Лінкі ўнівэрсальнага доступу

R 20-79-10 – новы экспэрымэнтальны лек супраць тубэркулёзу


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: упершыню за апошнія 40 гадоў эўрапейскія навукоўцы распрацавалі новы лек супраць сухотаў.

Новы лек пад кодавай назвай R 20-79-10 распрацавалі вучоныя з Бэльгіі, Францыі й Вялікай Брытаніі на чале з Коэнам Андрысам (Koen Andries). Кошты працаў пакрывала бэльгійская філія амэрыканскага фармацэўтычнага канцэрну “Johnson @ Johnson”. Навукоўцы лічаць, што новы лек здольны выдаліць з арганізму ўзбуджалніка тубэркулёзу – палачку Коха – значна хутчэй, чым усе дагэтуль ўжываныя прэпараты. Аб гэтым паведамляе навуковы часапіс “Science”.

Усясьветная арганізацыя здароўя афіцыйна лічыць сухоты прычынай “глябальнага крызысу ў галіне аховы здароўя”. Паводле ацэнак экспэртаў, носьбітам палачкі Коха зьяўляецца кожны трэці жыхар Зямлі, хаця большасьць зь іх ня ведаюць пра гэта. Штогод сухоты з клясычнымі сымптомамі хваробы разьвіваюцца ў 9 мільёнаў чалавек, а 2 мільёны чалавек – паміраюць.

Сухоты займаюць другое месца пасьля СНІДу ў якасьці прычыны сьмерці, выкліканай інфэкцыйнымі хваробамі. Дарэчы, гэтыя дзьве эпідэміі адна адну дапаўняюць. У сьвеце 11 мільёнаў чалавек носяць ў сабе абодва сьмяртэльныя мікробы. У носьбітаў палачкі Коха, якія ў дадатак ВІЧ-інфэкаваныя, верагоднасьць захварэць на сухоты значна вышэйшая.

За апошнія 40 гадоў нікому не ўдавалася прыдумаць новы эфэктыўны лек супраць сухотаў, а бактэрыі мелі дастаткова часу, каб выпрацаваць пэўны імунітэт супраць большасьці вядомых на сёньня лекаў. У якасьці асноўнага мэтаду лекары скарыстоўвалі зацьверджаны Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя “кактэйль” з розных антыбіётыкаў. Аднак эфэктыўнасьць гэтага мэтаду падае. “Сьвет тэрмінова патрабуе новых прэпаратаў, якія змаглі б справіцца з мутаванымі бацыламі тубэркулёзу” – кажа аналітык часопісу “Science” Катрын Кэльнэр.

Вучоныя на чале з Коэнам Андрысам вырашылі пайсьці па іншым шляху – адрэзаць клеткі бактэрыяў ад паставак хімічнага “паліва”. Яны засяродзіліся на групе лекаў, якія атрымалі скарочаны англамоўны назоў DARQ (diaryliquinolines). Найбольш пасьпяховым аказаўся лек R 20-79-10. “Новы лек дзейнічае цалкам інакш, чым традыцыйныя антыбіётыкі. Ён паралізуе вытворчасьць ATP, субстанцыі, якая зьяўляецца ўнівэрсальным носьбітам энэргіі ў клетцы. Гэткім чынам лек пазбаўляе бактэрыю энэргіі, альбо, вобразна кажучы, выключае сьвятло”, – кажа прафэсар Андрыс.

Што важна, новы прэпарат зьнішчае і тыя палачкі Коха, якія паспыталі мутацыі і пасьпелі набыць імунітэт ад сучасных лекаў. Ён дзейнічае вельмі дакладна: атакуе толькі мікробы адказныя за сухоты, і не чапае натуральную, бактэрыйную флёру кішэчніка.

Эфэктыўнасьць R 20-79-10 пацьвердзілі выпрабаваньні праведзеныя на мышах. Пасьля месячнага падаваньня новага прэпарату выявілася, што бацылы сухотаў зьнішчаюцца ў два разы хутчэй, чым у выніку тэрапіі традыцыйнымі лекамі, а пасьля двух месяцаў лёгкія грызуноў былі цалкам ачышчаныя ад бактэрыяў. Адкуль такія тэмпы? Аказалася, што новы лек вельмі хутка пранікае ў кроў, а разам зь ёю ў клеткі лёгкіх. Дзякуючы гэтаму, ён зьнішчае мікробы адразу пасьля таго, як яны атакуюць арганізм. Апрача таго, прэпарат вельмі ўпарты. Ён застаецца ў лёгкіх цягам некалькіх дзён і змагаецца з палачкамі Коха нават калі лек прымаць усяго раз у тыдзень.

Аўтары адкрыцьця назвалі вынікі выпрабаваньняў на мышах “шматабяцальнымі”. На іхную думку, таксама ў выпадку людзей можна на палову скараціць час лячэньня, і гэта галоўны плюс новага леку. Справа ў тым, што традыцыйная тэрапія працягвалася ад шасьці да дзевяці месяцаў і была мала эфэктыўная. Многія пацыенты пераставалі прыймаць лекі пасьля двух-трох месяцаў, калі зьнікалі найбольш дакучлівыя сымптомы інфэкцыі. Гэта прыводзіла да звароту хваробы, і пры тым, у больш небясьпечнай форме.

На старонках Science вучоныя паведамілі пра свой чарговы крок: завяршэньне першай фазы выпрабаваньняў на людзях. Новы лек быў пададзены 81 добраахвотніку, каб праверыць, ці ён бясьпечны для чалавечага арганізму. “Вынікі аказаліся станоўчымі. Мы не зафіксавалі ніякіх шкодных пабочных эфэктаў”, – паведаміў Коэн Андрыс.

Цяпер адбываецца другі этап выпрабаваньняў ў часе якога лек падаецца хворым на сухоты. Плянуецца таксама параўнаньне эфэктыўнасьці новага і традыцыйных лекаў. Паводле Андрыса, “калі новы прэпарат будзе дапушчаны да шырокага выкарыстаньня, ён карэнным чынам зьменіць сытуацыю ў галіне барацьбы з эпідэміяй сухотаў”.
XS
SM
MD
LG