Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 сьнежня 1798 году нарадзіўся Адам Міцкевіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 і 25 сьнежня

Сёньня ў Беларусі пачынаюцца Каляды. Іх сьвяткуюць усе вернікі-хрысьціяне, апроч праваслаўных, што належаць да Расейскае Праваслаўнае Царквы.

24 сьнежня ў 1491 годзе нарадзіўся Ігнат Лаёла, гішпанскі шляхціц, заснавальнік ордэна езуітаў. У расейскай традыцыі езуіты сталі назыўным імем, вобразам хітрасьці й вераломства. Што да Беларусі, дык гэта не адпавядае гістарычнай праўдзе. Езуіты ў нас сталі галоўнымі арганізатарамі асьветы. Менавіта езуіцкія калегіюмы станавіліся ў нашых гарадах першымі унівэрсытэтамі.

24 сьнежня 1784 году нарадзіўся Зарыян Даленга-Хадакоўскі – дасьледнік гісторыі і мовы. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Гайна каля Лагойску. Скончыў каталіцкую вучэльню ў Слуцку. Даленга-Хадакоўскі стаў самым першым беларускім археолягам – яшчэ ў 1818 годзе ён атрымаў дазвол Віленскага ўнівэрсытэту на раскопкі й пачаў вывучаць старажытныя курганы.

24 сьнежня 1798 году нарадзіўся яшчэ адзін наш зямляк – Адам Міцкевіч, аўтар славутай паэмы “Пан Тадэвуш“. Ён зьявіўся на сьвет на хутары Завосьсе каля Наваградка. У Наваградку скончыў школу і паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт. У сваёй лекцыі ў Калеж дэ Франс у Парыжы Міцкевіч назваў беларускую мову самай гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененай. Праўда, пісаў свае вершы ён па-польску, бо пальшчызна ў ягоны час была ўжо прызнанай літаратурнай мовай, а беларушчына заставалася доляю фальклярыстаў і этнографаў.

24 сьнежня 1904 году прыйшоў на сьвет Алесь Дудар, які стане адным з найбольш таленавітых паэтаў свайго пакаленьня і за свае вершы будзе ў 1937 годзе расстраляны.

24 сьнежня 1942 году гітлераўцы закатавалі Вінцэнта Гадлеўскага, беларускага палітыка і сьвятара. Ксёндз Гадлеўскі быў першы, хто ў сваіх казанях перайшоў на беларускую мову, уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыў Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю і быў рэдактарам газэты “Крыніца”, пераклаў Новы Запавет.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

25 сьнежня ўсе беларусы-хрысьціяне, апроч праваслаўных, сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова. Вернікі Беларускага экзархату Расейскае праваслаўнае царквы адзначаць Хрыстовыя Народзіны пасьля Новага году. Што да Калядаў 25 сьнежня, дык гэтая дата стала важнай і для беларускай палітычнай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень у 1979 годзе ў цэнтры Менску міліцыя разагнала першую Калядную працэсію, якую наладзілі студэнты зь “Беларускай Майстроўні” – арганізацыі, што стане пачаткам усяго арганізаванага адраджэнскага руху ў паваеннай Беларусі.

А 25 сьнежня 1991 году незалежная Беларусь была прызнаная найбуйнейшымі краінамі сьвету на чале з ЗША. “З майго гледзішча, – сказаў неяк былы Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, – нацыянальная гісторыя Беларусі пачалася менавіта ў гэты дзень”.

25 сьнежня 1891 году ў Вішневе на Валожыншчыне нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. Згадаем таксама дзьвюх народны артыстак Беларусі, што прыйшлі на сьвет 25 сьнежня: у 1918 нарадзілася Зінаіда Канапелька, а ў 1936 – Ліля Давідовіч.
XS
SM
MD
LG