Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму “Таварыству Сьвядомасьці Крышны” адмовілі ў перарэгістрацыі?


Кастусь Бандарук, Прага Мінулым разам мы паведамлялі пра перарэгістрацыю рэлігійных арганізацыяў ў Беларусі. Сярод тых нешматлікіх рэлігійных суполак, якія не былі паўторна зарэгістраваны, апынуліся сябры “Таварыства Сьвядомасьці Крышны”. У сёньняшнім выпуску перадачы “Сымбаль веры” – некаторыя зьвесткі пра гэтую канфэсію, чаму некаторыя лічаць яе сэктай, і як самі крышнаіты ацэньваюць сваю сытуацыю.

(Бандарук: ) “На вуліцах вялікіх гарадоў, у тым ліку ў Беларусі, можна неаднойчы ўбачыць незвычайныя карагоды. Пераважна маладыя людзі ў аранжавых, даўгіх уборах, у сандалях, з бубнамі і званкамі йдуць танцавальным, рытмічным крокам па тратуарах, манатонна сьпяваючы адну і тую-ж фразу: “Гарэ Крышна, Гарэ Крышна, Крышна, Крышна, Гарэ, Гарэ; Гарэ Рама, Гарэ Рама, Рама, Рама, Гарэ, Гарэ”. Людзі зь цікаўнасьцю азіраюцца, здагадваюцца, што гэта нейкая індуская рэлігія, але ж хлопцы і дзяўчаты – мясцовыя. Карагод праходзіць: ён нікому не перашкаджае, і пераважна ніхто яго не чапае. Пасьля на даўжэйшы час гэтыя людзі зьнікаюць з гарадзкога краявіду.

Што гэта за рэлігія? Гэта – крышнаіты, а дакладней – сябры Таварыства Сьвядомасьці Крышны, якое па ўсім сьвеце налічвае каля мільёна вернікаў. Вось, што пра гэтую рэлігію разказаў Алег Ступнікаў – прадстаўнік Міжнароднага Таварыства Сьвядомасьці Крышны ў краінах СНД:”

(Алег Ступнікаў: ) “Сьвядомасьць Крышны – гэта старажытная, монатэістычная рэлігійная традыцыя, якой больш за 5 тысячаў гадоў. Цяпер вучоныя-рэлігіязнаўцы лічаць нас складовай часткай індуізму. Галоўнымі пісаньнямі ў нашай традыцыі зьяўляецца “Багават-гіта”, “Шрымат-Багаватам” і “Чайтані-чырытамрыта”. Наш рух, “Міжнароднае Таварыства Сьвядомасьці Крышны”, прапануе людзям гэтыя шэдэўры вэдычнай клясыкі, гэтае Сьвятое Пісьмо ў выглядзе 80 тамоў на галоўных 80 мовах сьвету. Па-расейску мы выдалі больш за 50 тамоў, і ёсьць нават частковы пераклад на беларускую мову. Усе грамады “Сьвядомасьці Крышны”, якіх вельмі шмат па ўсім сьвеце (цяпер у нас больш як 500 храмаў), вельмі строга прытрымліваюцца вучэньня й практычна ніколі не адхіляюцца ад таго вучэньня, якое нам даў Шыва-Прабхупада на падставе таго, чаму яго вучыў Госпад Чайтані”.

(Бандарук: ) “Алег Ступнікаў згадаў два прозьвішчы. Чайтані – гэта бэнгальскі брамін, вандроўны аскет, прапаведнік і радыкальны рэфарматар з 16 стагодзьдзя. Ён адкінуў каставыя розьніцы і абвясьціў, што незалежна ад паходжаньня вызваліцца ад фізычнага зла можна толькі шляхам “бхакці” – адданасьці Крышне. Мэта крышнаітаў, паводле Чайтані – любіць Крышну гэтак, як яго любілі незьлічоныя каханкі-пастушкі.

Затое Прабхупада (сапраўднае прозьвішча Абхі Чарана Дэ) спрычыніўся да пашырэньня культу Крышны на Захадзе. У пэнсійным узросьце ён эміграваў у Злучаныя Штаты і ў 1965 годзе заснаваў там першыя грамады крышнаітаў. Ён знайшоў спрыяльны грунт сярод тагачаснага руху “гіппі”, умела скарыстаў танец і музыку ды прапанаваў рэлігійны экстаз ў якасьці альтэрнатывы наркатычным экспэрымэнтам.

А вось што Алег Ступнікаў адказаў на пытаньне пра веравучэньне крышнаітаў:

(Алег Ступнікаў: ) “У гэтай традыцыі прынята лічыць першапачатковай, вярхоўнай Асобай Крышну, у перакладзе з санскрыту – “усепрывабны”. Падмурак гэтага вучэньня паклаў 5 тысяч гадоў таму сам Бог-Айцец. Аб гэтым сьведчыць “Багават-гіта”. Яна ў нас выкладавецца ў арыгінале, на санскрыце, бяз ніякіх скажэньняў. Гэтак жа сама і “Шрымат-Багаватам”.

500 гадоў таму гэтае вучэньне ўдакладніў Чайтані Магапрабху, які па ўсім сьвеце лічыцца апосталам любові да Бога. Гэта – уцелаўлененьне Крышны ў выглядзе адданага чалавека, які на сваім ўласным прыкладзе вучыў як пачаць чыстае, адданае служэньне Богу, разьвіць любоў да Бога і дасягнуць дасканаласьці чалавечага жыцьця. Вось гэта аснова нашага вучэньня, а гэтыя прынцыпы аўтарытэтна выкладзеныя ў кнігах “Міжнароднага Таварыства Сьвядомасьці Крышны”.

(Бандарук: ) “Да сказанага ім дадам, што кожны крышнаіт абавязаны штодзённа ахвяроўваць свайму богу прадукты харчаваньня і паўтараць як мінімум 1728 разоў ўдзень мантру “Гарэ Крышна, Гарэ Рама”. Крышнаіты лічаць, што гэтая мантра мае ўнівэрсальны, ачышчальны характар. Дарэчы, яе папулярызавалі “Бітлз” і мюзікл “Валасы”. Яшчэ крышнаіты трымаюцца строгага вэгетарыянства: яны не ядуць мяса, малака ані яек.

Аднак у некаторых краінах, ня толькі з боку іншых рэлігіяў, але і на дзяржаўным узроўні, крышнаіты лічацца дэструктыўнай сэктай. Да такой высновы прыйшоў і Эўрапарлямэнт. Гэтак лічыць таксама айцец Яраслаў Зёла з дамініканскага Цэнтру інфармацыі пра новыя рухі і сэкты:

(Яраслаў Зёла: ) “Справаздача Кортрэля, зробленая 20 гадоў таму, 2 красавіка 1984 году, называе тыя рэлігійныя арганізацыі, якія маюць рысы сэктаў. Сярод іх – Рух Гарэ Крышна. Аўтар справаздачы сьцьвярджае, што гэты рух спасылаецца на філязофію індуізму, але сам індуізм цураецца яго і кажа, што гэта ягоная амэрыканская вэрсія.

Грамада крышнаітаў прываблівае некаторых людзей сваёй філязофіяй, строгім вэгетарыянствам, экзатычнымі, каляровымі аранжавымі ўборамі, сваімі вулічнымі шэсьцямі, танцам і музыкай. Людзі йдуць да крышнаітаў, як, дарэчы, і ў іншыя сэкты, у пошуках таго, чаго ім не дае іхная царква. Мне падаецца, што традыцыйныя канфэсіі павінны сур’ёзна задумацца над сабою, над сваімі недахопамі. Справа ў тым, што пакідаюць царкву людзі нейкім чынам духоўна зьнявечаныя, адкінутыя, праігнараваныя царквою. Яны ідуць у групу, якая адкрывае ім сваё сэрца, якая выяўляе перш за ўсё добразычлівасьць”.

(Бандарук: ) Паводле праваслаўнага Інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтру Сьвятога Ірынея Ліёнскага з Масквы, Прабхупада апісаў 64 служэньні Крышне, зь ліку якіх галоўная – безумоўная паслухмянасьць свайму гуру як самому Крышне. У артыкуле “Таварыства Сьвядомасьці Крышны – як яно на самой справе” гаворыцца, што арганізацыя карыстаецца мэтадамі поўнага кантролю над сьвядомасьцю сваіх сябраў, што яны былі замешаныя ў гандаль наркотыкамі і зброяй, што Хрыстос – гэта пазьнейшае ўцелаўленьне Крышны, таму, паводле Прабхупады, людзі, якія пакланяюцца іншым багам, у найлепшым выпадку – дурні, аслы, сьвіньні, а то і проста дэманы. Дзеля дабра сэкты –паводле маскоўскага цэнтру– можна хлусіць, красьці і нават дапускаць злачынства. Гэта ж пацьвярджае і айцец Яраслаў Зёла:”

(Яраслаў Зёла: ) “Справаздача Кортрэля менавіта гэтак і фармулюе папрокі на адрас крышнаітаў. Там, у прыватнасьці, гаворыцца, што сябры гэтай сэкты грунтуюцца на стараіндускай філязофіі, якая прызнае рэінкарнацыю. Паводле яе, зямное жыцьцё – гэта ўсяго толькі чарговае ўцелаўленьне, таму хлусьня й падман ня маюць значэньня для канчатковага збаўленьня, і яны дапушчальныя. Юрыдычныя абмежаваньні з боку дзяржаўных ўладаў ў розных краінах тлумачацца тым, што сябры сэкты крышнаітаў неаднойчы парушаюць закон. Тут маецца на ўвазе сэксуальныя зносіны, розныя формы гвалту, махлярстваў і гэтак далей”.

(Бандарук: ) “Зразумела, гэта погляд праваслаўных і каталікоў, у якіх падобнае, рэзка нэгатыўнае стаўленьне да крышнаітаў, як, дарэчы, і да іншых так званых “нетрадыцыйных канфэсіяў”. Што тычыцца Беларусі, дык іхнюю насьцярожанасьць падзяляюць дзяржаўныя ўлады. Яны прынялі новы “Закон аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях”, у адпаведнасьці зь якім крышнаіты не атрымалі перарэгістрацыі. Вось што сказаў на гэты конт прадстаўнік менскай грамады крышнаітаў Сяргей Малахоўскі:”

(Сяргей Малахоўскі: ) “Цягам двух гадоў мы змагаліся зь дзяржавай за тое, каб зарэгістраваць тое аб’яднаньне, якое існуе дэ факта, вырашыць пытаньне прыезду замежных настаўнікаў. Гэтая барацьба закончылася тым, што мы прайшлі ўсе судовыя інстанцыі рэспублікі, і ўсюды атрымалі адмову. Калі наблізіўся тэрмін перарэгістрацыі, мы ўбачылі, што застаюцца ў сіле ўсе тыя крокі, якія ўлады прынялі супраць нас да таго. Гэта публікацыя скажонай інфармацыі пра нас у падручніках сярэдніх і вышэйшых школ, пашырэньне ў дзяржаўных СМІ хлусьлівых зьвестак, нібыта мы зьнятыя зь перарэгістрацыі, нібыта адбылася крымінальная справа супраць нашай менскай грамады. Усё гэта завяршылася фіналам – адмовай у перарэгістрацыі і жаданьнем ўладаў выціснуць нас з адзінага храму Крышна ў рэспубліцы. У адказ частка нашых вернікаў падала скаргу ў Камітэт па правах чалавека пры ААН, і цяпер мы чакаем вынікаў разгляду гэтай скаргі”.

(Бандарук: ) “Крышнаіты маюць у Беларусі 7 грамадаў, а для рэгістрацыі неабходна мець 10 суполак. Сяргей Малахоўскі кажа, што калі строга прытрымлівацца новага закону, дык крышнаіты ня маюць магчымасьці займацца ніякай статутнай дзейнасьцю. Справа ня толькі ў забароне вулічных шэсьцяў, але і ў забароне дабрачыннай дзейнасьці”.

(Сяргей Малахоўскі: ) “Наагул, калі гаварыць пра цяжкасьці, то яны тычацца ўсіх пунктаў нашай статутнай дзейнасьці. Практычна, калі пры старым законе наша дзейнасьць выходзіла за яго рамкі, але закон быў лібэральны, ён не канкрэтызаваў усе забароны, то пры новым законе мы практычна нічога не можам рабіць. Мы ня можам распаўсюджваць кнігі, гэта значыць – свае рэлігійныя перакананьні. На вуліцах міліцыя канфіскуе ў нас кнігі, нас праганяюць з гэтых месцаў, на нас складваюцца пратаколы, мы часта плацім штрафы. Нават раздача вэгетарыянскай, асьвечанай ежы не знаходзіць зразуменьня з боку ўладаў, хаця гэта дабрачынная праграма. Мы ж самі знаходзім спонсараў, самі знаходзім грошы. Мы самі рыхтуем стравы, і самі раздаем іх галодным, якіх у нас у рэспубліцы нямала. Але нават у гэтым улады не ідуць нам насустрач”.

(Бандарук: ) “У такой кароткай перадачы немагчыма працытаваць усе аргумэнты “за” і “супраць” крышнаітаў. Кожны, хто зацікавіцца гэтай канфэсіяй, лёгка знойдзе ўсю неабходную інфармацыю. У кожным разе, беларускія крышнаіты ня лічаць сябе сэктай. Яны упэўненыя, што беларускія ўлады дыскрымінуюць іх, і таму шукаюць справядлівасьці ў міжнародных установах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG