Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ставяцца да рашэньня Эўразьвязу забараніць уезд на сваю тэрыторыю Л.Ярмошынай і Ю.Падабеду?


Альгерд Невяроўскі, Менск Рада ў справах агульных пытаньняў і вонкавых дачыненьняў 13 сьнежня забараніла ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага зьвязу старшыні беларускай Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай і камандзіру менскага АМОНу Юрыю Падабеду. Як да гэтатага рашэньня паставіліся жыхары Беларусі? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Эўрапейскі Зьвяз забараніў уезд на сваю тэрыторыю старшыні беларускага Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і камандзіру менскага АМОНу Юрыю Падабеду — за фальшаваньне вынікаў выбараў і рэфэрэндуму й за перасьлед мірных дэманстрантаў. Як вы ставіцеся да гэтага рашэньня?”

(Спадар: ) “Я стаўлюся да гэтага скрайне нэгатыўна. Я лічу, што Эўразьвяз павінен у першую чаргу наладжваць з намі кантакт. Гэта шлях, празь які можна вырашыць праблемы”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што яны вельмі слушна зрабілі. Бо фальшаваньне выбараў — гэта ня самы добры ўчынак. І як мне здаецца, за гэта трэба людзей судзіць. І Беларусі трэба хутчэй вызваляцца ад гэтага рэжыму, бо нашае месца ня побач з Расеяй, а побач з Эўразьвязам”.

(Спадар: ) “Трэба мець дастаткова фактаў для такога рашэньня. Можа, гэта так — а можа, і не. Пакуль няма доказнай базы… Калі яна ёсьць, то гэта рашэньне правільнае. Але калі гэта рашэньне палітычнае, то трэба яго разглядаць далей”.

(Спадар: ) “Нармальна”.

(Спадарыня: ) “Калі забаранілі, то ёсьць на тое падставы. Ня проста так жа забаранілі пэўна”.

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, можна было б і дазволіць уезд”.

(Спадарыня: ) “Можа, я не зусім разумею, але думаю, што яны паводзяць сябе няправільна”.

(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю, мне неяк усё роўна”.

(Спадар: ) “Іх справы, што рабіць? Відаць, нейкія матывы існуюць, проста так жа не бывае”.

(Спадар: ) “Адмоўна я стаўлюся. Бо гэтага не павінна быць у прынцыпе”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што выбары прайшлі цалкам законна. Сам я галасаваў за рэфэрэндум, так што гэта ўсё, відаць, падкопы заходніх краінаў, якія ня хочуць наладзіць добрых кантактаў з нашай краінай”.

(Спадар: ) “Мне ўсё роўна”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што правільна. Бо ёсьць за што”.

(Спадар: ) “Каб ставіцца трэба нешта ведаць. А я нічога ня ведаю”.

(Спадар: ) “Забараняць нікому нічога ня трэба. У Беларусі павінна быць свабода і ў Эўропе”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Трэба пускаць. Калі людзі хочуць паўдзельнічаць — чаму б іх не пусьціць”.

(Хлопец: ) “Дадатна. Я ня думаю, што гэта да нечага можа прывесьці, але гэта проста паказвае стаўленьне Эўразьвязу й заходніх краінаў да таго, што робіцца ў нас у Беларусі. У прыватнасьці, той рэфэрэндум, які адбыўся. Ёсьць рэзананс за мяжой — і гэта, у прынцыпе, добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG