Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у зоне бедзтва ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі знаходзяцца як мінімум 24 грамадзяніны Беларусі


Альгерд Невяроўскі, Менск Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслан Есін. Гэта толькі тыя асобы, знаходжаньне якіх ў зоне бедзтва пацьверджана консульскімі службамі. У беларускім МЗС гавораць, што гэтыя ды іншыя беларускія грамадзяне 29 і 30 сьнежня хутчэй за ўсё будуць дастаўленыя з зоны бедзтва ў Маскву самалётамі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі.

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслан Есін 28 сьнежня назваў новую лічбу беларускіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, пацярпелых ад нядзельнага цунамі:

(Есін: ) “Па стане на гэты момант 24 грамадзяніны Рэспублікі Беларусь знаходзяцца, па нашых зьвестках, у зоне бедзтва, з 12 усталяваная сувязь. 29 і 30 сьнежня мяркуецца, што ў Маскву будзе арганізаваныя спэцыяльныя авіярэйсы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі. І, магчыма, гэтымі рэйсамі будуць дастаўленыя ў Маскву і беларусы. На жаль, не з усімі пакуль усталяваная сувязь. Амбасадай Беларусі ў Расеі будуць разгорнутыя пункты прыёму грамадзянаў Беларусі ў аэрапортах Масквы. Ім будзе аказвацца неабходная дапамога ў справе аднаўленьня дакумэнтаў і вяртаньня на радзіму”.

У МЗС Беларусі не гавораць, у якіх краінах знаходзяцца гэтыя беларускія грамадзяне. Але нагадаю, 27 сьнежня было вядома аб 39-гадовай грамадзянцы Беларусі, якая знаходзілася ў Шры-Лянцы і 21-гадовай беларусцы на Мальдыўскіх выспах.

Зьвесткі МЗС атрымлівае ад сваякоў і турфірмаў на тэлефон гарачай лініі 222-26-66, а таксама ад супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Маскве. Бо многія беларускія грамадзяне накіроўваліся ў краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі непасрэдна праз расейскія турфірмы. Беларускі консул у Маскве Вячаслаў Стральцоў сказаў, што мае ў гэтай справе сталы кантакт з консульскім дэпартамэнтам МЗС Расеі. Але з самімі беларусамі ў зоне бедзтва ён сувязі ня мае. Урады Інданэзіі, Шры-Лянкі й Мальдыўскай рэспублікі зьвярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай аказаць гэтым краінам гуманітарную дапамогу. Гэтая просьба цяпер разглядаецца адпаведнымі ведамствамі Беларусі.
XS
SM
MD
LG