Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 сьнежня 1886 году нарадзіўся аўтар музыкі гімну “Магутны Божа” Мікола Равенскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 2 сьнежня

2 сьнежня 1591 году ў Менску ствараецца брацтва мэталяапрацоўчых рамёстваў – першае цэхавае ўтварэньне ў сучаснай беларускай сталіцы. Наступнымі будуць кравецкі, шавецкі, злотніцкі, рымарскі, цырульніцкі ды іншыя цэхі. Але, як бачым, сваю першую любоў да мэталяапрацоўкі Менск захаваў да сёньняшняга дня, бо нідзе ў Беларусі няма такой колькасьці прадпрыемстваў, што займаюцца менавіта апрацоўкай мэталяў.

2 сьнежня 1989 году нарадзілася слова “Басовішча”. Як сьведчыць журналіст Аляксандар Максімюк, адбылося гэта ўвечары ў горадзе Бельску-Падляскім. У часе мазгавога штурму сярод сяброў Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў у Польшчы (БАС) гісторык Алег Латышонак упершыню прамовіў слова “Басовішча”. Так з наступнага лета стаў называцца самы папулярны беларускі фэстываль рок-музыкі, які штогод праводзіцца за польскай мяжою.

2 сьнежня 1776 году ў маёнтку Юркаўшчына на Мсьціслаўшчыне нарадзіўся Анёл Доўгірд, беларускі філёзаф. Ён выкладаў у школах ордэну піяраў у Лідзе, Шчучыне, Віцебску, быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. Крытыкаваў філязофію Канта за яе фармалізм, дасьледаваў ролю фантазіі ў творчасьці й мастацтве.

2 сьнежня 1886 году ў вёсцы Капланцы былога Ігуменскага павету нарадзіўся Мікола Равенскі. Музычная спадчына гэтага беларускага кампазытара магла б скласьці гонар любому народу. Пры гэтым абсалютна ўсё, што створана Равенскім, створана па-беларуску. Зь іншымі мовамі ён сваю музыку не злучаў ніколі. У самой Беларусі спадчына Равенскага толькі сёньня стала даступнай для шырокае публікі, яна актыўна вывучаецца спэцыялістамі, яе ахвотна выконваюць музыкі. Згадаем толькі адзін, самы вядомы твор Міколы Равенскага – гімн-малітву “Магутны Божа” на верш Натальлі Арсеньневай. Апошнія гады жыцьця кампазытар жыў на эміграцыі, у Бэльгіі, у горадзе Лювэне, дзе кіраваў беларускім студэнцкім харавым ансамблем пры тамтэйшым унівэрсытэце. Памёр Мікола Равенскі ў 1953 годзе.

Два славутыя беларускія спартоўцы адзначаюць сёньня свой дзень нараджэньня: чэмпіён Эўропы, сьвету й Алімпійскіх гульняў вясьляр Уладзімер Парфяновіч, і Аляксандар Зыгмантовіч – футбаліст з найлепшага, чэмпіёнскага складу менскага “Дынама”.
XS
SM
MD
LG