Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зайздрошчу ўкраінцам, якія не далі сябе падмануць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

За мінулы тыдзень мільёны грамадзянаў Украіны даказалі сваёй уладзе, што не дазволяць ёй падлічваць галасы на выбарах так, як гэта ўжо каторы год робіць улада ў Беларусі. Лёс паўднёвых суседзяў хвалюе вельмі многіх беларусаў. Назіраючы за тым, што адбываецца ў гэтыя дні на вуліцах і плошчах Кіева, людзі ў Беларусі міжволі ўспамінаюць нядаўні беларускі рэфэрэндум і спрабуюць зазірнуць у будучыню — найперш у 2006 год, калі павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары.

“Зайздрошчу ўкраінцам, якія не далі сябе падмануць. Уявіць нешта падобнае ў Беларусі немагчыма, — піша нам Ларыса Ваўчок зь Менску. — Хоць мы, здаецца, вельмі блізкія і мовай, і мэнталітэтам. Але якое вялікае імкненьне да свабоды паказалі ў гэтыя дні мільёны ўкраінцаў…Зрэшты, ім гэта зрабіць лягчэй — іх улада не адважылася б кінуць на народ узброеных амонаўцаў з сабакамі ды дубінкамі. А ў Менску ўжо колькі разоў было: супраць тысяч людзей — гвалт, пабоі, арышты, суды, штрафы. Відаць, мы так і застанемся на доўгія гады запаведнікам пасярод эўрапейскага кантынэнту. Калючым дротам нас адгародзяць ня толькі ад Эўропы, але і ад Украіны”.

Ня думаю, спадарыня Ваўчок, што справа дойдзе да калючага дроту. Наадварот, чым меней сярод суседзяў Беларусі будзе заставацца роднасных ёй аўтакратычных рэжымаў, тым больш надзеі на тое, што адбудуцца хуткія зьмены і ў Беларусі. Беларусь ня можа бясконца заставацца выспай на эўрапейскім кантынэнце, на якім адзін за адным адыходзяць у нябыт аўтарытарныя рэжымы.

Cьцяпан Зух з Маладэчна ў сваім лісьце паведамляе, што слухае беларускую “Свабоду” ўжо не адно дзесяцігодзьдзе. Падзеі апошняга часу схіляюць слухача да наступных развагаў:

“Пра тое, што ня так мы жывём і не туды ідзём, між сабой гавораць многія, у тым ліку некаторыя чыноўнікі. Але гэта — у асабістых размовах на кухнях. А выступіць адкрыта — на гэта адважваюцца толькі асобныя людзі. Таму нічога ў нашым жыцьці ў блізкай будучыні ня зьменіцца, усё будзе каціцца па старой каляіне. Няма сярод апазыцыі маналітнага аб’яднаньня кшталту польскай “Салідарнасьці”. Нешта істотнае пры такім рэжыме можна зьмяніць толькі грамадой”.

У якасьці доказу гэтых словаў Сьцяпан Зух згадвае выпадак, удзельнікам якога ён быў у 1948 годзе, калі адбываў пакараньне на поўначы Расеі паводле палітычнага абвінавачаньня. Зноў цытую ліст:

“Да нас у зону ў Інту прывезьлі чарговую партыю асуджаных паводле “палітычнага” 58-га артыкулу. Рознага кшталту шпана — зладзюгі, бандыты — пачалі зь іх зьдзеквацца. Нашы цярпелі, а потым зразумелі, што далей так жыць нельга. Згуртаваліся ўсе разам і далі такі адпор, што “блатныя” з крыкам ды скавытаньнем пабеглі шукаць ратунку ў лягернага начальства. А праз колькі дзён усю гэтую “блатву” з зоны вывезьлі. Засталіся адны мы — “ворагі народу”. Гэтак і ў нас цяпер, усё робіцца з нашай маўклівай згоды. Кім нас лічыць гэтая ўлада? Няўжо за некалькі тысяч рублёў мы гатовыя прадаць уласнае сумленьне?”

Згуртаванае грамадзтва, аб’яднанае адной мэтай — сапраўды, значная сіла. Калі сотні тысяч людзей выходзяць на плошчу — супраць іх бясьсільная любая аўтарытарная ўлада. Гэта даказалі народы ня толькі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, якія сёньня ўжо ўваходзяць у Эўразьвяз. Трынаццаць год таму толькі масавыя пратэсты ў цэнтры Масквы ўратавалі Савецкі Саюз ад рэваншу камуністаў. А ў гэтыя лістападаўскія дні супраць самаўпраўства і хлусьні намэнклятуры паўстала Ўкраіна. Гэта дае вялікія спадзяваньні на будучыню і беларусам.

Мікалай Волін зь Менску па-ранейшаму заклапочаны праўдзівасьцю сацыялягічных зьвестак наконт рэальнага рэйтынгу ўлады і апазыцыі ў Беларусі. Слухач піша:

“Днямі я правёў невялікі экспэрымэнт. Апытаў чатырох звычайных людзей — дзьвюх пэнсіянэрак, чыноўніка сярэдніх гадоў і прадаўшчыцу. Усе яны ў асабістай размове паведамілі, што на рэфэрэндуме галасавалі супраць Лукашэнкі. Тады я пытаюся “А як бы вы адказалі на пытаньне пра тое, за каго галасавалі, калі б вас спынілі ля дзьвярэй выбарчага ўчастку?” І ўсе чацьвёра прызналіся, што схлусілі б — бо баяцца непрыемнасьцяў. Гэта доказ таго, што лічба, якую падаў Інстытут Гэлапа (48% за прапанову Лукашэнкі) — толькі максымальна магчымая. І хоць яна адыграла вельмі важную ролю, бо даказала, што Лукашэнка рэфэрэндум ня выйграў і права балятавацца трэці раз ня мае — гэта лічба насамрэч не дае ўяўленьня пра тое, як у сапраўднасьці прагаласавала большасьць людзей”.

Сапраўды, спадар Волін, фактар страху ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы — вельмі істотны, і ён уплывае на вынікі сацыялягічных апытаньняў. Магу з гэтай нагоды толькі паўтарыць тое, пра што ўжо казаў, адказваючы на вашы лісты 7 лістапада. Сапраўдныя вынікі галасаваньня на беларускім рэфэрэндуме і выбарах невядомыя, і наўрад ці калі-небудзь стануць вядомыя. І, апроч гэтых лічбаў Інстытуту Гэлапа, іншых вартых даверу крыніцаў інфармацыі аб выніках галасаваньня проста няма.

Ліст ад Віталя Саўкі з Гомелю. Слухач піша:

“Пасьля таго, як Лукашэнка паабяцаў забараніць вываз беларускіх дзяцей на аздараўленьне за мяжу, у нас на гэтую тэму шмат гавораць. Дзеці з многіх гомельскіх сем’яў езьдзяць у Італію, Вялікабрытанію, Гішпанію штогод. Для іх гэта як вялізнае сьвята, як новы сьвет пасьля жабрацкага паўгалоднага існаваньня. Дамоў прывозяць вялізныя сумкі падарункаў. Шчасьлівыя і дзеці, і бацькі, многія зь якіх няздольныя забясьпечыць сям’ю нават самым неабходным. Не сустракаў ніводнай сям’і, якая б адмовілася ад вандроўкі свайго дзіцяці альбо адмоўна выказалася пра тыя сем’і на Захадзе, якія прымалі іхнае дзіця. Першы раз нэгатыўны водгук прачытаў 24 лістапада ў газэце “Советская Белоруссия”. Вось што піша нейкая Лілія Бялькевіч з Гомелю, якая тройчы выпраўляла сваю дачку ў Італію: “Дачка цяпер стала зусім чужой. У Беларусі для яе ўсё кепска: і сяброўкі — “калхозьніцы”, і будучыні ў яе тут няма, і народ у нас не такі…” І далей: “Адчуваю я: не свае думкі агучвае, з чужых словаў усё лае. Наступным летам я яе ні за якую мяжу ўжо ня выпушчу, баюся зусім страціць дачку”.

А мне дык здалося, што зусім не свае думкі агучыла гэтая Лілія Бялькевіч. Маці, якая дбае пра будучыню дзіцяці, не напісала б так пра людзей, якія шчыра хочуць дапамагчы абяздоленым беларускім дзецям”.

Мне, спадар Саўка, таксама цяжка ўявіць маці, якая раптам западозрыла, што далёкая італьянская сям’я, штогод выдаткоўваючы тысячы эўра на яе дачку і трацячы мноства асабістага часу, насамрэч робіць гэта не ад сардэчнай дабрыні й спагады, а нібыта ставіць перад сабой хцівыя палітычныя мэты, імкнецца дыскрэдытаваць сьветлую беларускую рэчаіснасьць у вачах дзіцяці.

Гэта бязглузьдзіца — нібы хтосьці за мяжой вядзе прапаганду сярод беларускіх дзяцей, спрабуе настроіць іх супраць улады. Проста дзеці, выяжджаючы за мяжу, назіраюць, супастаўляюць, параўноўваюць. І рана ці позна робяць уласныя высновы — і пра ўмовы жыцьця сваёй сям’і, і пра так званыя дасягненьні беларускай улады, і пра ўласную будучыню. І высновы гэтыя, сапраўды, несуцяшальныя для цяперашняй беларускай улады. Гэта яна, улада, баіцца страціць гэтых дзяцей, а зусім ня Лілія Бялькевіч і тысячы іншых беларускіх маці, якія радыя за сваіх сыноў і дачок, што хоць месяц на год маюць магчымасьць пажыць па-людзку.

А цяпер назаву аўтараў самых цікавых лістоў, якія прагучалі ў аглядзе пошты “Свабоды” цягам мінулага месяца. У лістападзе пераможцамі прызнаныя Віктар Кузьменка са Жлобіна (развагі пра тое, чаму Беларусь працягвае лічыць дзяржаўным сьвятам гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі, прагучалі 7 лістапада); Павал Верабей зь Нясьвіжу — за роздум аб тым, ці магчымае ў Беларусі пераўтварэньне аўтарытарнага рэжыму ў абсалютную манархію (агляд пошты 14 лістапада); Павал Багушэўскі з Новалукомлю — 21 лістапада прагучалі ягоныя нататкі аб адметнасьцях дзяржаўнай ідэалёгіі ў Беларусі.

Усе пераможцы будуць адзначаныя сувэнірамі з сымболікай Радыё Свабода. Віншуем і запрашаем усіх слухачоў да ўдзелу ў нашым конкурсе на самы цікавы ліст на Свабоду. Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Віталь Гусеў з Магілёва, Мікалай Слуцкі зь Менску і Эдуард Тобін-Шляпентох са Смалявічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG