Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу наведалі Курапаты


Галіна Абакунчык, Менск Амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу пабывалі ў Курапатах, каб ушанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Гэта першы супольны візыт прадстаўнікоў заходніх дыпляматычных місіяў у Курапаты, які быў прымеркаваны да дня памяці продкаў Дзяды.

Кіраўнікі й прадстаўнікі дыпляматычных місіяў усклалі кветкі да магілаў-крыжоў, да помнага валуна, да мэмарыяльнага знака ў памяць беларускаму народу ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Амбасадар ЗША Джорж Крол сваю прысутнасьць на цырымоніі пракамэнтаваў гэтак:

(Крол: ) “Наколькі я ведаю, тут расстраляныя й пахаваныя беларусы, палякі, габрэі, прадстаўнікі іншых народаў, якія жылі на беларускай зямлі. І, канечне, трэба аддаць даніну павагі ўсім ахвярам рэпрэсіяў. Дай Бог, каб гэта не паўтарылася”.

Джордж Крол і іншыя дыпляматы пагутарылі зь людзьмі, якія прыйшлі ў Курапаты менавіта на Дзяды, каб ушанаваць памяць сваіх закатаваных бацькоў, сваякоў ці знаёмцаў.

Вось што пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў абасадар Літоўскай Рэспублікі Ёнас Паслаўскас:

(Паслаўскас: ) “Стоячы на гэтым трагічным месцы ў Курапатах, дзе загінулі многія беларусы, палякі, расейцы, украінцы й літоўцы, я думаю пра важнасьць памяці, якая так неабходная, як асобным людзям, так і цэлым дзяржавам і народам. Памяць — гэта ня толькі веданьне гістарычных фактаў і прызнаньне вялікіх перамогаў. Сумленная памяць — гэта таксама і прызнаньне трагічных памылак. І вельмі важна ведаць, што ў Беларусі ёсьць тысячы людзей, якія неабыякавыя да таго гістарычнага шляху, па якім прайшоў ваш народ і дзяржава. І гэты шлях быў таксама і праз Курапаты”.

Прадстаўнікі ўладных структураў Беларусі ўдзелу ў цырымоніі ўскладаньня кветак у Курапатах ня бралі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG