Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеў прыбыў Лех Валэнса; людзі Юшчанкі займаюць адміністрацыйныя будынкі


Валер Каліноўскі, Кіеў Лех Валэнса сёньня ў Кіеве выказаў сваё захапленьне змаганьнем украінскага народу за свабоду і паабяцаў сваю дапамогу ў вырашэньне канфлікту, але зазначыў, што толькі самі украінцы змогуць дамагчыся перамогі.

Лех Валэнса, які сёньня прыбыў у Кіеў, з мандатам прадстаўніка АБСЭ, пасьля перамоваў зь Віктарам Юшчанкам выступіў на мітынгу на Майдане незалежнасьці.

Лех Валэнса зьбіраецца правесьці перамовы з іншымі ўдзельнікамі цяперашняга канфлікту ва Ўкраіне, калі тыя пагодзяцца. Ён паабяцаў знайсьці пункты, якія дапамогуць разьвязаць сытуацыю. Якія гэта будуць пункты, можна здагадацца з выказваньняў Віктара Юшчанкі, які гаворачы пра шлях палітычнага ўрэгуляваньня, заявіў пра неабходнасьць перамоваў з уладай пры міжнародным пасярэдніцтве. Паводле Юшчанкі, абодва бакі папярэдне павінны не прызнаць вынікі выбараў.

Але бястэрміновая акцыя пратэсту будзе працягвацца.

Сьпікер Вярхоўнай рады Ўладзімер Літвін таксама заклікаў да перамоваў без папярэдніх умоваў. Літвін прапанаваў прызначыць Юшчанку прэм’ерам пры прэзыдэнце Януковічу.

Тым часам намесьнік міністра эканомікі Алег Гайдук і пракурор Кмеўскай вобласьці Ўладзімер Кравец падалі ў адстаўку ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў выбараў. Юшчанку як прэзыдэнта падтрымалі мэры Івана-Франкоўска, Вініцы, Цярнопаля.

Віктар Юшчанка праводзіць кансультацыі з уплывовымі замежнымі палітыкамі, сёньня ён гаварыў міністраў замежных справаў Фэдэратыўнай рэспублікі Нямеччыны Ёшкам Фішэрам.

Дзясяткі мясцовых радаў па ўсёй Украіне прызналі Юшчанку прэзыдэнтам, сёньня а 15-й гадзіне пачаўся надзвычайны зьезд дэпутатаў мясцовых радаў Украіны. Зьезд праходзіць ва Ўкраінскім доме, які занялі ўдзельнікі акцыі пратэсты. Сёньня мітынгоўцы занялі і некалькі іншых адміністрацыйных будынкаў, у прыватнасьці, будынак прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG