Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Памяранчавая” рэвалюцыя ва Ўкраіне не перапыніла паток дробных гандляроў у суседнія беларускія рэгіёны


Казімер Яноўскі, Гомель “Памяранчавая” рэвалюцыя ва Ўкраіне зьмяніла стаўленьне украінскіх грамадзянаў да сваіх уладаў, але не перапыніла паток дробных гандляроў у суседнія беларускія рэгіёны. Украінцы па-ранейшаму вязуць у Беларусь свае танныя харчы, каб мець нейкі заробак. Перамены да лепшага бальшыня гандляроў зьвязваюць у першую з дэмакратычным кандыдатам Віктарам Юшчанкам.

Нягледзячы на будні дзень, на Цэнтральным рынку Гомеля нямала гандляроў з Украіны. Яны прадаюць сьметанковае масла, каўбасы, цукеркі, лімоны, грэцкія арэхі ды іншы харч.

Цікаўлюся, а як зьмянілася сытуацыя з цэнамі падчас выбараў у самой Украіне? Два меркаваньні на гэты конт жыхароў украінскіх гандляроў:

(Гандляр: ) “Цэны пакрысе ўзрастаюць – на проса, хлеб, квартплату, газ, паліва. Бэнзын толькі застаўся пакуль на ранейшым узроўні”.

(Гандлярка: ) “На мясныя прадукты, крупы, муку вышэй цэны прыкладна на 2 грыўны за кіляграм. Да прыкладу, на проса. Кошт мукі ўзрос капеек на 30. Цукар – на месцы. Малако, як звычайна, даражэе ўзімку. За тры літры – 4,5 грыўны. Амаль 5 грывен – трохлітровы слоік. Для Украіны гэта дарагавата”.

Разам з пераменамі ў цэнах зьмянілася апошнім часам шмат і ў сьвядомасьці ўкраінскіх грамадзянаў. Распавядае спадар Леанід з Украіны:

(Леанід: ) “Зьмянілася меркаваньне людзей у стаўленьні да ўраду. Даверу ўжо ніякага не было. Людзям расплюшчылі вочы. Яны сталі больш актыўна браць удзел у выбарах. Хочуць, каб іхні голас быў улічаны, каб не ставілі за іх “птушачку”, дзе каму трэба. Мой голас павінен быць пачуты”.

Паводле украінцаў, “аранжавая” рэвалюцыя высьпела ў грамадзтве. Меркаваньне на гэты конт жыхаркі з гораду Шчорсу:

(Украінка: ) “Людзі паўсталі, бо надакучыла ўжо. За каго хочуць, за таго і галасуюць. Захацелі за Януковіча – за Януковіча. Ходзяць, адкрыта грошы даюць. Ну як так можа быць?! Я – не палітыкан. Але так ужо надакучылі падманы. Дзеля ўладаў усё ёсьць, а для нас, рабочых, нямашака нічога. Робім, робім сумленна – і нічога ня маем. Во гэта сумачка: возім і зарабляем. А яны крадзяжамі жывуць”.

Перамены да лепшага ўкраінцы зьвязваюць з дэмакратычным кандыдатам Віктарам Юшчанкам:

(Украінка: ) “За Юшчанку! Ён у нас дужа разумны чалавек. І сумленны. Ён абяцае нам працу. Украінцы любяць працаваць. Хто будзе працаваць, той будзе ўсё мець. А ў Януковіча двойчы судзімы – які зь яго можа быць прэзыдэнт?!”, – кажа Надзея, украінская грамадзянка з гораду Шчорсу Чарнігаўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG