Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 9 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 9 сьнежня.

“Беларуская крыніца”, 1934 год. Запавет беларускага студэнта з газэты “Студэнская трыбуна”:

“Гарачым сэрцам кахаць Беларусь, быць гатовым для Яе волі аддаць свае маладыя сілы, быць вартаю жалезнай сваёй Бацькаўшчыны; родную мову — найбольшы скарб беларуса — мець у пашане і дбаць аб яе чысьціню і красе; — належаць да ідэйных беларускіх арганізацыяў; усюды і ўсім сьмела прызнавацца ў сваёй беларускасьці; нясьці іншым і паглыбляць сваю веду і сьведамасьць”.

“Советская Белоруссия”, 1944 год. Ліст кіраўніцтва Менскай вобласьці Сталіну:

“Жадаючы паскорыць радасную часіну ўзьняцьця над Бэрлінам сьцягу перамогі, рабочыя, калгасьнікі, службоўцы і савецкая інтэлігенцыя Менскай вобласьці сабралі з сваіх уласных ашчаджэньняў 7.964.645 рублёў грашыма, 1.690.180 рублёў аблігацыямі і 892 цэнтнэры зерня ў фонд абароны нашай любімай Радзімы… Мы просім Вас, наш родны бацька і настаўнік, выкарыстаць гэтыя сродкі на будаўніцтва танкавай калёны “Савецкая Беларусь”.

“Рэспубліка”, 1994 год:

“Чуткі пра тое, што Віктар Ганчар падаў у адстаўку, пацьвердзіліся ўчора на прэсавай канфэрэнцыі, якую і правёў віцэ-прэм’ер. Гаворачы пра адстаўку, Віктар Іосіфавіч падкрэсьліў, што гэта не палітычны дэмарш, аднак у той жа час у яго ёсьць свае ўяўленьні пра доўг перад дзяржавай і народам. Ён адзначыў, што заўсёды падтрымліваў Прэзыдэнта, калі бачыў, што ён імкнецца нешта рабіць ці ня ведае, як гэта зрабіць. У той жа час Віктар Ганчар заявіў, што ня можа падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, калі да ўлады “дарвалася група прайдзісьветаў і авантурнікаў”… Гэта кіраўнік справаў Прэзыдэнта Іван Ціцянкоў, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG