Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутычкі з паўстанцамі ў Фалюджы будуць працягвацца яшчэ некалькі дзён


ФАЛЮДЖА. Амэрыканскія ды ірацкія войскі цяпер кантралююць большую частку Фалюджы , тым ня меньш, паводле амэрыканскіх вайскоўцаў, сутычкі з паўстанцамі будуць працягвацца яшчэ некалькі дзён. Мяркуецца, што паўстанцы сканцэнтраваліся на поўдні Фалюджы. 38 амэрыканскіх і шэсьць ірацкіх жаўнераў загінулі цягам баёў у гэтым горадзе ірацкіх мусульманаў-сунітаў. Раней паведамлялася, што болей за 1000 паўстанцаў былі забітыя. Пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва не паведамляецца, аднак, паводле мясцовых жыхароў, колькасьць ахвяраў значная. Канвой Чырвонага Крыжу заблякаваны амэрыканскімі войскамі і ня можа ўехаць у Фалюджу. Паводле вайскоўцаў горад недастаткова бясьпечны для супрацоўнікаў гуманітарных місіяў. Кіраўніцтва амэрыканскіх войскаў заявіла, што можа арганізаваць дастаўку любой патрэбнай гуманітарнай дапамогі. Марскія пэхацінцы паведамілі, што яны знайшлі ў Фалюджы абезгалоўленае цела жанчыны эўрапейскага паходжаньня. Аданчасова амэрыканскія ды ірацкія войскі вядуць баі за аднаўленьне кантролю над горадам Масул на поўначы Іраку. Танкі і гэлікоптары войска ЗША пачалі абстрэл пазыцыяў паўстанцаў у горадзе Баджы на поўнач ад Багдаду. Арабскія тэлеканалы тым часам паведамілі пра вызваленьне жонкі і нявесткі прэм’ер-міністра Іраку Іяда Аляўі, але захопнікі па-ранейшаму ўтрымліваюць яго стрыечнага брата.
XS
SM
MD
LG