Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэнсіі не хапае нават на самае неабходнае. Гатовыя жабраваць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значную частку нашай пошты па-ранейшаму складаюць водгукі на імклівыя палітычныя зьмены ва Ўкраіне. Многія слухачы, якія пішуць на Свабоду, лічаць, што гэтыя зьмены даюць вялікія спадзяваньні на будучыню і беларусам. Пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў Андрэй Валошка са Смаргоні. Ён піша:

“За апошнія тыдні Ўкраіна стала для мяне ўлюбёнай краінай, хоць раней я пра яе нават ня думаў. Тое, чаго так доўга прагнуў сам, атрымаў хтосьці іншы, такі ж самы па існасьці, як і ты… О, як радуецца гэтаму сэрца! Зайздрасьці няма ані… Украіна, віншую ад усяго сэрца! Веру ў тваю перамогу! Усе ведаюць словы з нацыянальных гімнаў нашых суседзяў: “Ешчэ Польска не згінэла…”, “Шчэ не вмэрла Украіна…” А наш вокліч — “Жыве Беларусь!” Ён, мне здаецца, найлепшы, бо ў ім няма павеву ні гібелі, ні сьмерці… Ён жыцьцесьцьвярджальны. Ведаю: наша беларуская нацыя і мова загінуць ня могуць. Я проста ня бачу, якім чынам гэта можа здарыцца. Ва ўсім чужым у нас прысутнічае беларускі акцэнт — куды ні кінь. Ён невынішчальны, і ва ўсім чужым менавіта ён падабаецца мне найбольш. Ён падказвае мне, што настане час, калі на Беларусі будзе ўсё сваё”.

Гістарычныя лёсы Беларусі і Ўкраіны, сапраўды, вельмі падобныя, і гэта прымушае многіх у Беларусі з асаблівай увагай сачыць за тым, што адбываецца на поўдзень ад Прыпяці. Украіна літаральна за некалькі тыдняў стала іншай. Народ прымусіў уладу лічыцца са сваёй воляй. Праўда, для гэтага спатрэбілася цэлае дзесяцігодзьдзе, на працягу якога Ўкраіна ішла зусім не такім, як Беларусь, шляхам. У суседзяў не дайшло да зьнішчэньня незалежных мэдыяў, выцясьненьня апазыцыі з парлямэнту, усталяваньня пажыцьцёвага прэзыдэнцтва і рэжыму аўтарытарнай улады. “Аранжавая рэвалюцыя” абапіралася не толькі на стыхійнае абурэньне вуліцы — таму, відавочна, і перамагла. У сёньняшняй Беларусі сытуацыя зусім іншая.

Ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Генрыха Аўцюкевіча зь вёскі Хмяльнікаўцы Шчучынскага раёну. Ён піша:

“Ганаруся і радуюся за Ўкраіну, якая паўстала супраць падману і несправядлівасьці. Украінцы не пабаяліся рэпрэсіяў з боку рэжыму — і перамаглі. Адмена афіцыйных вынікаў выбараў і паўторнае галасаваньне — гэта, па сутнасьці, перамога народнага кандыдата Віктара Юшчанкі. Я вельмі гэтаму рады. Мне горка і крыўдна за свой беларускі народ, які бачыць, што робіцца ў краіне — і маўчыць. Відаць, нас трэба яшчэ больш ціснуць, пакуль не зразумеем, што трэба рабіць. І што ўжо хопіць цярпець, час падняцца з каленяў і зрабіць тое, што зрабілі Грузія і Ўкраіна.Трэба мяняць і прэзыдэнта, і міністраў, і мясцовыя ўлады.

Мясцовыя чыноўнікі ўвогуле адчуваюць сябе беспакаранымі й робяць, што хочуць.Вось у нас у сям’і трое пэнсіянэраў (у тым ліку двое — інваліды). Раней нам у вёсцы пэнсіі плацілі ў розныя дні — пачынаючы з 6 чысла і да 24-га. Маці й брат атрымлівалі свае грошы 7 і 9-га. А ў гэтым месяцы сказалі, што ў далейшым будуць плаціць у адзін дзень — 18-га. Пэнсіяў нам і так не хапала, а тут выявілася, што трэба чакаць яшчэ паўмесяца. У нас не засталося ні капейкі. Увогуле, жыць з кожным днём усё горш. Пэнсіі дабавілі толькі крышачку, а цэны на ўсё вырасьлі так, што хоць воўкам вый. Мы і так ужо даўно многае ня можам купіць, а цяпер ня зможам купіць і самага неабходнага. Цяпер мне няцяжка зразумець, чаму ў краіне павялічваецца колькасьць злачынстваў. Адбываецца гэта не ад добрага жыцьця. Есьці ўсе хочуць. А безвыходнасьць і беспрацоўе штурхаюць людзей на крымінальны шлях”.

Улада, спадар Аўцюкевіч, сьцьвярджае адваротнае — што дабрабыт расьце, што беспрацоўе ў краіне нязначнае, што злачыннасьць зьмяншаецца… І вось жа, афіцыйна абвешчана, што ўлада найперш працуе дзеля сацыяльна неабароненай часткі насельніцтва. І ўсе жорсткія захады супраць прыватнай ініцыятывы, супраць заможных і пасьпяховых тлумачацца нібыта тым, што трэба абараніць абяздоленых, адабраць у багатых і раздаць бедным. У багатых адбіраюць — і вельмі актыўна і ахвотна. Так адбіраюць, што многія бізнэсоўцы нават паўцякалі адсюль, а іншыя баяцца ўкладваць грошы на радзіме і вывозяць свой капітал.

Тым часам бедных чамусьці менш не становіцца. Чаму? Адказ добра ведае кожны, хто памятае не такую ўжо далёкую гісторыю, калі ўсім савецкім грамадзянам давялося паспытаць вынікаў вялікага сацыяльнага экспэрымэнту. Бальшавікі таксама абяцалі зрабіць шчасьлівымі бедных, адабраўшы маёмасьць у багатых. Багатых зьнішчылі, але бедныя чамусьці заможнымі ня сталі.

Пётар Сьцепановіч са Слуцку заклапочаны тым, што ўлада не выконвае сваіх абяцаньняў, дадзеных перад выбарамі. На яго думку, з гэтым можна эфэктыўна змагацца наступным чынам:

“У Выбарчы кодэкс трэба ўнесьці папраўку, і прадугледзець, што кандыдаты ў дэпутаты перад выбарамі афармляюць свае абяцаньні ў выглядзе дамовы з выбарцамі. Праект дамовы рассылаецца ўсім выбарцам. Грамадзянін у дзень выбараў апускае ў скрыню не бюлетэнь, а падпісаную дамову. А копію гэтай дамовы пакідае ў сябе, як дакумэнт для суду. Калі чалавек падпіша добраахвотную дамову з уладай, тады адпадзе патрэба наладжваць акцыі пратэсту на вуліцах — дастаткова будзе зьвярнуцца з пазовам у суд. І суд спагоніць зь вінаватай асобы, якая не выконвае дамову, нанесеныя страты”.

Пад гэтай сваёй прапановай Пётар Сьцепановіч сабраў 136 подпісаў і 8 сьнежня адвёз у сакратарыят Нацыянальнага сходу — з просьбай, каб дэпутаты ўключылі гэтае пытаньне ў парадак дня сэсіі. Гэта было раніцай. А ўвечары здарылася наступнае:

“А сёмай гадзіне да мяне на кватэру зьявілася міліцыя і пісьмова папярэдзіла, што мая дзейнасьць незаконная. І ў выпадку, калі буду працягваць яе, мяне аштрафуюць на 50 мінімальных заробкаў. Яны патрабуюць, каб я аддрукаваў свае ўлёткі афіцыйна, у друкарні. Але хіба рэальна ў Беларусі аддрукаваць улёткі?”

Цікавая ідэя, спадар Сьцепановіч. Але якія абяцаньні могуць быць запісаныя ў такой дамове? Няцяжка ж здагадацца, чаго чакаюць людзі ад улады: пабудаваць мост, адрамантаваць дарогу, пусьціць аўтобус, адчыніць школу… Ну, дапусьцім, запіша кандыдат у дэпутаты гэта ў сваю дамову. А як выконваць? Дэпутат ня мае на тое ні грошай, ні паўнамоцтваў, ні ўлады. Дойдзе справа да суду, ён пакажа пальцам на райвыканкам, міністэрствы і ведамствы. І каго тады лічыць вінаватым?

Такія б дамовы, спадар Сьцепановіч, больш лягічна заключаць зь мясцовай выканаўчай уладай — са старшынём райвыканкаму, напрыклад. У яго руках уся рэальная ўлада ў раёне. Але ён ад волі мясцовага насельніцтва ніяк не залежыць. Кіраўнікоў раёнаў і гарадоў прызначае на пасады і звальняе выключна прэзыдэнт Лукашэнка. Такія паўнамоцтвы ён замацаваў за сабой у Канстытуцыі 1996 году.

Ліст ад Тацяны Барэль з Асіповічаў. Слухачка піша:

“Ужо больш за дзесяць год цяжар ляжыць на маім сэрцы — цяжар ад бескультур’я і хамства, што пануюць у грамадзтве, ад пастаянных псыхалягічных перагрузак на працы (бо нашы пэдыятры, акрамя мэдычных, павінны вырашаць масу сацыяльных праблем). А тут яшчэ і непагадзь за акном. Але сёньня ў мой кабінэт нечакана завітала Сонейка. Сонейка ў кужэльных кудзерках добразычліва прывіталася са мной па-беларуску: “Добрай раніцы!” І ў пакоі запанавала такая незвычайная шляхетнасьць, павеяла нечым шчымліва родным, блізкім-блізкім. Аказалася, Сонейка завуць Сяргейчык Віталінка. На жаль, цяпер яна прастудзілася і прыйшла да мяне па лекарскую дапамогу.

Я ўважліва выслухала дзяўчынку і яе маму, дала парады. На разьвітаньне пачула нязмушанае: “Дзякуй!” і “Да пабачэньня!” Пайшло дадому маё Сонейка, але яго сьвятло засталося са мной. І адступіў пахмурны дзень за сьцяной, і стала лёгка-лёгка на сэрцы. Цяпер я ўпэўнена: тысячы сонейкаў хутка сагрэюць зьледзянелую нашую краіну”.

Дзякуй, што падзяліліся сваім сьветлым настроем, спадарыня Барэль. Нават у самы змрочны дзень, сярод безнадзейнасьці й адчаю можна адшукаць сьветлае ўражаньне, якое дае сілы жыць і спадзявацца. Вы гэта сваім лістом вельмі пераканаўча паказалі.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Анатоль Жэрдзеў з Гомелю, Павал Чумакоў, Віктар Бута і Валянціна Канановіч зь Менску, Міхаіл Леках з Рыгі, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну і Мікола Канаховіч з Пружанаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG