якога перамог дэмакратычны кандыдат.

Наступны ліст — ад Міколы Валошчыка зь Белаазёрску. Слухач піша:

“Я не хацеў бы болей чуць па Свабодзе галасы такіх служак рэжыму як Мікалай Лазавік альбо Павал Якубовіч. Можа, для іх грошы і не пахнуць, але ж слухачы не для таго зь вялікай цяжкасьцю настройваюцца на хвалю Свабоды, каб іх чуць. Ну, што карыснага можа сказаць чалавек з атачэньня Лідзіі Ярмошынай? Запалохаць беларусаў хлусьнёй, што Ўкраіна распадзецца, калі прэзыдэнтам стане Юшчанка? А Якубовіч, які ў кожным нумары выхваляецца тым, што беларуская эканоміка нібыта дасягнула росквіту? У гэтых людзей дастаткова трыбунаў, каб выказваць свае адыёзныя погляды. І ня трэба рабіць такой трыбунай для іх яшчэ і Свабоду.

Лепш бы вы наладзілі дыскусію наконт мэтазгоднасьці ўдзелу ў выбарах ва ўмовах дыктатуры. З аднаго боку, у такой дыскусіі мог бы ўдзельнічаць Зянон Пазьняк, як прыхільнік байкоту, а з другога — палітык, які выступае за ўдзел у выбарах. Атрымалася б вострая, зьмястоўная і карысная дыскусія. А ўвогуле — удзел у выбарах на ўмовах дыктатара — гэта гульня ў хакей, пры якой каманда апазыцыі вымушана гуляць бяз клюшак”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікалай Валошчык зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну.

Дзеля таго, каб аб’ектыўна разабрацца ў любой спрэчнай альбо канфліктнай сытуацыі, спадар Валошчык, трэба выслухаць усе бакі гэтай спрэчкі. Ці шмат у вас даверу да газэты, якая, крытыкуючы нейкага палітыка альбо грамадзкага дзеяча, не дае яму магчымасьці выказацца? І таму бесстароннасьць і незалежнасьць ад любых палітычных партыяў, кіроўных ці апазыцыйных групаў — важныя прынцыпы дзейнасьці Радыё Свабода.

Што да прапанаванай вамі дыскусіі наконт мэтазгоднасьці ўдзелу ў выбарах, то такія дыскусіі (у тым ліку з удзелам Зянона Пазьняка) ня раз гучалі на нашых хвалях напярэдадні і пасьля 17 кастрычніка. Цяпер актуальнасьць гэтай тэмы заўважна зьменшылася.

Ліст ад настаўніка-пенсіянера Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Слухач піша:

“На словах ўлада за сацыяльную роўнасьць і справядлівасьць, а на справе грамадзтва ўсё больш падзяляецца на багатых і бедных. Звычайны люд, які вырошчвае жывёлу і хлеб, вучыць ды лечыць людзей, атрымлівае ў сярэднім ад ста да пяцісот тысяч рублёў. А процьма дзяржаўных чыноўнікаў рознага кшталту, уладкаваўшыся хто бліжэй, хто далей ад намэнклятурнага карыта, штомесяц кладуць у кішэні ад шасьцісот тысяч да мільёна, і нават больш. Пакуль наш народ зь недаравальнай легкадумнасьцю будзе праглынаць так званыя “элегантныя” ды “ашаламляльныя” перамогі Лукашэнкі на выбарчых шоў-спэктаклях, ён ня стане нацыяй, а будзе заставацца ачмураным людзкім натоўпам, якім бессаромна маніпулююць.

Улада выпрабоўвае народнае цярпеньне. Уле ўрэшце ўсяму настае канец. Аказваецца, і ў цярпеньня ёсьць свой градус кіпеньня. Аб гэтым красамоўна сьведчаць падзеі ва Ўкраіне, дзе народ паўстаў супраць хлусьні і нахабства ўлады. Маніпуляцыі з волевыяўленьнем народу на выбарах ды рэфэрэндумах — гэта самае цяжкае злачынства, раўназначнае хіба што здрадзе радзіме. Няўжо ж цяперашнія падзеі ва Ўкраіне ня стануць павучальным урокам і для кіраўніцтва Беларусі, і для беларускага народу? Няўжо аранжавая рэвалюцыя ня прыйдзе да нас з-за Прыпяці?”

Украінскія падзеі ўжо сталі урокам для Беларусі. Іншая справа, Алесь Іванавіч, якія высновы будуць зробленыя ўладай і грамадзтвам на падставе гэтага ўроку. Для адных стала відавочна, што дэмакратыя непазьбежна прыйдзе (ужо прыходзіць) у нашу частку кантынэнту. І бессэнсоўна супраціўляцца гэтаму і вынаходзіць нейкія ўласныя шляхі грамадзкага разьвіцьця, праводзячы небясьпечныя экспэрымэнты з аўтарытарнымі формамі кіраваньня. А для другіх аранжавая рэвалюцыя — усяго толькі яшчэ адзін сыгнал небясьпекі для ўласнай улады і кар’еры. Сыгнал, пасьля якога яны паспрабуюць яшчэ больш ізаляваць Беларусь ад уплыву звонку.

На заканчэньне — кароткія віншавальныя лісты ад нашых даўніх слухачоў. Вось, напрыклад, некалькі радкоў зь віншавальнай паштоўкі Аляксандра Касінскага зь Менску:

“Шчыра ўдзячны за вашу надзвычай прафэсійную і годную працу. Практычна ўсе перадачы мне вельмі падабаюцца. Яны вельмі шмат значаць для майго самотнага жыцьця. Вельмі добра, што вы ўвялі дадатковую хвалю 25 мэтраў з 18-й да 20-й гадзіны. Раней на маім “Акіяне” было вельмі кепска чаваць Свабоду ў гэты час”.

Яшчэ адзін наш сталы слухач, Леанід Курпатаў зь Ліды, піша:

“Заўсёды быў, ёсьць і буду вашым сябрам. І ня толькі вашым. У іншы час слухаю таксама расейскую Свабоду, “Нямецкую Хвалю”, Бі-Бі-Сі, расейскае радыё. Карацей кажучы, слухаю ўсе радыёстанцыі. Параўноўваю іх інфармацыю і самастойна раблю высновы. Вось толькі зь дзяржаўнага беларускага радыё ды тэлебачаньня атрымаць нечага карыснага нельга, бо там замест навінаў ды інфармацыі — суцэльнае абалваньваньне слухачоў і гледачоў”.

Вельмі прыемна, спадар Курпатаў, што вы ў ліку нашых пастаянных слухачоў. Менавіта такія людзі, якія аналізуюць пачутае і здольныя рабіць самастойныя высновы, найбольш патрабавальная частка нашай аўдыторыі. Але і найбольш удзячная, бо ўмее ацэньваць журналісцкую працу.

А цяпер назаву аўтараў самых цікавых лістоў, якія прагучалі ў аглядзе пошты Свабоды цягам мінулага месяца. У сьнежні пераможцамі прызнаныя Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну (развагі пра стан школьнай адукацыі ў Беларусі, прагучалі 5 сьнежня); Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну — за расповед пра жыцьцё вясковых пэнсіянэраў (агляд пошты 15 сьнежня); Леанід Макаўцоў зь Менску — 19 сьнежня прагучалі ягоныя нататкі аб тым, як эўрапейскія краіны маглі б пакараць беларускіх чыноўнікаў, датычных да фальшаваньняў падчас нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму.

Усе пераможцы гэтага месяца будуць узнагароджаныя кароткахвалевымі радыёпрыймачамі. Віншуем і запрашаем усіх слухачоў да ўдзелу ў нашым конкурсе на самы цікавы ліст на Свабоду.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты з каляднымі й навагоднімі віншаваньні Тацяна Барэль з Асіповічаў, Яўгенія Лазар са Слоніму, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю, Віталь Гусеў з Магілёва, Валер Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну, Уладзімер Зьвернік з пасёлка Чысьць Маладэчанскага раёну, Лілія Ліцьвінава і Леанід Каваленка зь Менску.

Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году! Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG