Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая сэрыя тэрактаў у Іраку


САМАРРА. 33 чалавекі забітыя і некалькі дзясяткаў параненыя у выніку сэрыі выбухаў у ірацкім горадзе Самарра. Ля будынку гарадзкой адміністрацыі і ў двух іншых раёнах горада выбухнулі аўтамабілі. Між загінулых – кіраўнік мясцовага аддзелу сіл хуткага разгортваньня. Пазьней сьмяротнік на аўтамабілі з выбухоўкаю урэзаўся у будынак паліцэйскага ўчастка. У выніку паранены мэр Самарры генэрал Тарык Овэйд. Тымчасам аыіяцыя ЗША працягвае бамбаваньне гораду Эль-Фалюджа, які лічыцца месцам дыслякацыі ваяўнікоў. У найбліжэйшы час чакаецца пачатак буйной наземнае апэрацыі супраць паўстанцаў, што знаходзяцца ў горадзе. Адзін з жыхароў Фалюджы, паранены ў выніку начнога бамбаваньня, распавёў карэспандэнту Reuter:

(Фалюджыец:) – Учора вечарам, якраз пасьля малітвы, дзьве ракеты патрапілі акурат ў гэты шпіталь, пабудаваны з дапамогай Саўдаўскай Арабіі для жыхароў Фалюджы. Хіба тут ёсьць ваяўнікі Абу Мусаба Аз-Заркаўі? Тут няма ніякіх ваяўнікоў. Я прашу ірацкі ўрад: мы – вашыя сыны, калі вы – урад Іраку, не атакуйце Аль-Фалюджу.

Раней прэм’ер Іраку Іяд Аляўі заявіў, што жыхары Фалюджы зьвярталіся да ўраду з просьбаю узяць горад пад кантроль. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што атака на Фалюджу можа абвастрыць сытуацыю ў Іраку, выклікаць хвалю абурэньня з боку іракцаў і ускладніць правядзеньне выбараў, заплянаваных на студзень.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр заявіў: ( Баўчэр:) – Сытуацыя ў Фалюджы цяжкая і нестабільная. Для нас і для ўраду Іраку важна як мага хутчэй давесьці да ладу сытуацыю ў Фалюджы і іншых гарадах – дзеля іх жыхароў. Трэба даць ім магчымасьць браць удзел у палітычным працэсе, у выбарах, а не быць закладнікамі у тэрарыстаў і бандытаў.

Больш за 300 тыс. жыхароў пакінулі Фалюджу апошнімі тыднямі, ратуючыся ад баёў паміж ваяўнікамі і арміяй ЗША і ад бамбаваньняў.
XS
SM
MD
LG